Logo Polskiego Radia
Print

«Русский мир» паглынае Беларусь?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.07.2015 20:02
  • «Русский мир» паглынае Беларусь.mp3
Беларускія экспэрты адзначаюць дзіўную тэндэнцыю: эліты беларусізуюцца, а народ – русыфікуецца.

Ці Беларусь растварыцца ў «русском мире» і немінуча страціць сваю незалежнасьць? Альбо наадварот беларусы пачынаюць адчуваць сябе асобным народам і будуюць сваю, асобную ад Расеі будучыню? На гэтую тэму дыскутавалі сацыёлягі, палітолягі й дыпляматы, запрошаныя на XII Варшаўскую ўсходнеэўрапейскую канфэрэнцыю. Беларускія ўлады й грамадзтва аддаляюцца ад Расеі, але небясьпека страты незалежнасьці застаецца высокай – канстатуюць экспэрты.

Беларускія ўлады ўсё менш арыентуюцца на Расею, і ўсё больш падкрэсьліваюць незалежнасьць краіны. Такія высновы можна зрабіць з прамоваў кіраўніцтва дзяржавы апошніх дзесяці гадоў і яго паводзінаў на міжнароднай арэне. Беларускія ўлады й грамадзтва паволі «беларусізуюцца» – лічыць Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Ён, разам з экспэртамі зь Беларусі і Польшчы прыняў удзел у круглым стале «Беларуская нацыянальная самасьвядомасьць і супрацьстаяньне «русскому миру».

/

А. Казакевіч: Беларускія ўлады становяцца ня столькі праэўрапейскімі, колькі не-расейскімі. Гэтае адмаўленьне зьяўляецца найбольш важным. У сьвядомасьці беларускага грамадзтва за апошнія 20 гадоў адбыліся вельмі значныя зьмены. У сярэдзіне 90-х нават дробныя расейскія палітыкі былі больш вядомымі за беларускіх міністраў. Цяпер гэта ўжо ня так. У гістарычнай памяці беларусаў таксама адбыліся значныя перамены. Нельга сказаць, што ўплыў расейскіх гістарычных мітаў на беларускае грамадзтва за апошнія 20 гадоў павялічыўся. Наадварот, шматлікіх расейскіх мітаў беларусы ўжо проста ня ведаюць.

У апошнія гады сярод адукаванай моладзі значна вырасла цікавасьць да беларускай мовы. Мова перастае асацыявацца з палітычным пратэстам – заявіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.

/

А. Вардамацкі: Мерапрыемства, якое адбываецца па-беларуску, ужо не ўспрымаецца як апазыцыйнае. Адбываецца паніжэньне нэгатыўнага апазыцыйнага ўспрыняцьця беларускасьці. Адбываецца гэта паволі, але такі працэс можна канстатаваць.

Пры гэтым статыстыка выклікае трывогу. Колькасьць студэнтаў, якія навучаюцца на беларускай мове, за апошняе пяцігодзьдзе скарацілася ў 10 разоў. Па-беларуску ў Беларусі навучаецца толькі 10% вучняў!

Беларусізацыя ідзе толькі сярод элітаў. Большая частка грамадзтва імкліва русыфікуецца – пацьвярджае сацыёляг.

А. Вардамацкі: Гэты працэс беларусізацыі ідзе сярод эліты: як сярод людзей, зьвязаных з мастацкай творчасьцю, так і сярод людзей, зьвязаных з навуковай творчасьцю. Сацыялягічныя памеры на вялікіх выбарках такога працэсу яшчэ не паказваюць.

Беларусь паволі спаўзае ў абдымкі Расеі – не пагаджаецца з асьцярожным аптымізмам выступоўцаў былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларус Вітальд Юраш. У Беларусі дамінуе расейская поп-культура, беларусы глядзяць на зьнешні сьвет праз крывое люстэрка расейскай тэлепрапаганды. Аднак галоўны інструмэнт, з дапамогай якога Расея падпарадкоўвае Беларусь – гэта не культура ці палітычныя дамовы. Гэта эканоміка – перакананы былы дыплямат.

Польшча можа дапамагчы Беларусі супрацьстаяць «русскому міру». Дзеля гэтага Втальд Юраш прапануе пайсьці на нестандартны крок – палепшыць стасункі з афіцыйным Менскам.

/

В. Юраш: Польшча можа адыграць у Беларусі большую ролю, чым ва Ўкраіне – як з-за меншых памераў дзяржавы, так і з-за меншай важнасьці Беларусі для Расеі. Аднак каб супрацьстаяць паглынаньню Беларусі мы павіныя адмовіцца ад прымітыўнай думкі, што нам трэба любым коштам дамовіцца з Расеяй. Па-другое, мы павіныя вызначыць, што зьяўляецца нашай мэтай. А нашай мэтай зьяўляецца перш за ўсё незалежная Беларусь, а не Беларусь дэмакратычная.

Незалежнасьці Беларусі пагражае ня толькі рост эканамічнага ўплыву Расеі, зьнікненьне ўласнай мовы й культуры, але й расейскія нацыяналістычныя суполкі, якія актывізаваліся ў краіне.

На працягу апошніх гадоў Крэмль павялічыў фінансаваньне ваенна-спартовых, рэлігійных і культурных арганізацыяў у краінах былога СССР. Казацкія суполкі і прарасейскія спартовыя клюбы адыгралі злавесную ролю ў разьвязваньні вайны на ўсходзе Украіны. Суполкі, якія прапагандуюць «рускі мір» і заклікаюць да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі, дзейнічаюць на беларускай зямлі – кажа праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

/

А. Бяляцкі: У Беларусі актывізаваліся «казакі» якія ўзяліся няведама адкуль. Мы ведаем і пра трэніровачныя лягеры для моладзі, якія ўпакоўваюцца ў ідэі праваслаўя і славянства, але насамрэч распаўсюджваюць ідэі «русского мира». Трэба мець на ўвазе, што ў крызысныя часы людзі, падрыхтаваныя ў гэтых арганізацыях, выстрэльваюць. Яны гатовыя да актыўных антыдзяржаўных дзеяньняў.

Пагроза таго, што Беларусь страціць незалежнасьць, сапраўды існуе, аднак яна не настолькі высокая, як лічаць некаторыя пэсымісты – падкрэсьлівае Алесь Бяляцкі. Лёс беларускай дзяржаўнасьці залежыць ад пільнасьці ўладаў, актыўнасьці саміх беларусаў і разьвіцьця падзеяў ва Ўкраіне. Калі з усіх бакоў Беларусь будуць атачаць самастойныя эўрапейска арыентаваныя дзяржавы, Беларусь таксама будзе станавіцца ўсё больш незалежнай і праэўрапейскай – лічыць экспэрт.

Аляксандар Папко

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт