Logo Polskiego Radia
Print

Частка прадпрымальнікаў вернецца на рынак

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.03.2015 17:36
  • Частка прадпрымальнікаў вернецца на рынак.mp3
Беларускім ІП дадуць права прадаваць тавары без дакумэнтаў і павялічаць пры гэтым падаткі.
foto:svaboda.orgfoto:svaboda.org

Беларускім індывідуальным прадпрымальнікам дадуць права прадаваць тавары без дакумэнтаў і павялічаць пры гэтым падаткі. Гэта прадугледжана праектам новага ўказа для ІП – паведамляюць афіцыйныя СМІ. Ці гэта верне прадпрымальнікаў на рынкі?

У дадзены момант большая частка прадпрымальнікаў прыпыніла працу, паколькі з 1 сакавіка іх абавязваюць новыя правілы сэртыфікацыі тавараў. Перамовы з прадстаўнікамі ўладаў да гэтага часу не прынесьлі вынікаў. ІП кажуць пра банкроцтвы й пра тое, што будуць вымушаныя канчаткова спыніць сваю дзейнасьць. У суботу на рынках дробныя гандляры распрадавалі астаткі свайго тавару. У нядзелю большасьць гандлёвых кропак была зачыненая.

Сёньня зьявілася інфармацыя аб тым, што ІП дадуць права прадаваць тавары без дакумэнтаў, але пры гэтым падаткі павялічаць. Гаворыцца, што ў цяперашні час падрыхтаваны праект указа, згодна зь якім індывідуальным прадпрымальнікам-плацельшчыкам адзінага падатку прадастаўлена права прадаваць увезеныя з тэрыторыі краін МЗ тавары без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх набыцьцё. Гаворка ідзе пра тавары (акрамя падакцызных), прызначаных для розьнічнага гандлю з выплатай адзінага падатку. Гандляваць імі можна ў гандлёвых аб'ектах (за выключэньнем крамаў) і на гандлёвых месцах на рынках.

Пры гэтым за ажыцьцяўленьне розьнічнага гандлю таварамі без дакумэнтаў прадугледжваецца выплата адзiнага падатку з прымяненьнем павышальнага каэфіцыэнта 2 і выплата ПДВ ў фiксаваных сумах у павялічаных памерах. Падпісаньне праекта ўказа плянуецца ў самы бліжэйшы час.

Да афіцыйнага апублікаваньня дакумэнта, ІП, якія ў сакавіку 2015 плянуюць прадаваць тавары без дакумэнтаў, абавязаны перш прадставіць падатковую дэклярацыю па адзіным падатку й вырабіць выплату адзінага падатку і ПДВ у фіксаванай суме.

Як бачна, сытуацыя разьвіваецца дынамічна. Што гэта азначае для дробных гандляроў – з такім пытаньнем мы зьвярнуліся да старшыні Рэспубліканкага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі. Ён крыху студзіць аптымізм і кажа, што насамрэч пакуль не вядома, які дакумэнт важнейшы й каму павінны верыць гандляры.

А. Шумчанка: Мы маем дачыненьне з падвойнай інфармацыяй. З аднаго боку, чыноўнікі напісалі, што ІП могуць выйсьці на працу. Зь іншага боку, указ прэзыдэнта, якія сьцьвярджае адваротнае, не адменены й не прыпынены. Чыноўнікі заклікаюць ісьці насуперак указу 222. Яны матывуюць гэта тым, што дакумэнт са зьменамі неўзабаве будзе падпісаны. У такой сытуацыі цяжка нешта раіць прадпрымальнікам. Але доўга сядзець без працы людзі ня змогуць. Таму частка прадпрымальнікаў выйдзе на працу, а потым будзе падпісаны ўказ, які значна павысіць падаткі. Улады спрабуюць залатаць дзірку ў бюджэце, бо падаткі не заплачаныя. Паглядзім, што будзе далей.

Калі прадпрымальнікі вернуцца на свае працоўныя месцы і заплацяць большы падатак, то першым, хто гэта адчуе, будзе спажывец.

Поўную вэрсію гутаркі слухайце ў далучаным файле.

ав/Белта

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт