Logo Polskiego Radia
Print

Кракаў: для пілігрымаў падрыхтавана 350 культурных падзей

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.07.2016 13:44
  • Кракаў.mp3
Сусьветныя дні моладзі ў Кракаве – гэта ня толькі малітоўная сустрэча. (ФОТА)
PAP/Jacek Turczyk

Гэта нагода, каб папулярызаваць польскую культуру, гісторыю, польскія навуковыя дасягненьні.

Учора ў Кракаве прэм’ер-міністар Бэада Шыдла адчыніла Польскі павільён. Гэта месца, дзе можна паглядзець польскія вынаходніцтвы й паспрабаваць польскія прадукты. Павільён знаходзіцца пад Вавэлем.

Польскі
Польскі павільён на СДМ у Кракаве

Бэата Шыдла казала, што павільён створаны для таго, каб пахваліцца маладой, сучаснай Польшчай, поўнай новых ідэй.

Б. Шыдла: Мы хочам, каб гэтая маладая, сучасная Польшча падчас Сусьветных дзён моладзі захапіла сьвет. Мы хочам, каб маладыя людзі, якія прыязджаюць у Кракаў з цэлага сьвету, знайшлі хвілінку, прыйшлі ў гэты павільён, паглядзелі на сучасную Польшчу, і каб ёю захапіліся.

Старшыня Польскага агенцтва інфармацыі й замежных інвэстыцый Бартламей Паўляк зазначае, што пілігрымы, якія наведваюць Польскі павільён, змогуць паглядзець фільм Тамаша Багіньскага, іннавацыйныя праекты польскіх навукоўцаў і студэнтаў.

Б. Паўляк: Госьці паглядзяць прыгожыя польскія краявіды. Мы спадзяемся, што гэта заахвоціць прыехаць сюды замежных гасьцей яшчэ раз у якасьці турыстаў. Акрамя гэтага госьці змогуць паспрабаваць польскія сельскагаспадарчыя прадукты. Тут ёсьць яблыкі, сокі, ёгурты, морква ды многія іншыя прадукты харчаваньня. Усё экалягічнае, карыснае для здароўя й смачнае.

Польскі павільён можна наведваць штодзённа з 25 па 31 ліпеня з 9-22 гадзіны. У зоне адпачынку каля павільёна штодзённа будуць праходзіць канцэрты.

/

350 культурных падзей будзе праходзіць у Кракаве й ваколіцах у рамках Фэстывалю маладых, які зьяўляецца часткай Сусьветных дзён моладзі. З гэтай нагоды ў Кракаве выступяць амэрыканін Curtis Chapman (ляўрэат пяці ўзнагарод “Грэмі”), сястра Cristina Scuccia (пераможца праграмы “Голас Італіі”) і Paddy Kelly. Польскую музыку прадставяць, між іншым, Дарэк Малеёнэк, рэпер Аркадзій. На сцэне сваю творчасьць прадставіць кампазытар і дэрыжор Пётр Рубік.

Акрамя вядомых артыстаў будуць выступаць маладыя людзі з цэлага сьвету. Прэзэнтацыя іх творчасьці не абмяжуецца толькі музыкай – кажа прэс-сакратар СДМ Дарота Абдэльмоля.

Д. Абдэльмоля: Ідэя Фэстывалю маладых такая ж, як пасыл Сусьветных дзён моладзі. Маладыя людзі павінны мець магчымасьць паказаць свае таленты, знайсьці жыцьцёвы шлях. Фэстываль маладых – гэта мерапрыемства, дзе моладзь дзеліцца сваімі талентамі – музычнымі, артыстычнымі, спартыўнымі – і заахвочвае сваіх аднагодак разьвіваць свае здольнасьці таксама ў прасторы Касьцёла.

/

У самым Кракаве пастаўлена каля 20 сцэн. Заплянаваныя канцэрты, артыстычныя выступы й выставы – кажа каардынатар выставаў Юлія Басіста.

Ю. Басіста: Будуць трыдацыйныя мастацкія выставы. У Акадэміі мастацтва падрыхтаваная выстава копій паліхромій Яйгена Мухі. Гэта выставы фотаздымкаў – у Палацы мастацтваў ёсьць выстава, прысьвечаная Кшыштафу Кясьлёўскаму. На пляцы Незалежнасьці пройдзе хэпэнінг – францускі мастак зьбіраў здымкі далоней пілігрымаў, якія раздрукуе, а потым зробіць вялікае сэрца. Пілігрымы яму будуць дапамагаць.

Сёньня й заўтра праходзіць таксама Фэстываль спорту, у рамках якога будуць разыграныя футбольныя матчы – дадае кіраўнік Фэстывалю маладых Антоні Тампольскі.

А. Тампольскі: Эпіскапаты ці групы з розных краін заяўляюць удзел сваіх каманд. Перш за ўсё, гэты форма адпачынку. Але ведаючы мужчын, то як толькі пачнецца гульня, то будзе моцнае спаборніцтва. Будуць таксама матчы стрытболу й бітвы брэйк-дансу. Яны сапраўды вельмі папулярныя сярод маладых людзей. Усё, чым цікавіцца моладзь, павінна быць на Фэстывалі маладых.

Цэнтар
Цэнтар пакліканьня

Манаскія ордэны й каталіцкія арганізацыі адчынілі Цэнтар пакліканьня на стадыёне “Краковія”. Моладзь чакаюць сьвятары, манашкі й каталіцкія арганізацыі. Агулам 130 розных рэлігійных установаў з цэлага сьвету. Езуіцкая супольнасьць “Магіс” запрашае на кінафэстываль у кінатэатры “Кіеў”.

Кожная мясцовасьць, дзе жывуць удзельнікі СДМ, падрыхтавала ўласную, лякальную праграму Фэстываля маладых.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт