Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве пачынаюцца курсы Мова Нанова

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 08.02.2016 16:13
  • Мова Нанова ў Варшаве.mp3
Польскае радыё паразмаўляла зь ініцыятарам курсаў у польскай сталіцы Станіславам Раманчуком.

У аўторак у Варшаве пачынаюцца курсы беларускай мовы "Мова Нанова". Сустрэчы будуць праходзіць у Беларускім доме (вуліца Вейска 13/3). Пачатак а 19 гадзіне. Напярэдадні першых заняткаў Дзьмітры Гурневіч паразмаўляў зь ініцыятарам курсаў у польскай сталіцы Станіславам Раманчуком.

Станіслаў, як ідэя “Мова Нанова” дайшла да Варшавы й якая ў гэтым ваша роля?

С. Раманчук: Я ў Польшчы ўжо 10 гадоў. Нядаўна пераехаў з Уроцлава ў Варшаву. Курсы “Мова Нанова” ёсьць ня толькі ў беларускіх гарадах, але ў розных гарадах сьвету. У Варшаве жыве вельмі шмат беларусаў, але я вельмі зьдзівіўся, калі дазнаўся, што тут такіх курсаў няма. Я скантактаваўся зь ініцыятарам гэтых курсаў Глебам Лабадзенкам і спытаў: чаму ў Варшаве да гэтага часу няма моўных курсаў? Глеб адказаў, што гэта пытаньне варшаўскіх беларусаў, чаму яны да гэтай пары іх не арганізавалі. Бо я на такія курсы ахвотна хадзіў бы, хаця беларускую мову ведаю. Але нам усім не хапае практыкі й не хапае інтэграцыі. А гэта была б добрая нагода. Для таго, каб пачаць курс, патрэбнае было памяшканьне, выкладчык і студэнты.

Выкладчыкам будзеце Вы?

С. Раманчук: Так атрымалася, што я. Спачатку я ня быў упэўнены, але Глеб дадаў мне сьмеласьці словамі, што ён таксама не філёляг. Памяшканьне нам дае Беларускі дом у Варшаве. Узімку я туды хадзіў на агляд замежнага кіно па-беларуску й пачаў распытваць людзей, ці хацелі б яны наведваць курсы “Мова Нанова”. Ідэя была добра ўспрынятая. І гэта было ўсё, што нам трэба.

Вас не бянтэжыць, што ў Варшаве актыўная беларуская публіка – гэта ўжо беларускамоўныя людзі?

/

С. Раманчук: Я працаваў у фірме, дзе было шмат людзей з Усходняй Эўропы. Я ведаю шмат людзей зь Беларусі, якія, прыехаўшы ў Польшчу, страчваюць апошнія рэшткі сувязі зь беларускай культурай. Тут яны - руская эміграцыя. Яны інтэгруюцца з расейцамі альбо ўкраінцамі праз рускую мову. Дзяўчаты выходзяць замуж, нараджаюць дзяцей і гэтыя дзеці ўжо размаўляюць па-польску і, магчыма, па-руску. Але беларускай мовы яны ня ведаюць. З майго досьведу, беларускую культуру пасьля прыезду ў Польшчу губяе каля 80% беларусаў. Беларускамоўныя ў Варшаве – гэта актыўная меншасьць. Я таксама валодаю беларускай мовай, але й сам хацеў бы хадзіць на такія курсы, бо нам патрэбная практыка й інтэграцыя. Мы зьбіралі дадзеныя й прасілі запісвацца ў сьпіс. Скажу шчыра, што шмат людзей рабілі памылкі нават у напісаньні па-беларуску ўласнага імя й прозьвішча. Нам ёсьць у чым удасканальвацца.

А не баіцеся, што моўныя курсы стануць проста месцам, куды людзі будуць прыходзіць патусавацца, папіць кавы?

С. Раманчук: Гэта было б здорава. Мы гэтага не баімся. Гэта нават адна з мэтаў. Гэта не акадэмічныя курсы. У Варшаве ёсьць кадэтра беларусістыкі, дзе беларускую можна вывучаць акадэмічна. А мы хочам, у тым ліку, культурна інтэграваць людзей.

Як Вы шукаеце й знаходзіце студэнтаў?

С. Раманчук: Першыя заняткі адбудуцца заўтра. Цяжка сказаць, якая будзе зацікаўленасьць. На кінапрагляды прыходзіла па 20-30 чалавек. Гэта былі кожны раз іншыя людзі. Нейкую базавую прамоцыю мы праводзім у Інтэрнэце, праз Фэйсбук. Спадзяюся, што ў папуляразыцыі дапаможа й сам Глеб з Алесяй Літвіноўскай. У іх багатая база дадзеных.

Што стане фішкай першай сустрэчы?

С. Раманчук: Заняткі будуць адбывацца па менскім узоры. Будзе нейкая жыцьцёвая тэма, сфэра прымяненьня беларускай мовы: спорт, культура, рэстарацыя. Будзе нейкая граматычная тэма. Добра, калі ёсьць госьць. Першыя заняткі будуць уступныя, мы будзем больш казаць пра самыя заняткі, пра беларускую мову. Мы будзем знаёміцца. Таму наша першая тэма – знаёмства па-беларуску. Будзе менш граматыкі. Фішкай будзе наш госьць – гэта беларускамоўная паэтка зь Гішпаніі Анхэла Эсьпіноса. Яна вывучае беларускую філалёгію ў Варшаве.

У Варшаве гэта ня першыя курсы беларускай мовы. Такія курсы для амаль 20 чалавек арганізуе беларуская амбасада. Ці ня будзе канкурэнцыі?

С. Раманчук: Ні ў якім разе. На дадзены момант у нас настолькі вялікая запатрабаванасьць на беларускую мову, настолькі тэма нявыкарыстаная, што можа быць па 10 курсаў. У Менску іх таксама шмат.

Часта чуваць папарок у бок эмігрантаў, што калі яны так любяць родную мову, то няхай едуць і размаўляюць на ёй на радзіме.

С. Раманчук: Трэба, каб у Польшчы было сваё беларускае прадстаўніцтва. Лепш, каб гэта былі людзі, якія ведаюць сваю мову. Некалі адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю нармалізуюцца, і беларуская дыяспара ў гэтым дапаможа. Мы ня можам паўплываць на тое, што шмат людзей сёньня выязджае зь Беларусі, але мы можам паўплываць на тое, каб гэтыя людзі ня страчвалі беларускай культуры, каб яны заставаліся беларусамі. І гэта наша мэта.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт