Logo Polskiego Radia
Print

«Сыстэма адбору на стажыроўкі ў Польшчу павінна быць празрыстай»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.07.2016 22:14
  • Сыстэма адбору на стажыроўкі ў Польшчу павінна быць празрыстай.mp3
Польска-беларускае пагадненьне пазытыўна паўплывае на беларускую адукацыю, але пры пэўных умовах – лічыць палітоляг Р. Астапеня.
pixabay.com/Public Domain CC0

Нядаўна падпісаная польска-беларуская дамова пра ўнівэрсытэцкія абмены можа палепшыць якасьць беларускай адукацыі – лічыць экспэрт дасьледчага Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня. Аднак пазытыўны эфэкт будзе толькі тады, калі на стажыроўку ў Польшчу адправяць самых лепшых навукоўцаў і студэнтаў, а ня тых, хто проста набліжаны да ўладаў. Забойства Паўла Шарамета, збліжэньне паміж Менскам і Варшавай, прыняцьце Кодэксу аб культуры – гэтыя ды іншыя тэмы мінулых 7 дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Рыгор Астапеня і Аляксандар Папко.

«За забойствам Шарамета стаіць псыхічна хворая постсавецкая палітычная культура»

Галоўнай падзеяй мінулых 7 дзён стала забойства аднаго з самых вядомых беларускіх журналістаў Паўла Шарамета. 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў яго машыне ўзарвалася бомба. Сьледзтва мае некалькі асноўных вэрсіяў забойства журналіста. Паўла маглі забіць з-за яго прафэсійнай дзейнасьці ці каб запалохаць Алену Прытулу – яго спадарожніцу жыцьця й галоўнага рэдактара парталу «Украінская праўда». Паўла Шарамета таксама маглі забіць расейскія спэцслужбы, каб дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне. Якая вэрсія вам падаецца найбольш верагоднай? Ці раскрыюць гэтае злачынства? Што будзе з адным з самых папулярных праектаў Паўла – парталам «Беларускі партызан»?

Р. Астапеня: Мне цяжка камэнтаваць вэрсіі забойства, бо інфармацыі ўсё ж мала. Магу сказаць толькі адно: за забойствам Паўла Шарамета стаіць псыхічна хворая палітычная культура, якая пануе сярод палітычных і эканамічных элітаў шматлікіх постсавецкіх краінаў – у тым ліку Расеі, Украіны й Беларусі. У рамках гэтай палітычнай культуры забойства лічыцца нечым нармальным і пануе пачуцьцё беспакаранасьці. У многіх беларускіх праектах асоба кіраўніка зьяўляецца лёсавызначальнай. Таму, на мой погляд, празь нейкі час стане зразумела, ці выжыве «Беларускі партызан» без свайго заснавальніка.

Не бывае зашмат людзей з дыплёмамі, бывае састарэлая адукацыйная палітыка

У беларускіх ВНУ недабор на бюджэтныя месцы – паведаміў у пятніцу партал TUT.BY. Дадатковы набор аб’яўлены ў БДУ на факультэты геалёгіі й журналістыкі. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце недабор на факультэце фізыкі й матэматыкі, а таксама на пэдагагічным факультэце. Недабор студэнтаў адчуваецца і ў Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Чаму нізкім попытам карыстаюцца менавіта пералічаныя спэцыяльнасьці? Наколькі востра стаіць у Беларусі праблема «перавытворчасьці» людзей з унівэрсытэцкімі дыплёмамі?

Р. Астапеня: Я ня думаю, што ў Беларусі існуе праблема з недаборам студэнтаў. Гэта сьведчыць толькі пра тое, што беларуская адукацыя застаецца адарванай ад рынку і ад пажаданьняў людзей. Калі чалавек не жадае навучацца на інфарматыцы ў Мазырскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце, то даволі рацыянальна было б скараціць праграму, а не намагацца заахвоціць паступаць туды як мага больш абітурыентаў. Той жа БДУІР, напрыклад, ня мае праблемы з тым, каб прыцягнуць да сябе як мага больш студэнтаў. Трэба дастасоўваць адукацыю да патрэбаў сёньняшняга дня.

Калі ж камэнтаваць пра «праблему перавытворчасьці людзей з дыплёмамі» – то я ўвогуле не разумею, як нехта ў сучасным сьвеце можа пра яе гаварыць. Наадварот, сучасная эканоміцы патрэбныя разумныя людзі, якія здольныя нешта ствараць. Таму беларускім чыноўнікам, замест таго, каб арганізоўваць дадатковыя наборы ці заяўляць пра «перавытворчасьць» людзей з дыплёмамі, лепш павышаць якасьць адукацыі.

Беларусь і Польшча: наперадзе новыя міжурадавыя пагадненьні

Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. Пра гэта распавёў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1». 20 беларускіх студэнтаў змогуць штогод атрымліваць дыплёмы ў польскіх унівэрсытэтах, а яшчэ 15 студэнтаў прыяжджаць на паўгадавыя стажыроўкі. Акрамя таго, 10-15 выкладчыкаў штогод змогуць стажыравацца ў Польшчы на працягу месяца. Ці здольны такі абмен аказаць адчувальны ўплыў на беларускую сыстэму адукацыі? Ці гэтая праграма абмену не нарадзілася ў выніку нядаўняга абмежаваньня праграмы Каліноўскага? Якія яшчэ пагадненьні будуць падпісаныя ў рамках паляпшэньня адносінаў паміж Варшавай і Менскам?

Р. Астапеня: У доўгатэрміновай пэрспэктыве такія праграмы сапраўды будуць карыснымі – калі будзе адбывацца збліжэньне паміж польскімі і беларускімі навукоўцамі. Галоўнае – каб сама сыстэма адбору людзей на стажыроўкі была празрыстай. Трэба, каб людзі, якія ўдзельнічаюць у навучальных праграмах, траплялі на іх дзякуючы конкурсу, а не таму, што яны нейкім чынам зьвязаныя з людзьмі, якія сядзяць у камісіі.

Скарачэньне праграмы Каліноўскага, думаю, таксама паспрыяла таму, што пагадненьне паміж міністэрствамі адукацыі Польшчы й Беларусі было падпісанае. Ня думаю, што праграму Каліноўскага «выменялі» на міжурадавае пагадненьне. Проста гэта была адна з палёгкаў, якая дапамагла дайсьці да паразуменьня. Наогул, чыноўнікі абедзьвюх краінаў кажуць, што пачаўся міжсэктарны дыялёг у многіх галінах. Таму варта чакаць іншых пагадненьняў. У бліжэйшы час варта чакаць, што Беларусь і Польшча падпішуць дакумэнты па працягу праграмы па ахове Белавескай пушчы.

«Кодэкс аб культуры стварылі чыноўнікі, каб апраўдаць сваё існаваньне»

Праз паўгоду ў Беларусі ўвойдзе ў жыцьцё Кодэкс аб культуры. Дакумэнт 25 ліпеня падпісаў Аляксандар Лукашэнка. На больш як 200 старонках апісаныя нормы, якія рэгулююць культурную дзейнасьць, а таксама правы і абавязкі суб’ектаў культурнай дзейнасьці. Кодэкс, напрыклад, будзе вызначаць, каго лічыць творцам, а каго – дармаедам, як праводзіць дыскатэкі, што адносіць да помнікаў культуры і як абменьвацца археалягічнымі знаходкамі. Ці прыняцьце кодэксу аб культуры прынясе нейкую зьмену ў культурнай палітыцы? Ці займацца творчасьцю стане прасьцей?

Р. Астапеня: Міністэрства культуры за апошнія гады яскрава паказала, што яно робіць усё, каб займацца творчасьцю ў Беларусі стала цяжэй. Мы можам прыгадаць вяртаньне так званых «гастролек» – дазволаў на вядзеньне канцэртаў, уведзены ў 2013 годзе, а таксама ініцыятыву выдаваць «пасьведчаньне творцы». Гэта ўсё робіцца, каб чыноўнікі Мінкульту мелі як мага большы ўплыў унутры сыстэмы й як мага больш бюджэт, каб апраўдваць сваё існаваньне. Новы кодэкс, на мой погляд, будзе служыць таму, каб чыноўнікі за нашыя грошы маглі ўсё больш абмяжоўваць культуру.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт