Logo Polskiego Radia
Print

Тысячы маладых людзей з усяго сьвету прыехалі ў Польшчу (ФOTA)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.07.2016 13:51
  • Тысячы маладых людзей.mp3
«Для гэтай моладзі – гэта падарожжа жыцьця», – кажа сьвятар з Гандурасу.
PAP/Marcin Bielecki

Пілігрымы, якія прыехалі на Сусьветныя дні моладзі, моляцца, сьпяваюць, знаёмяцца з Польшчай. Учора ў Польшчу пачалі прыяжджаць маладыя людзі з усяго сьвету. 20 ліпеня распачаўся гэтак званы Місійны тыдзень, цягам сямі дзён удзельнікі СДМ будуць знаходзіцца ў розных польскіх гарадах, а 27 ліпеня паедуць у Кракаў на сустрэчу з Папам рымскім.

/

Місійны тыдзень – гэта ня толькі духоўная падрыхтоўка, але знаёмства з палякамі (пілігрымы жывуць у польскіх сем’ях), знаёмства з польскай культурай і гісторыяй. Гэта таксама вялікі досьвед для польскіх сем’яў, якія госьцяць у сябе іншаземцаў, часта зь вельмі далёкіх, а нават экзатычных краін.

Група 118 маладых людзей з Гватэмалы з 16 ліпеня жыве ў парафіі сьвятога Юзэфа ў Прушкаве. Пілігрымы былі ў Чэнстахове, а сёньня наведваюць Нацыянальны музэй у Варшаве. Гватэмалцы захопленыя гасьціннасьцю палякаў і Польшчы.

Удзельнікі СДМ з Гватэмалы: Цудоўная краіна, цудоўныя людзі, мне падабаецца ў Польшчы. Я б хацеў паглядзець, як людзі з цэлага сьвету аб’ядноўваюцца й моляцца на многіх мовах, праслаўляючы Сьвятога духа й Бога. Калі мы былі ў Чэнстахове, я мог паглядзець гэтае незвычайнае месца і вобраз Маці Божай. Яе позірк казаў мне: Я цябе кахаю, ты мой сын. Гэта вельмі важна для нас.

/

Італьянкі, якія трапілі ў лодзкую сям’ю, задаволеныя тым, як іх прымаюць у Польшчы.

Удзельніцы зь Італіі: Гэта вельмі добрыя людзі, яны даюць нам дасканалую апеку. Мы вельмі добра сябе адчуваем у сем’ях. Мы вельмі радыя гэтаму.

У Гродзіску Мазавецкім знаходзяцца каля 100 чалавек з Гандурасу. У цэлай Польшчы іх каля 300. «Для гэтай моладзі – гэта падарожжа жыцьця», – кажа ксёндз Абдэль Францыска Кардон.

А. Ф. Кардон: Моладзь з Гандурасу хацела паглядзець зямлю, на якой сьвяты Ян Павал ІІ даў пачатак Сусьветным дням моладзі. І прыняць удзел у значнай падзеі, якой зьяўляюцца СДМ. Моладзь з Гандурасу, а таксама зь іншых краін, атрымлівае тут найперш досьвед супольнасьці Касьцёла. Яна глядзіць, якім вялікім зьяўляецца Каталіцкі касьцёл, якая гэта вялікая супольнасьць розных народаў. Потым моладзь зможа расказаць пра гэта сваім братам і сёстрам у сябе дома.

Цёмнаскурыя пілігрымы, апранутыя ў каляровыя касьцюмы прыехалі ў парафію сьвятога Міхаіла Арханёла ў Варшаве. Ксёндз Конрад Біскуп кажа, што цяпер парафіяне маюць нагоду, каб пазнаёміцца зь цікавымі людзьмі, якія прыехалі з францускіх выспаў Уоліс і Футуна ў Ціхім акіяне.

К. Біскуп: Уоліс і Футуна, дзьве выспы, якія знаходзяцца ў Ціхім акіяне далёка-далёка за Аўстраліяй. На гэтых маленькіх выспах жыве 14 тысяч чалавек. Нам давялося прымаць гэтую экзатычную групу, мы пагадзіліся зь вялікай радасьцю. Гэта таксама значная падзея для нашых парафіян – пазнаёміцца з калатікамі з цалкам іншага сьвету, бо хіба так іх трэба назваць.

«Пілігрымы захопленыя нашай краінай», – пацьвярджае катавіцкі мітрапаліт арцыбіскуп Віктар Скворц. У Катавіцкую дыяцэзію прыехала 14 тысяч чалавек

В. Скворц: Уражаньні вельмі станоўчыя, паколькі яны адчуваюць блізкасьць, сардэчнасьць і сямейнасьць. Моладзь вельмі цешыцца, што яны знаходзяцца ў сем’ях, а не ў гатэлях ці ў спартыўных залях. У сем’ях яны могуць пабачыць, як выглядае жыцьцё ў Польшчы.

/

Езуіт Якуб Шэлька з варшаўскай парафіі сьвятога Андрэя Баболі ўжо цяпер бачыць плёны СДМ.

Я. Шэлька: Падчас гэтага тыдня мы будзем прымаць 62 піліграмаў з Арубы й Канады. Яны будуць жыць сярод нашых парафіян. Ужо цяпер бачна, што для нас плёнам Сусьветных дзён моладзі будзе тое, што мы ўтвараем адну супольнасьць. Мы вельмі розныя, з рознымі характарамі, але знаходзім агульную мову. І гэта ўжо вялікі плён Сусьветных дзён моладзі.

Атмасфэра ў польскіх парафіях вельмі радасная – сьпяваюць і танцуюць як польская моладзь, так і іх замежныя госьці. Пілігрымы з цэлага сьвету маюць тыдзень, каб пазнаёміцца з польскай культурай і адчуць польскую гасьціннасьць. 27 ліпеня ў Кракаве пачынаюцца непасрэдныя ўрачыстасьці СДМ з удзелам Папы Францішка.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт