Logo Polskiego Radia
Print

Лідары ЭЗ сустрэліся без прадстаўніка Вялікабрытаніі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.06.2016 17:29
  • Лідары ЭЗ.mp3
Дональд Туск: За выхад з Эўразьвязу Вялікабрытанія дорага заплаціць.
Photo: PAP/EPA/JULIEN WARNAND

Пра будучыню Эўрапейскага Зьвязу пасьля брытанскага рэфэрэндуму сёньня ў Брусэлі размаўлялі лідары 27 краінаў ЭЗ. Гэта першая такая нефармальная сустрэча без удзелу Вялікабрытаніі.

Лідары 27 краін Эўразьвязу патрабуюць у Злучанага Каралеўства, каб пасьля выхаду з эўрапейскай супольнасьці краіна гарантавала грамядзянам ЭЗ усе эўрапейскія свабоды. Перш за ўсё гаворка ідзе пра свабоду працаўладкаваньня грамадзян ЭЗ на тэрыторыі супольнасьці. Гэта ўмова, якую Эўразьвяз ставіць Вялікабрытаніі ў выпадку, калі брытанскія кампаній хочуць захаваць доступ да адзінага рынку. І менавіта такой заявай завяршылася неафіцыйныя сустрэча лідараў 27 краін ЭЗ у Брусэлі.

Пра супольную пазыцыю сяброўскіх краінаў паведаміў кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск.

/

Дональд Туск: Эўропа павінна выразна паказаць, што выхад з Эўразьвязу – гэта не спосаб на паляпшэньне сваёй сытуацыі, і што гэта ня можа стаць прывабнай мадэльлю для ўсіх астатніх краінаў. За выхад з Эўразьвязу Вялікабрытанія дорага заплаціць, зразумела, калі мы будзем пасьлядоўна абараняць свае інтарэсы. Гэта вельмі важны прынцып, і асабліва для палякаў.

Лідары 27 краінаў абмяркоўвалі розныя сцэнары выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу. Дарэчы, яны прэзэнтавалі розныя ідэі, датычныя напрамкаў разьвіцьця Эўразьвязу ў будучыні.

Адныя зьяўляюцца прыхільнікамі больш цеснай інтэграцыі вызначанай групы краінаў, другія робяць стаўку на Эўропу як зьвяз сувэрэнных краінаў і на ўмацаваньне паасобных дзяржаў-сябраў.

Прэм'ер-міністар Бэльгіі яшчэ перад пачаткам сустрэчы пераконваў, што падзел Эўразьвязу непазьбежны. Шарль Мішэль (Charles Michel) дадаў, што трэба з пашанай прыняць волю краін, якія хочуць разьвівацца хутчэй чым іншыя сябры ЭЗ.

„Шматвэктарная Эўропа - гэта маё крэда. Я думаю, што гэта ілюзія, што ўсё можа быць зроблена ў групе 27-і краін, бо гэта азначае застой”, - сказаў кіраўнік ураду Бэльгіі.

Тым часам кіраўнічка польскага ўраду Бэата Шыдла перасьцерагае, што падобныя ідэі могуць прывесьці да распаду Эўразьвязу.

/

Бэата Шыдла: Калі эўрапейскія палітыкі адказна й шчыра заяўлялі, што зьяўляюцца прыхільнікамі адзінства й саюзу 27-і краінаў, то яны павінны адмовіцца ад размоваў на тэму ўзьнікненьня больш або менш элітарных групаў дзяржаў у рамках ЭЗ.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы згодныя з тым, што з брытанскага рэфэрэндуму абавязкова трэба зрабіць высновы. Гэта ў сваю чаргу будзе патрабаваць правядзеньня рэформаў, у тым ліку перагляду Дамовы аб Эўразьвязе.

Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманьскі падкрэсьліў, што Польшча ніколі ня будзе ўносіць прапановаў па зьменах, датычных абмежаваньня свабоднага перамяшчэньня людзей, паслуг, тавараў і капіталу. Паводле яго, у гэтым аспэкце Эўразьвяз працуе бездакорна й прыносіць карысьць грамадзянам і прадпрыемствам.

/

Конрад Шыманскі: Калі нехта захоча размаўляць пра нейкія зьмены ў гэтым аспэкце, то мы наадварот будзем заахвочваць да ўмацаваньня гэтых свабодаў ва ўсіх чатырох галінах.

Дамова аб Эўразьвязе бярэ таксама пад увагу магчымасьць свабоднага працаўладкаваньня грамадзянаў ЭЗ на тэрыторыі сяброўскіх краінаў.

Гэткая магчымасьць успрымаецца ў Вялікабрытаніі як пагроза. Паводле брытанскага прэм’ера, гэта менавіта яна прывяла да таго, што брытанцы падтрымалі „брэксіт”. На гэтую свабоду малапрыхільна глядзяць таксама ў іншых краінах, у тым ліку, у Францыі, Нідэрляндах і Даніі.

Польшча гатовая размаўляць на гэтую тэму. „Мы гэтага не пазьбегнем”, - кажа Шыманьскі.

Конрад Шыманскі: Гэта пастаянны элемэнт і адна з найбольш атрутных справаў у галіне інтэграцыі, бо цяпер яна зьнішчае давер да інтэграцыі. Калі мы канчаткова ня вырашым гэтай праблемы, то яна будзе вяртацца пры чарговых нагодах.

У Брусэль прыбыла таксама кіраўнічка аўтаномнага ўрада Шатляндыі Нікола Старджэн (Nicola Sturgeon). Яна размаўляла з палітыкамі ЭЗ пра будучыню сваёй краіны ў супольнасьці.

Учора ў парлямэнце Шатляндыі ў Эдынбургу Старджэн тлумачыла, што трэба акрэсьліць шатляндзкія інтарэсы й пазыцыю краіны ў Эўропе. Яна падкрэсьліла, што падрыхтаваная да рашучай абароны месца Шатляндыі ў Эўразьвязе й абвясьціла аб стварэньні ў Эдынбурзе рады экспэртаў, якая павінна дапамагаць ураду па гэтым пытаньні.

/

Нікола Старджен: Рада будзе аналізаваць уплыў прапанаваных зьменаў у адносінах паміж Вялікабрытаніяй і ЭЗ на інтарэсы Шатляндыі. Ейныя сябры будуць таксама дапамагаць нашым міністрам у перамовах, каб як найлепш рэалізаваць шатляндзкія інтарэсы.

Нагадаем, у чацьвер каля 52% брытанцаў прагаласавалі за выхад Злучанага Каралеўства з Эўразьвязу. У сваю чаргу ў Шатляндыі супраць „брэксіту” галасавала большасьць выбаршчыкаў, то бок 62%.

Пасьля сёньняшняй сустрэчы ніхто не спадзяваўся якіх-небудзь абавязковых рашэньняў.

„Гаворка ідзе пра тое, каб паказаць адзінства Эўразьвязу й аб'явіць аб далейшай працы па рэформах”, - сказаў адзін з дыпляматаў. Ён дадаў, што пакуль рана абмяркоўваць перагляд Дагавора аб Эўрапейскім Зьвязе.

Лідары 27 сяброўскіх краінаў таксама заклікалі Вялікабрытанію як мага хутчэй перадаць афіцыйную заяву на выхад з супольнасьці, паколькі толькі тады могуць пачацца сапраўдныя перамовы па гэтаму пытаньню.

Наступная неафіцыйная сустрэча лідараў 27 краін ЭЗ заплянаваная ў верасьні ў Браціславе.

ФОТА: PAP/EPA/OLIVIER HOSLET/PAP/Radek Pietruszka/PAP/EPA/JULIEN WARNAND/PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт