Logo Polskiego Radia
Print

Польскі Сэйм прыняў адозву па Валынскай разьні

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 22.07.2016 16:30
  • 11 ліпеня Днём памяці.mp3
Прыняты дакумэнт вызначае 11 ліпеня Днём памяці пра палякаў – ахвяр генацыду АУН-УПА.
http://wolyn.org

11 ліпеня прызначаны днём Памяці ахвяр чыстак палякаў на Валыні. Экспэрты камэнтуюць наступствы дадзенага рашэньня для польска-ўкраінскіх адносін.

11 ліпеня 1943 года мела месца масавая акцыя атрадаў АУН-УПА па пацыфікацыі 99 польскіх вёсак, у выніку якой загінула некалькі тысяч палякаў. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы падлічыў, што цягам 1943-45 гг. на Валыні ды ў Малапольшчы загінула каля 100 тысяч жыхароў краіны ў даваенных межах. З украінскага боку ў выніку акцыяў помсты з боку палякаў загінула каля 12 тысяч чалавек.

У пятніцу польскі Сэйм прыняў адозву ў справе Валынскай разьні. За прагаласавалі 432 дэпутаты, устрымаліся 10. Прыняты дакумэнт вызначае 11 ліпеня Днём памяці пра палякаў – ахвяр генацыду АУН-УПА на памежных тэрыторыях міжваеннай Рэчы Паспалітай. Ініцыятар адозвы, дэпутат партыі “Права й справядлівасьць” Міхал Дворчык заявіў, што спадзяецца на тое, што дадзены дакумэнт паспрыяе збліжэньню паміж палякамі ды ўкраінцамі.

Міхал Дворчык: Я веру, што прыняты ў памяць ахвяр злачынства дакумэнт абудзіць працэс аналізу падзей як у Польшчы, так і ва Ўкраіне. Я веру, што такі дыялёг правядзе нас да сапраўднага, а не дэкляраванага міру ды згоды. Я веру, што надыйдзе час, калі кожны забіты мірны жыхар, незалежна ад веры ды нацыянальнасьці, будзе мець помнік, хаця б крыж на месцы яго сьмерці альбо пахаваньня.

У прынятай адозве гаворыцца, што арганізаванасьць ды масавасьць злачынства на Валыні ды ва ўсходняй Малапольшчы мае характар этнічнай чысткі ды генацыду. Дакумэнт ўшаноўвае памяць грамадзян міжваеннай рэспублікі, якія трагічна загінулі ад рук украінскіх нацыяналістаў. Выказваецца павага ды падзяка жаўнерам Арміі Краёвай ды батальёнам самаабароны за ратаваньне жыцьця суседзяў. Таксама дакумэнт заклікае да ўшанаваньня месцаў памяці трагедыі ды да годнага пахаваньня ахвяр. Таксама выказваецца салідарнасьць з Украінай, якая змагаецца з вонкавай агрэсіяй.

Нягледзячы на гэта, частка польскіх экспэртаў выказвае занепакоенасць тым, што прыняты дакумэнт можа прывесьці да абвастрэньня ў польска-ўкраінскіх адносінах. Гаворыць Вольга Паповіч з украінскага фонду “Наш выбар”.

Вольга Паповіч: Як бачым, вельмі часта радыкальныя колы выкарыстоўваюць гэта супраць Украіны. Магчыма, гэта шырэй ударыць па ўкраінскай дзяржаве.

У сваю чаргу доктар навук Лукаш Ясіна з Музэю гісторыі Польшчы выказаў спадзяваньне, што абвастрэньне закране польска-ўкраінскія гістарычныя дыскусіі, пры гэтым не паўплывае на іншыя сфэры супрацоўніцтва паміж Кіевам ды Варшавай.

Лукаш Ясіна: Я спадзяюся, што ў іншых элемэнтах польска-ўкраінскіх адносін будзе пераважаць палітычны разьлік. Інакш кажучы, мы – палякі ды ўкраінцы – моцныя разам, а не асобна.

Наступствы рашэньня будуць залежаць ад таго, у які бок пойдзе цяперашняя дыскусія. Абмеркаваньне тэмы Валынскай разьні трэба скіраваць на пытаньне яе прычын, кажа доктар навук Барташ Рыдліньскі з Варшаўскага ўнівэрсытэту імя кардынала Стэфана Вышыньскага.

Барташ Рыдліньскі: Я ня буду адпускаць грахі за злачынны генацыд на Валыні. Варта адказаць на пытаньне: чаму так сталася? Якую ролю ў гэтым адыграла даваенная палітыка Польшчы? Як будаваць адносіны паміж Польшчай ды Ўкраінай, абапіраючыся на шчырай ды сумленнай гістарычнай дыскусіі на дадзеную тэму?

Ва Ўкраіне Валынская разьня прадстаўляецца як польска-ўкраінская вайна. Яна стала вынікам нацыянальнай палітыкі урадаў ІІ Рэчы Паспалітай. Злачынствы ўкраінскіх нацыяналістаў ды акцыі ў адказ палякаў успрымаюцца як элемэнты згаданай вайны.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт