Logo Polskiego Radia
Print

Расейскія СМІ фармуюць грамадзкую думку ў былых савецкіх рэспубліках

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.10.2015 18:30
  • Расейскія СМІ фармуюць грамадзкую думку ў былых савецкіх рэспубліках.mp3
"Беларуская аналітычная майстэрня" правяла дасьледаваньні на гэты конт а вынікі былі агучаныя падчас канфэрэнцыя АБСЭ ў Варшаве.
Зьлева: Андрэй Фёдараў, Андрэй ВардамацкіЗьлева: Андрэй Фёдараў, Андрэй ВардамацкіФота: А. Каміньска

Расейскія СМІ аказваюць вялікі ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі ў былых савецкіх рэспубліках. "Беларуская аналітычная майстэрня" правяла дасьледаваньні на гэты конт у Армэніі, Беларусі, Латвіі, Малдове і Ўкраіне. Вынікі дасьледаваньня былі агучаныя падчас канфэрэнцыя АБСЭ ў Варшаве.

З дакладамі выступілі кіраўнік "Беларускай аналітычнай майстэрні" й выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэта Андрэй Вардамацкі й сацыёляг Андрэй Фёдараў. Дакладчыкі пазнаёмілі з аналізам мэханізмаў і сакрэтамі посьпеху расейскага тэлебачаньня па распаўсюдзе расейскага пункту гледжаньня на сусьветныя падзеі сярод насельніцтва былых савецкіх рэспублік.

62% беларусаў давяраюць інфармацыі расейскіх СМІ і падзяляюць меркаваньне наконт далучэньня Крыму да Расеі. Андрэй Фёдараў лічыць, што ў беларусаў звычка глядзець расейскія тэлеканалы.

А.Фёдараў: Гэта спадчына савецкага часу. Нават, калі мы глядзім беларускае нацыяналянае тэлебачаньне яно шмат у чым паўтарае савецкае, а якасьць расейскіх тэлеканала больш высокая. Насельніцтва глядзіць ня толькі забаўляльныя каналы, але і навіны. Атрымлівае інфармацыю адтуль у той трактоўцы, якую падаюць яе расейскія журналісты. Іншага пункту гледжаньня ў Беларусі вельмі мала. Ведаем Белсат, некалькі радыёстанцыяў, але калі мы хочам зьмяніць пункт гледжаньня ўсёй нацыі, трэба каб яны былі нароўні. Спачатку насельніцтву трэба даць магчымасьць натыкацца на іншыя крыніцы інфармацыі, проста пераключаючы каналы.

Андрэй Вардамацкі раскрывае сакрэты папулярнасьці расейскіх тэлеканалаў і падкрэсьлівае тэхналягічны бок навін, які прачыняецца да таго, што глядач прымае пачутую інфармацыю сапраўднай.

А.Вардамацкі: Расейскія СМІ выкарыстоўваюць прасунутыя тэхналёгіі вытворчасьці адпаведнай карцінкі. Гэта часта гераічная праца расейскіх журналістаў. Яны ўспрымаюцца гледачамі як пасіянары, якія рызыкуючы сваім жыцьцём, дастаўляюць інфармацыю, і гэта дае высокі ўзровень даверу. Высокая якасьць карцінкі, якая адбываецца з месца падзей, часта рызыкоўных месцаў, і гэтая карцінка ўспрымаецца як аўтэнтычная. Расейскія СМІ прадукуюць выгляд аб’ектыўнасьці, які падаецца як пункт гледжаньня ўсяго расейскага народу. Ня бачна ангажаванасьці партый, лідэраў ці іншых палітычных дзеячаў.

Расейскае тэлебачаньне распаўсюджвае пэўныя міты. Як заахвоціць беларусаў угледзецца ў праблему і не ўспрымаць інфармацыю расейскіх СМІ адзінай сапраўднай – падказвае Андрэй Фёдараў.

А.Фёдараў: Найперш гэта міт, што ва Ўкраіне фашысты, бандэраўцы і г.д. Я ўпэўнены, што ў значнай часткі беларускага насельніцтва ёсьць альбо сваякі, альбо добрыя знаёмыя, шмат хто зь беларусаў часта бываў там і я ўпэўнены, што ніхто зь іх не сустракаў там ні фашыстаў, ні бандэраўцаў.

Афіцыйная інфармацыя расейскіх СМІ аб катастрафічным стане ва Ўкраіне выгадная таксама беларускім уладам, мяркуе Андрэй Фёдараў.

А.Фёдараў: Бо чым горш ва Ўкраіне, тым лепш свой электарат папярэдзіць да чаго прыводзяць каляровыя рэвалюцыі. Да таго ж, часткова можна сьпісаць эканамічныя праблемы, якія зараз узьніклі ў Беларусі, бо Украіна была другой па гандлі пасьля Расеі. Можна сказаць, што вось з-за гэтага ў нас узьніклі пэўныя праблемы ў эканамічным становішчы. Тым самым падводзяць беларусаў да думкі, што трэба цярпець, абы вайны не было.

Расейскі СМІ аказваюць вялікі ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі таксама ў Армэніі. 77% армян падтрымлівае дзеяньні Расеі ў Крыме. Зьяву тлумачыць Андрэй Вардамацкі.

А.Вардамацкі: Адсотак людзей у Армэніі, якія пазытыўна ставяцца да далучэньня Крыму да Расеі большая чым у Беларусі. Але гэта не зьвязана толькі з тэлевізіяй. Гэта зьвязана таксама з мэнталітэтам. У Армэніі Крым успрымаецца як поўная паралеля з Карабахам.

Паводле дасьледаваньня Беларускай аналітычнай майстэрні 55% беларусаў лічыць, што Эўрамайдан быў антырасейскай нацыяналістычнай акцыяй, якую падтрымалі сакрэтныя службы Захаду.

Прыблізна 30% беларусаў адмоўна ставіцца да ЗША, такая ж колькасьць мае станоўчыя адносіны да амэрыканцаў.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт