Logo Polskiego Radia
Print

Польскія палітычныя сілы шукаюць выхад з тупіка

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.03.2016 20:30
  • партыі.mp3
У Варшаве лідары важнейшых партый спрабавалі вырашыць крызыс вакол Канстытуцыйнага суда.
Яраслаў Качыньскі (пасярэдзіне, у чорным касьцюме) у атачэньні палітыкаў сваёй партыі накіроўваецца на сустрэчы зь лідарамі апазыцыіЯраслаў Качыньскі (пасярэдзіне, у чорным касьцюме) у атачэньні палітыкаў сваёй партыі накіроўваецца на сустрэчы зь лідарамі апазыцыіPAP/Bartłomiej Zborowski

Сёньня ў Варшаве па просьбе старшыні Сэйму Польшчы Марэка Кухціньскага ( “Права й справядлівасьць”) прайшла сустрэчы прадстаўнікоў васьмі партый, на якой было абмеркаванае пытаньне крызысу вакол Канстытуцыйнага суду Польшчы. Нагадаем, крызыс працягваецца вось ужо некалькі месяцаў і прывёў у самой краіне ня толькі да расколу палітычных сілаў, але й грамадзтва, а на міжнароднай арэне ўсё часьцей гаворыцца пра тое, што ўлады Польшчы парушаюць асноўныя дэмакратычныя прынцыпы й свабоды.

На сустрэчы прысутнічалі лідары кіраючай права-кансэрватыўнай партыі “Права й справядлівасьць” (“ПіС”), права-цэнтрысцкай “Грамадзянскай плятформы”, Польскай сялянскай партыі, лібэральнай партыі “Nowoczesna” (“Сучасная”) ды нацыяналістычнага руху “Кукіз-15”. Гэтыя партыі маюць свае фракцыі ў парлямэнце. На сустрэчу былі таксама запрошаныя лідары пазапарлямэнцкай апазыцыі: Саюзу левых дэмакратычных сіл, права-лібэральнай партыі “KORWIN” да сацыял-дэмакратычнай “Разам”.

А вакол чаго ў Польшчы столькі шуму? Як паведамлялася ня раз у нашым эфіры й на сайце, у канцы 2015 года парлямэнт Польшчы прыняў, а прэзыдэнт Анджэй Дуда падпісаў зьмены ў закон аб Канстытуцыйным судзе. Кіруючая партыі “Права й справядлівасьць”, якая мае большасьць у парлямэнце і з шэрагаў якой таксама прэзыдэнт Дуда, заяўляе, што закон прыняты для таго, каб праца Канстытуцыйнага суда стала больш эфэктыўнай.

У адным са шматлікіх пунктаў закону, зьмененых у парлямэнце, гаворыцца між іншым пра тое, што разгляд справаў у Канстытуцыйным судзе будзе адбывацца паводле чарговасьці іх паступленьня на разгляд. Паводле апазыцыі, гэта прывядзе да таго, што Канстытуцыйны суд будзе заблякаваны, а справы дзяржаўнай важнасьці будуць чакаць “сваёй чаргі” толькі таму, што судзьдзі разглядаюць менш важнае пытаньне, але якое на разгляд паступіла раней.

Зьмены ў закон скрытыкавалі шматлікія міжнародныя структуры й арганізацыі, польскія аб’яднаньні судзьдзяў і юрыстаў ды арганізацыі, якія займаюцца правамі чалавека. Асноўнае абвінавачаньне гучыць так: кіраючая партыя хоча падпарадкаваць сабе Канстытуцыйны суд альбо прынамсі яго паралізаваць, каб судзьдзі “не перашкаджалі” прымаць законы, якія могуць увайсьці ў супярэчнасьць з Канстытуцыяй.

Увогуле, многія аглядальнікі польскай палітычнай сцэны зьдзіўленыя, што сустрэча адбылася, бо старшыня кіроўнай партыі “Права й справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі неаднаразова заяўляў, што па пытаньні Канстытуцыйнага суду на кампрамісы ня пойдзе.

Акрамя згаданага пытаньня, палітыкі таксама размаўлялі пра два вялікія й важныя мерапрыемствы, якія пройдуць у краіне ў ліпеня: гэта Сусьветныя дні моладзі з удзелам Папы Рымскага й саміт NATO.

Лідар партыі “Nowoczesna” (“Сучасная”) Рышард Пэтру задаволены вынікамі сустрэчы ў старшыні Сэйму. Паводле яго, да вырашэньня канфлікту яшчэ доўгі шлях, але “ёсьць сьвятло ў канцы тунэля”.

Р.Пэтру: Да сёньня пазыцыя “Права й справядлівасьці” была наступная: без дыскусіі, нічога мяняць ня будзем. Сёньня ўжо інакш: зьявілася сьвятло ў канцы тунэля, існуе шанц на паразуменьне. Я прыхільнік пошуку палітычных рашэньняў. А што гэта за рашэньне? Пажывём, пабачым.

Старшыня партыі “ПіС” Яраслаў Качыньскі, якога называюць найважнейшым чалавекам у Польшчы, падкрэсьліў важнасьць сустрэчы й пачатку дыялёгу.

Я.Качыньскі: Зразумела, у кожнага свае погляды на пытаньне, але мы сыйшліся ў адным: што інтарэс Польшчы, інтарэс польскага народу заўсёды знаходзіцца на першым месцы. І з такім меркаваньнем згадзіліся ўсе ўдзельнікаі сустрэчы.

У адрозьненьні ад лідараў іншых партый аптымістам не зьяўляецца Гжэгаж Схэтына (Grzegorz Schetyna) – лідар “Грамадзянскай плятформы”. Ён ня лічыць, што сустрэча прынесла нейкі пералом.

Г.Схэтына: Калі я і ўбачыў сьвятло ў канцы тунэля, то гэта было сьвятло бронецягніка, які на нас імчыць, бо мы ня вырашылі ані воднага пытаньня, і кожны з бакоў застаўся пры сваім меркаваньні. Пералом не адбыўся, бакі ня хочуць ісьці на ўступкі, а імідж Польшчы за мяжой надалей застаецца ненайлепшым.

Пры гэтым усе палітыкі згадзіліся ў адным: што трэба размаўляць далей і шукаць выхад з крызысу. Гэта была першая сустрэча, але напэўна не апошняя, бо пра наступныя ўжо заявілі лідары польскіх палітычных партый. І такое рашэньне, нягледзячы на пакуль што адсутнасьць кансэнсусу, можна назваць пахвальным.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт