Logo Polskiego Radia
Print

Францішак: Будзьце радаснымі - гэта ваш абавязак (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.07.2016 13:33
  • Францішак.mp3
У Польшчы працягваецца другі дзень візыту Папы рымскага Францішка.
PAP/Radek Pietruszka

Сёньня Папа рымскі Францішак першую палову дня правёў у Чэнстахове. Тысячы вернікаў сабраліся на Сьвятую імшу пад яго кіраўніцтвам. Гэтая сустрэча мела народны характар, паколькі Сьвятая імша, якую пантыфік адправіў на Яснай Гары, упісваецца ў 1050-годзьдзе хрышчэньня Польшчы.

Дырэктар Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва Марцін Пшэцішэўскі нагадвае, што гэтае месца сустрэчы зь вернікамі выбраў сам Францішак.

М. Пшэцішэўскі: Сам Папа вельмі хацеў памаліцца перад абліччам Чорнай мадонны. На сустрэчы сабралася каля паў мільёна палякаў, крыху старэйшых, чым моладзь у Кракаве. Усе спадзяваліся, што Папа зьвернецца з пасылам да цэлай Польшчы.

/

Падчас сваёй гаміліі Папа рымскі зьвяртаў увагу, што Бог збаўляе чалавека, становячыся малым, блізкім і канкрэтным. Папа казаў, што сам прыход Бога на сьвет ня быў «трыюмфам» ці «заўважальным маніфэстам». Ён прыйшоў вельмі звычайна, як дзіця, народжанае маці.

Францішак: Насуперак нашым спадзяваньням, як у тыя часы так і цяпер, Божае каралеўства прыходзіць незаўважальна, прыходзіць у пакоры й сваім маленстве.

Пантыфік казаў, што Бог не захоўвае адлегласьці, ён блізкі й канкрэтны. «Ён паміж намі й клапоціцца пра нас, не займаецца пытаньнем улады», – тлумачыў Папа. Ён падкрэсьліў, што гэта цалкам іншы падыход, чым у чалавека.

Францішак: Прага ўлады, прага быць вялікім і вядомым – гэта трагічная людзкая рыса. Гэта вялікая спакуса, якая спрабуе паўсюдна пранікнуць. Даваць сябе іншым, пазьбягаючы адлегласьці, застаючыся малым і канкрэтным у штодзённасьці – гэта Божае.

Сьвяты айцец дадаў, што Бог аддае перавагу простым людзям.

/

Пасьля Імшы арцыбіскуп Войцех Поляк дзякаваў Папу. Ён нагадаў, што падчас сьвяткаваньня 1000-годзьдзя хрышчэньня Польшчы Папу Паўла VI чакаў пусты трон з букетам бела-чырвоных кветак і партрэтам Папы. Тагачасныя ўлады забаранілі прыезд Сьвятому айцу.

В. Поляк: Наш Касьцёл, які заўсёды прагне словаў і прысутнасьці пераемніка св. Пятра, цэлым сэрцам дзякуе Богу, дзякуе табе каханы Сьвяты айцец за тое, што ты знаходзішся з намі, каб рабіць сваіх братоў мацнейшымі.

У палякаў і ўдзельнікаў Сусьветных дзён моладзі сустрэча з Папам выклікае вялікую радасьць.

Пілігрымы: Цяжка апісаць эмоцыя, я ўся дрыжу. Гэта было проста цудоўна. Гэта спаўненьне маіх самых тайных жаданьняў. Кожныя яго словы – гэта кавалак золата, які мы ад яго атрымалі.

Папа Францішак умее дасканала трапіць у сэрца маладых. Калі ўчора вечарам ён паявіўся ў акне, каб прывітаць моладзь, адразу сказаў па-польску: «Добры вечар». Пасьля гэтых слоў прысутныя ашалелі. «Я вітаю вас. Я бачу столькі энтузіязму й радасьці, але цяпер я павінен сказаць нешта, што зробіць вашы сэрцы сумнымі. Гэта гісторыя жыцьця аднаго з вас», – распачаў Папа.

Францішак расказаў гісторыю паляка Мацея Шымана Цесьлі, маладога чалавека, які кінуў працу ў карпарацыі й стаў валанцёрам СДМ. У лістападзе яму паставілі дыягназ – рак. Ён памёр 2 ліпеня. Францішак папрасіў прысутных, каб яны ў цішыні падумалі пра свайго прыяцеля. А пасьля дадаў: «Мы павінны прызвычаіцца да добрых і кепскіх рэчаў. Гэта жыцьцё, маі дарагія. Але ёсьць нешта, у чым мы не павінны сумнявацца, што наш сябра цяпер побач з Хрыстом і з неба глядзіць на нас. Цяпер я з вамі разьвітваюся. Будзьце шчасьлівыя й радасныя. Гэта ваш абавязак».

Пілігрым: Гэтыя словы вельмі пасавалі, каб суцішыць прысутных і прымусіць іх задумацца.

/

Пасьля Францішак накіраваўся ў Кракаў. Каля 17 гадзіны ён атрымае сымбалічныя ключы ад горада й трамваем паедзе на падкракаўскія Блоні, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія адкрыцьця Сусьветных дзён моладзі. Разам з Папам трамваем будзе ехаць каля 30 асоб з абмежаванымі магчымасьцямі. Падчас цырымоніі прывітаньня прадстаўнікі 187 краін, якія ўдзельнічаюць у Сусьветных днях моладзі, прымуць удзел у працэсіі са сьцягамі. Падчас Імшы Папа зьвернецца да моладзі, а сустрэча завершыцца малітвай «Ойча наш» і блаславеньнем Папы Францішка.

Вечарам Францішак выгляне ў папскае акно, зь якога зьвернецца да сабраных на месцы.

ав

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт