Logo Polskiego Radia
Print

У Малых Мурынах зьнішчаны гісторыка-культурны помнік

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.08.2015 14:53
  • царква Сьвятога Мікалая.mp3
Драўляная царква Сьвятога Мікалая, якая датуецца 1760 годам, разабраная. (ФОТА)
Мурыны Малыя. Царква Святога Мікалая (1863) Агульны выгляд. Мурыны Малыя. Царква Святога Мікалая (1863) Агульны выгляд. К. Шастоўскі, radzima.org

У Камянецкім раёне, у Малых Мурынах, зьнішчаны гісторыка-культурны помнік. Драўляная царква Сьвятога Мікалая, якая датуецца 1760 годам, разабраная. Таварыства аховы помнікаў заклікае ня быць абыякавымі да справы й зьвяртацца ў пракуратуру.

У рассылцы, якую мы атрымалі ад Таварыства аховы помнікаў паведамляецца, што зьнішчана царква, гісторыка-культурная каштоўнасьць 2-й катэгорыі, якая згодна Дзяржсьпісу датуецца 1760-м годам. «Колькі гнеўных водгукаў, калі талібы, ці баевікі ісламскай дзяржавы руйнуюць помнікі. Пра гэта пішуць у газэтах, паказваюць па тэлебачаньні, у тым ліку па нашых дзяржаўных каналах. А тут зруйнавана царква, а колькі раней помнікаў, якія ў юрысдыкцыі РПЦ зруйнавана, ці сапсавана па ініцыятыве царкоўнікаў, і маўчаньне. Літаральна пара паведамленьняў на ўзроўні сацыяльных сетак,» - піша ў сваім лісьце старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. «Талібан даўно прыйшоў у Беларусь. Зьнішчаецца нашае нацыянальнае багацьце пры поўным патураньні дзяржаўных органаў, органаў праваахоўных. Гэта не пустыя словы. Ці ўзбуджана хоць адна крымінальная справа па фактах руйнаваньня спадчыны, ці яе неабгрунтаванага зьмяненьня? Ці хоць раз мясцовыя органы ўлады, Мінкульт, пракуратура, органы ўнутраных спраў зрэагавалі па падобных фактах адэкватна? Гісторыя пра гэта маўчыць,» - такія моцныя словы Антона Астаповіча чытаем у яго лісьце СМІ.
Ён кажа, што пакуль ня ведае, хто разабраў царкву. Гэта павінна высьветліць пракуратура й прыцягнуць адказных за крымінальнае злачынства.

А. Астаповіч: Я літаральна ўчора даведаўся пра гэты выпадак. У сацсетках зьявіліся здымкі. Я быў вымушаны адрэагаваць і зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу. Пракуратура павінна даць кваліфікаваны адказ, бо ёсьць інфармацыя, што Мінкульт не даваў ніякіх узгадненьняў. Гэта крымінальнае злачынства – зьнішчэньне помніка.

Таварыства аховы помнікаў накіравала электроны зварот у абласную пракуратуру, неўзабаве будзе дасланы пісьмовы ліст. Антон Астаповіч заклікае падтрымаць іх ініцыятыву ды пісаць такія ж звароты.

А. Астаповіч: Я даў прыклад - як і куды пісаць. Калі наша грамадзтва сапраўды хоча захаваць культурную спадчыну, то яно павінна быць актыўным. Калі ня хоча, то адно таварыства Аховы помнікаў нічога ня зробіць.

Вось прыклад ліста, які можна даслаць у пракуратуру:

/

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт