Logo Polskiego Radia
Print

А. Дуда: Нямеччына – стратэгічны партнэр Польшчы

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 28.08.2015 18:11
  • Візыт Дуды ў Нямеччыну.mp3
Прэзыдэнт Польшчы нанёс візыт ў Бэрлін, а асноўнымі тэмамі сталі: усходняя палітыка, саміт NATO ў Варшаве і праблема імігрантаў з Паўночнай Афрыкі.
wikipediawikipedia


Прэзыдэнт Польшчы нанёс візыт ў сталіцу Нямеччыны. Падчас свайго другога замежнага падарожжа ў якасьці галавы польскай дзяржавы Анджэй Дуда сустракаўся з прэзыдэнтам Ёахімам Гаўкам, канцлер Нямеччыны Ангелай Мэркэль і кіраўніком нямецкай дыпляматыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Сустрэчы ў Бэрліне былі прысьвечаныя, у першую чаргу, пытаньням ўсходняй палітыкі, падрыхтоўцы да саміту NATO ў наступным годзе ў Варшаве і праблеме імігрантаў з Паўночнай Афрыкі.

На прэсавай канфэрэнцыі, зладжанай пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Нямеччыны Ёахімам Гаўкам, Анджэй Дуда заявіў пра свой намер будаваць стратэгічнае партнэрства зь Нямеччынай. Паводле яго, такое супрацоўніцтва будзе спрыяць паглыбленьню эўрапейскай бясьпекі.

А. Дуда: Я ўпэўнены, што, працуючы разам, мы можам будаваць бясьпеку ў Эўропе. Мы можам таксама імкнуцца да таго, каб на саміце NATO ў наступным годзе ў Варшаве былі прынятыя слушныя, канструктыўныя рашэньні, якія будуць падмацоўваць ня толькі нашае пачуцьцё бясьпекі, а і будаваць сапраўдную бясьпеку ў будучыні.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда лічыць, што Эўропа павінна задумацца над новай мірнай дамовай па вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію выданьню Die Welt.

Тэрмін Менскіх пагадненьняў заканчваецца напрыканцы году, а канфлікт працягваецца. Па абодвух баках гінуць людзі, у тым ліку мірныя жыхары. Эўрапейскія краіны – Нямеччына, Францыя і іншыя, у тым ліку Польшча, павінны сумесна шукаць шляхі выйсьця з канфлікту, мяркуе кіраўнік Польшчы.

Анджэй Дуда зазначыў, што нельга дапусьціць "замарожваньня" канфлікту на Данбасе. На ягоную думку, "трэба імкнуцца да ўстанаўленьня трывалага міру", і выказаў шкадаваньне, што эўрапейскія палітыкі так і ня выпрацавалі адзінага меркаваньня па гэтым пытаньні.

Прэзыдэнт Гаўк, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што Польшча для Нямеччыны – важны партнэр у Эўрапейскім Зьвязе і NATO. Нямеччына, як і Польшча, зацікаўленая ў разьвіцьці ўзаемнага супрацоўніцтва. Гаўк зазначыў, што па некаторых пытаньнях, такіх як бясьпека, польскі пункт гледжаньня разыходзіцца зь нямецкім. Ён падкрэсьліў, аднак, што Нямеччына будзе выконваць свае дагаворныя абавязацельствы.

Прэзыдэнт Польшчы падзякаваў прэзыдэнту Нямеччыны за імкненьне да ўзаемаразуменьня і пошук агульных каштоўнасьцяў. Гэта, як сказаў ён, дапамагае будаваць добрасуседзкія адносіны. Прэзыдэнт Дуда паведаміў, што падчас двухбаковых перамоваў, апроч пытаньняў бясьпекі ў Цэнтральнай Эўропе, абмяркоўвалася падрыхтоўка да 25-годзьдзя Дамовы аб сяброўстве 1991 году. Прэзыдэнты дзьвюх краін таксама гутарылі пра польска-нямецкі абмен моладзьдзю і вывучэньне моваў суседзяў.

А.Дуда: Я буду за гэтым пытаньнем уважліва сачыць у сваёй дзяржаве. Таксама я прасіў спрадара прэзыдэнта, каб ён скарыстаўся сваім аўтарытэтам і ў Нямеччыне зьвярнуў на гэта ўвагу.

Візыт прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Бэрлін вельмі значны, лічыць гісторык, прафэсар Войцех Рашкоўскі. Гэта другі замежны візыт кіраўніка польскай дзяржавы, які пацьвярджае стратэгічныя напрамкі зьнешняй палітыкі новага прэзыдэнта.

В. Рашкоўскі: Вельмі прадуманы выбар – найперш Усходняя Эўропа і гэтым самым націск на добрае суседзтва з ўсходнім флянгам NATO, і адразу затым – Нямеччына, як галоўны эўрапейскі партнэр Польшчы.

Паводле камэнтатара, гэты візыт дакладна ўпісваецца ў прагнозы, датычныя замежнай палітыкі новага прэзыдэнта.

В. Рашкоўскі: Як сказаў прэзыдэнт Дуда, ён крыху скарэктаваў яе, але без рэвалюцыі. Мы знаходзімся ў Эўропе, Нямеччына - наш важны партнэр. Такія рэаліі. Падкрэсьліваньне непрыязьні партыі Права й справядлівасьць да немцаў, па-мойму, ня мае ніякага сэнсу. Прэзыдэнт Дуда належыць да гэтай партыі, але ён рэалізуе разважлівую палітыку ўмацоўваньня пазыцыі Польшчы, ён ня робіць нічога незвычайнага.

Нагадаем, што 24 жніўня, яшчэ на этапе плянаваньня візыту ў Нямеччыну, прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў аб намеры прапанаваць зьмену фармату перамоў адносна канфлікту ва Ўкраіне, у прыватнасьці пашырыць групу перамоўцаў. “У іх маглі б прыняць удзел Злучаныя Штаты Амэрыкі і суседзі Ўкраіны”, - сказаў прэзыдэнт журналістам пасьля вяртаньня з Эстоніі.

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка адразу ж даў адказ, што ён выключае зьмену нармандзкага фармату перамоў, г.зн. з удзелам лідараў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі.

На наступны дзень, 25 жніўня, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Канстанцін Елісееў паведаміў, што Ўкраіна не выключае пашырэньня складу нармандзкага фармату.

Візыт у Бэрлін быў другім замежным падарожжам прэзыдэнта Анджэя Дуды.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт