Logo Polskiego Radia
Print

У Лёндане асьвецяць нарожны камень беларускай царквы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 06.02.2016 08:07
  • Стасевіч.mp3
Гэта будзе першая беларуская каталіцкая царква за межамі Беларусі.
фота з профіля айца С. Стасевіча на Фэйсбуку

7 лютага ў Лёндане будзе асьвечаны нарожны камень царквы сьвятога Кірылы Тураўскага і Ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народа. Ва ўрачыстасьці прымуць удзел Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніё Мэніні й герарх Украінскай каталіцкай эпархіі Сьвятой Сямʼі ў Лёндане Глеб Ланчына.

Беларуская царква будзе пабудавана з драўніны. Яна будзе першай драўлянай царквой у горадзе з часоў вялікага лёнданскага пажару 1666 году. Гэта таксама першая ў гісторыі беларуская каталіцкая царква за межамі Беларусі.

Беларуская царква ў Вялікабрытаніі існуе з 1947 году. Але ніколі не было царкоўнага будынку. Будаўніцтва царквы сьвятога Кірылы Тураўскага і Ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народа будзе завершана ў лістападзе бягучага года.

Душпастыр каталікоў у Лёндане айцец Сяргей Стасевіч адзначае, што царква ў брытанскай сталіцы гэта нешта большае, чым толькі рэлігійная ўстанова. Вакол царквы вядзецца шырокае грамадзкае жыцьцё.

С. Стасевіч: У будынку культурна-рэлігійнага цэнтра Marian House ў нас адбываюцца разнастайныя мерапрыемствы. У нас ёсьць нядзельная школа для дзяцей, курсы беларускай мовы для замежнікаў. Царква ў Вялікабрытаніі займаецца больш шырокай дзейнасьцю на карысьць ведаў пра Беларусь у тутэйшым грамадзтве, каб яно даведалася пра нас больш. Царква будуецца фактычна з гэтай мэтай.

Стварыў праект царквы малады лёнданскі архітэктар кітайскага паходжаньня Цзыўай Рафаэль Со, які зьяўляецца грэка-каталіком і цікавіцца беларускай архітэктурай.

Мерапрыемства адбудзецца 7 лютага ў 10.30 па адрасе: Marian House, Holden Avenue, London, N12 8HY.

Поўную гутарку з айцом Сяргеем Стасевічам слухайце ў далучаным гукавым файле.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт