Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы разбамбілі амэрыканскую базу ў Сырыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.07.2016 15:31
Гэтая акцыя выклікала абурэньне ў Пэнтагоне.
Foto: Mohammed Badra SOHR. EPA/PAP

Падзеі мелі месца ў чэрвені, піша штодзёнка "Rzeczpospolita".

Расейскія самалёты скінулі бомбы на базу на мяжы Сырыі ды Ярданіі, якую выкарыстоўвалі амэрыканскія ды брытанскія вайскоўцы, а таксама спэцслужбы. У ліпені бомбы ўпалі на лягер сырыйскіх паўстанцаў, зь якімі працавала ЦРУ. Налёты мелі месца 16-га чэрвеня ды 12 ліпеня. Выданьне зазначае, што гэтымі акцыямі Крэмль хацеў змусіць Белы дом да больш сьціслай супрацы ў паветранай прасторы ў Сырыі.

У налётах амэрыканскія войскі не пацярпелі. Апошні атрад з 20 жаўнераў брытанскіх спэцсіл SAS (Special Air Services) пакінуў базу за суткі да бамбаваньня. Пэнтагон заявіў, што расейцы былі паінфармаваныя, што база выкарыстоўваецца жаўнерамі міжнароднай кааліцыі ў апэрацыі супраць тэрарыстаў зь Ісламскай дзяржавы. Масква заяўляе, што такой інфармацыі не атрымала і таму быў нанесены паветраны ўдар. Загінулі 4 сырыйскія паўстанцы.

Гэтая акцыя выклікала абурэньне ў Пэнтагоне ды Лэнглі. Іншую пазыцыю заняў Белы Дом. Вашынгтон хоча пазьбегнуць эскаляцыі напружаньня. У выніку ў Маскву паляцеў дзяржсакратар Джон Кэры. Падчас перамоваў з Пуціным ды Лаўровым амэрыканцы ўзгаднілі стварэньне сумеснай групы па каардынацыі ўдараў па баевіках Ісламскай дзяржавы ды фронту Аль-Нусра.

Супраць пагадненьня пратэстуюць амэрыканскія вайскоўцы ды спэцслужбы. Яны перакананыя, што Крамлю нельга верыць, і што расейцы ня будуць выконваць пагадненьне, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт