Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь бяднее, але баіцца пратэставаць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.02.2016 13:03
У панядзелак толькі каля 400 прадпрымальнікаў пратэставала ў Горадні супраць указаў Лукашэнкі.

Рост тарыфаў за камунальныя паслугі, жорсткія законы, глыбокая рэцэсія – Беларусь бяднее, але баіцца пратэставаць. Аб гэтым піша ў выданьні «Gazeta Wyborcza» Анджэй Пачобут з Горадні.

У панядзелак толькі каля 400 прадпрымальнікаў пратэставала ў Горадні супраць указаў Лукашэнкі, якія ўвялі патрабаваньне сэртыфікацыі тавараў. Базары стаяць пустыя, прадаўцы не працуюць, паколькі іх праца стала нелегальнай, але баяцца выйсьці на вуліцу пратэставаць.

Тым часам прычын для пратэстаў становіцца ўсё больш. Беларускі ВУП упаў за год на 4,3%, частка прадпрыемстваў працуе 3-4 дні ў тыдзень. Прычынай каляпсу стала падзеньне цаны нафты, паколькі галоўны даход Беларусь атрымлівае ад нафтаперапрацоўкі. Таксама скараціўся расейскі рынак, які дагэтуль ахвотна прымаў беларускую прадукцыю.

У гэтым месяцы рэзка вырасьлі кошты жыльлёва-камунальных паслуг. Ацяпленьне кватэры, вада, карыстаньне ліфтам падаражэлі на 25-40%. У сувязі з гэтым Лукашэнка заявіў, што ён абураны новымі тарыфамі на паслугі і загадаў арыштаваць дзесятак-другі чалавек, адказных за рост тарыфаў ЖКП. «І тады ўсё стане на свае месцы», – дадаў кіраўнік дзяржавы. «Лукашэнка гуляе ролю добрага цара, мудрыя загады якога перайначваюць дрэнныя баяры», – камэнтуе падзеі палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт