Logo Polskiego Radia
Print

Кніжка пра моладзевы супраціў у ПНР атрымала званьне "Кнігі года"

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 14.11.2015 21:47
  • Польшча маладая.mp3
У Варшаве ўручылі прэміі за "Лепшыя гістарычныя кнігі года".
ipn.gov.plipn.gov.pl

Казімеж Краеўскі, Ігар Янкэ, Мацей Гаўлікоўскі, Міраслаў Левандоўскі й Агата Мірэк – гэта найлепшыя аўтары гістарычных кніжак у Польшчы. У конкурсе, які ладзілі Інстытут нацыянальнай памяці й Польскае радыё з Польскай тэлевізіяй, узнагароды былі ўручаныя ў дзьвюх намінацыях.

У намінацыі “Найлепшая навуковая кніжка прысьвечаная гісторыі Польшчы й палякам ў 20 ст.” журы ўзнагародзіла працу Казімежа Краеўскага “На згубленых пастарунках. Армія Краёва на Крэсах Усходніх ІІ Рэчы Паспалітай 1939-1945”.

Ляўрэат адзначыў, што ён цешыцца прэміяй і тым, што пытаньне гісторыі так званых Крэсаў прысутнічае ў публічнай прасторы.

К. Краеўскі: Я вельмі задаволены, што тэматыка Крэсаў вяртаецца, што яна цікавая і што здольная зацікавіць. Я хачу падзякаваць сваім сябрам на Крэсам, розным тамтэйшым супольнасьцям: ветэранам Арміі Краёвай і простым жыхарам страчаных пасьля вайны земляў. Я за апошнія 30 гадоў шмат за што ім удзячны.

Прэмію чытачоў у гэтай жа намінацыі ўручылі Мацею Гаўлікоўскаму і Міраславу Левандоўскаму за публікацыю "No Future! Гісторыя кракаўскай FMW". Гэтая кніга здабыла сімпатыі чытачоў, за яе ў сеціве прагаласавала 4 385 чалавек. Атрымліваючы ўзнагароду, Міраслаў Левандоўскі сказаў, што гісторыя кракаўскай FMW вельмі захапляльная.

М. Левандоўскі: Я сардэчна дзякую. Найперш дзякую журы за ўзнагароду нашай кнізе й за выхад у фінал. Фэдэрацыя змагарнай моладзі – гэта чарговае апісанае намі асяродзьдзе пасьля Фэдэрацыі незалежнай Польшчы – кракаўскае FMW. Там былі маладыя людзі, з рабочага раёна Кракава – Новай гуты. Яны сказалі "Не!" ваеннаму становішчу. Яны не толькі былі супраць гэтай сыстэмы, ім удалося таксама нешта стварыць.

У намінацыі “Найлепшая навукова-папулярная кніга прысьвечаная гісторыі Польшчы ў 20 ст” журы ўзнагародзіла працу Ігара Янкэ. “Крэпасьць. Змагарная салідарнасьць – падпольная армія”. Ад імя мужа прэмію атрымала жонка – Богна Янкэ.

Б. Янкэ: Дзякуй вялікі за гэтую ўзнагароду. Я згодная з рашэньнем журы. Гэта вельмі добрая кніга. Вельмі добра напісаная гісторыя пра Змагарную салідарнасьць. Пра арганізацыю, якая ня вельмі вядомая масам. Альбо маладая. А гэта арганізацыя, якая для Польшчы зрабіла вельмі шмат.

Узнагароду чытачоў у гэтай жа катэгорыі атрымала праца Агаты Мірэк “Цяжкія гады. Вялікія дні. Жаночыя ордэны ў ПНР”, за яе аддалі свае галасы 4106 інтэрнэт-карыстальнікаў. Аўтарка, дзякуючы за ўзнагароду, падзякавала й сваім гераіням.

А. Мірэк: Найперш я хачу падзякаваць цудоўным гераіням маёй кнігі, бо калі б не яны й іх цудоўнае жыцьцё, то гэтай кнігі не было б. Усім манахіням, усім духоўным, якія змагаліся ў часы ПНР і стваралі прыгожую гісторыю, якія даюць магчымасьць ствараць такія кнігі, я вельмі сардэчна ім дзякую. Гэтая кніга прысьвечаная менавіта ім.

Старшыня журы праф. Пётр Франашэк сказаў ПР, што сёньня гістарычныя кнігі вельмі папулярныя ў Польшчы.

П. Франашэк: Да нас на конкурс было пададзена 124 працы. Гэта абсалютны рэкорд у параўнаньні з мінулымі гадамі. Журы з-за гэтага мела вельмі шмат працы. Але мы працавалі вельмі сумленна й дакладна. Я веру, што кнігі ляўрэатаў сёньняшняга конкурса будуць так часта набываць, што ўжо неўзабаве яны стануць мільянэрамі.

Урачыстасьць праходзіла пад ганаровым патранажам прэзыдэнта Анджэя Дуды. У адмысловым лісьце, ськіраваным да ляўрэатаў, прэзыдэнт зазначыў, што навучаньне гісторыі мае вельмі вялікае значэньне. Ліст ад Анджэя Дуды зачытала Уршуля Дарашэўска.

У. Дарашэўска: Сёньня дэскусіі вядуцца не над тым, ці патрэбная гістарычная палітыка й якім павінен быць яе зьмест. Яна датычыць таго, як можна яе праводзіць пасьпяхова. Я лічу вельмі важным, што гэта не рашэньні палітыкаў і чыноўнікаў далі адказы на гэтыя пытаньні. Спрэчку вырашылі самі палякі, асабліва маладыя. Іх захапіла мінуўшчына антыкамуністычнага падпольля й Варшаўскага паўстаньня. Гэта дзякуючы ім ня трэба ўжо сумнявацца над тым, якія моманты нацыянальнай традыцыі для нас галоўныя і блізкія. Яны ствараюць спадчыну нашай супольнасьці й зьяўляюцца нашым гонарам.

Гістарычныя кнігі года абірала журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя польскія гісторыі: Пётр Франашэк, Антоні Дуда, Гжэгаж Лукомскі, Адам Даброньскі, Анджэй Новак і Войцех Рашкоўскі. Прэмія ўручалася падчас цырымоніі ў сядзібе Польскай тэлевізіі ў Варшаве.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт