Logo Polskiego Radia
Print

Дзьве ночы эколягі правялі на даху міністэрства (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.04.2016 13:19
  • Дзьве ночы.mp3
Актывісты арганізацыі «Грынпіс» выкарысталі радыкальную форму пратэсту супраць зьнішчэньня Белавескай пушчы.
PAP/Marcin Obara

На гэтым тыдні экалягічныя актывісты арганізацыі «Грынпіс» выкарысталі радыкальную форму пратэсту супраць зьнішчэньня Белавескай пушчы. А гэта, паводле іх, робіць урад у асобе міністра навакольнага асяродзьдзя Яна Шышкі.

А 9 раніцы ў аўторак, 12 красавіка, актывісты залезьлі на дах міністэрства навакольнага асяродзьдзя Польшчы. Па-першае, яны вывесілі на будынку агромністы транспарант «Цэлая Белавеская пушча – нацыянальным паркам». Па-другое, актывісты заявілі, што застануцца на даху будынку столькі, колькі трэба для таго, каб пачуць ад ураду абяцаньні аховы пушчы.

У двух словах канфлікт эколягаў і ўраду можна апісаць наступным чынам. Апошнія месяцы трывае вострая дыскусія паміж эколягамі й прадстаўнікамі ўраду. Першыя пераконваюць, што чалавек не павінен умешвацца ў жыцьцё Белавескай пушчы. У сваю чаргу міністэрства навакольнага асяродзьдзя павялічыла вырубку дрэваў у гэтым лясным масіве ў сувязі з захворваньнем дрэваў, якія атакуе караед. 1/3 пушчанскіх лясьніцтваў застанецца без умяшальніцтва чалавека. На тэрыторыі 2/3 будзе весьціся лясная гаспадарка.

«Грынпіс» патрабуе ахапіць цэлую Белавескую пушчу аховаю, а гэта значыць прызнаць яе нацыянальным паркам – кажа дырэктар польскага «Грынпісу» Робэрт Цыгліцкі. Адначасова ён адзначае, што яны прапануюць вярнуцца да праекту, які быў прапанаваны некалькі гадоў таму прэзыдэнтам Лехам Качыньскім.

/

Р. Цыгліцкі: Мы лічым, што гэта апошні момант, калі польскі ўрад мае шанец пазьбегнуць міжнароднай кампрамэтацыі. Таксама мы знаходзімся тут, каб задаць пытаньне прэм’еру Бэаце Шыдла й старшыні кіроўнай партыі Яраславу Качыньскаму, ці яны падтрымаюць ідэю Леха Качыньскага. Ідэю пакліканьня нацыянальнага парку на тэрыторыі ўсёй Белавескай пушчы.

Міністар навакольнага асяродзьдзя Ян Шышка на скліканай прэс-канфэрэнцыі запрасіў эколягаў на размову, але ў Белавежу, мясцовасьць у Белавескай пушчы. Міністар нагадаў, што ён распачаўся плян адбудовы пушчы, дзе пануе эпідэмія караедаў.

Я. Шышка: Я запрашаю асобы з «Грынпісу», якія цяпер знаходзяцца на даху будынка міністэрства, да дыскусіі пра пушчу ў пушчы. Дадзеныя аб вымерлых дрэвах павінны быць асновай для дыскусіі.

Міністар Ян Шышка ня раз адзначаў, што Белавеская пушча па віне папярэдніх уладаў занядбаная. Гаворка, між іншым, пра тое, што ў лясным масіве ляжыць 3,5 млн мёртвых дрэваў.

Богдан Пэнкацкі з «Грынпісу» кажа, што яны спрабавалі сустрэцца з чыноўнікамі са сьнежня. Цяпер яны хочуць размаўляць з прэм’ер-міністрам Бэатай Шыдла.

Б. Пэнкацкі: Міністар Ян Шышка зрабіў ужо ўсе, што мог. І зрабіў вельмі кепскія рэчы.

У першы дзень пратэсту на даху будынку знаходзілася 16 чалавек, якія былі падрыхтаваныя, каб правесьці там ноч. Яны мелі спальнікі й запас ежы.

Пасьля зьмярканьня эколягі высьвятлялі на будынку здымкі. Марыянна Гашоўска кажа, што здымкі яны атрымалі ад карыстальнікаў інтэрнэту.

М. Гашоўска: Цэлы дзень мы заахвочвалі асобы, якім не абыякавы лёс пушчы, выказваць сваю падтрымку пушчы й нашым актывістам, высылаючы свае здымкі з карткаю, на якой яны падтрымліваюць нашу прапанову зрабіць цэлую пушчу нацыянальным паркам, ці з хэштэгам «Я люблю пушчу». У сацыяльных сетках мы атрымалі мноства такіх здымкаў. Водгук быў фантастычны. Мы будзем высьвятляць гэтыя здымкі на нашым транспаранце, даючы гэтым асобам шанец быць разам з намі.

Агулам актывісты правялі дзьве ночы на даху будынку міністэрства навакольнага асяродзьдзя. Свой пратэст яны завяршылі ў чацьвер. Эколягі патлумачылі, што гэта не канец кампаніі на карысьць Белавескай пушчы. Гэта канец толькі адной акцыі. Вядома, што заклік эколягаў рэалізаваць прапанову Леха Качыньскага трапіў да прэм’ера Бэаты Шыдла й брата былога прэзыдэнта Яраслава Качыньскага. Але яны не сустрэліся з актывістамі й ня выказалі свайго меркаваньня.

Для «Грынпісу» гэта знак, што яны пакінулі лёс пушчы ў руках міністра навакольнага асяродзьдзя Яна Шышкі. «Мы ўспрымаем гэта як маўклівую згоду на зьнішчэньне нашай прыроднай спадчыны», – казаў Робэрт Цыгліцкі.

Міністар пасьлядоўна паўтарае, што павялічыў вырубку дрэваў у сувязі з неабходнасьцю абароны пушчы ад караедаў. Ян Шышка нагадвае, што ў выніку эпідэміі гэтых насякомых вымерлі дзясяткі мільёнаў дрэў.

/

Калі акцыя на даху будынку міністэрства завяршылася, паліцыя аштрафавала яе ўдзельнікаў. 15 чалавек атрымалі штраф памерам 500 злотых (120 даляраў) за парушэньне правапарадку.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт