Logo Polskiego Radia
Print

Польшча змагаецца з афрыканскай чумой сьвіней

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.08.2016 18:08
  • Польшча змагаецца з афрыканскай чумой сьвіней.mp3
Вэтэрынарныя службы выкрылі на Падляшшы ўжо сёмы ачаг АЧС.
foto: pixabay.com

Забітыя тысячы адзінак жывёлы.

Інфэкцыю выкрылі ў гміне Хорашч на Беласточчыне. «У гаспадарцы было 20 галоў сьвіней. У выніку працэдур, зьвязаных зь ліквідацыяй хваробы, усыпленыя ўсе сьвіні, а іх тушы пайшлі на ўтылізацыю», – паведаміў Галоўны лекар вэтэрынарыі.

Зусім нядаўна інфэкцыю выкрылі ў гаспадарцы ў гміне Мельнік (97 сьвіней), якая знаходзіцца ў 15 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю, і ў гміне Высоке Мазавецке на рацэ Буг, дзе неабходна было ўсыпіць 550 сьвіней. Некалькі дзён таму ў падляскай вёсцы Рэмбішэва таксама быў зафіксаваны выпадак захворваньня АЧС. Для таго, каб не дапусьціць распаўсюду інфэкцыі, усыпілі больш за 500 сьвіней. З таго часу было ўтылізавана 50 тысяч сьвіней.

Галоўны лекар вэтэрынарыі паведаміў, што ў Высоке Мазавецке заражэньне афрыканскай чумой пайшло ад чалавека, а не ад дзіка.

Першая ўспышка афрыканскай чумы ў Польшчы была зафіксаваная ў лютым 2014 года. З таго часу вэтэрынарныя службы выявілі сем ачагоў гэтай інфэкцыі й больш за сто выпадкаў афрыканскай чумы ў дзікоў.

Усе выпадкі зафіксаваныя на Падляшшы.

Міністэрства сельскай гаспадаркі заклікае да зьнішчэньня пагалоўя сьвіней у раёнах, якія знаходзяцца пад пагрозай віруса АЧС. Узамен фэрмэры могуць разьлічваць на кампэнсацыю, – паведаміла прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Эва Лех.

Э.Лех: Я заклікаю фэрмэраў, уладальнікаў невялікіх гаспадарак, якім не аплачваецца забясьпечыць адпаведныя санітарныя ўмовы, каб яны адмаўляліся ад сьвінагадоўлі. У такім выпадку фэрмэр атрымае кампэнсацыя за кожную жывёлу й на працягу трох гадоў будзе атрымліваць кампэнсацыі за ліквідацыю сьвінагадоўлі.

Вірус АЧС зьяўляецца сьмяротным для сьвіней і дзікоў. Хвароба можа перадавацца праз жывёл й мясныя вырабы. Эва Лех заклікала не прадаваць сьвініну з заражаных раёнаў.

Э.Лех: Я заклікаю, барані Божа, каб фэрмэры з рэгіёнаў, дзе выяўлены вірус, не забівалі сьвіней і не прадавалі іх, бо заўсёды нейкія жадаючыя купіць гэтае мяса знойдуцца.

Фэрмэр, які адмовіцца ад сьвінагадоўлі і ўсыпіць свіней, атрымае 50 злотых (25 БРН) штомесяц за кожную сьвіньню. Грошы будуць выплачвацца на працягу трох гадоў. Адмысловыя дзеяньні абвешчаныя ў чатырох паветах Падляшскага ваяводзтва.

У выпадку выкрыцьця афрыканскай чумы сьвіней вызначаецца сьціслая каранцінная зона радыюсам у 3 км, а вакол яе наступная - гэтак званая «зона рызыкі» радыюсам у 7 км. Пасьля на гэтай тэрыторыі праводзіцца кантроль гаспадарак.

Старшыня Польскай асацыяцыі вытворцаў мяса Вітальд Хаіньскі (Witold Choiński) лічыць, што чарговыя выпадкі афрыканскай чумы сьвіней ставяць пад удар мясную прамысловасьць у Польшчы. У такой сытуацыі могуць узьнікнуць перашкоды падчас перамоваў аб аднаўленьні экспарту сьвініны ў краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Менавіта з-за віруса АЧС яны ня хочуць купляць польскага мяса.

В.Хаіньскі: Чарговы выпадак выкрыцьця ачагу АЧС не спрыяе нам падчас перамоваў з паасобнымі краінамі. Але я лічу, што на гэтым этапе яшчэ ня трэба панікаваць. Нам трэба дакладна вызначыць, што было прычынай інфэкцыі, якія былі акалічнасьці заражэньня. Ад гэтага ў вялікай ступені будуць залежаць далейшыя перамовы й тлумачэньне кліентам нашай сытуацыі.

Старшыня Асацыяцыі таксама лічыць, што трэба ліквідаваць усе сьвіныя фэрмы ў рэгіёнах, дзе выяўлены вірус АЧС.

В.Хаінскі: Мы павінны ліквідаваць на гэтай тэрыторыі пагалоўе сьвіней і заплаціць нармальныя грошы фэрмэрам, каб ім рэкампэнсаваць страчаны прыбытак. Гэта нам і так абыдзецца ў некалькі дзясяткаў пазоў таньней, чым выкрываньне чарговых выпадкаў і адтэрміноўка экспарту на рынкі іншых краін.

Азіяцкія краіны не прызнаюць прынцып рэгіяналізацыі Польшчы. І атрымліваецца, што для іх нібыта ўсё мяса ў Польшчы заражанае вірусам афрыканскай чумы, і ў сувязі з гэтым уведзенае эмбарга на імпарт сьвініны з цэлай Польшчы, а ня толькі з Падляшша, дзе выяўленая АЧС.

Польшча прадае сваю сьвініну ў асноўным у краіны ЭЗ, перш за ўсё ў Нямеччыну ды Італію.

Міністэрства сельскай гаспадаркі паведамляе, што выкрытыя на Падляшшы ачагі інфэкцыі АЧС і пагалоўе сьвіней ліквідуюцца на працягу няцэлых сутак. У краінах Балтыі, якія таксама змагаюцца з афрыканскай чумой сьвіней, на ліквідацыю выяўленага віруса прызначаецца больш часу.

Вірус АЧС упершыню быў выяўлены ў Кеніі ў 1910 годзе ў сьвіней, якія знаходзіліся ў кантакце зь дзікімі свіньнямі у Афрыцы. Да 1957 года гэтая хвароба назіралася толькі ў некаторых рэгіёнах Афрыкі. У 1957 годзе вірус упершыню зьявіўся ў Эўропе - у Партугаліі. У 1960 годзе - у Гішпаніі, у 1964 - у Францыі, у 1967 - у Італіі. Хутчэй за ўсё, АЧС быў прысутны таксама ў іншых эўрапейскіх краінах, але яны аб гэтым афіцыйна не паведамлялі .

У чэрвені 2013 г. афрыканская чума сьвіней была выяўлена ў Беларусі. У лютым 2014 годзе знойдзена першае захворваньне ў Польшчы - у мёртвага дзіка, які, хутчэй за ўсё, прыйшоў зь Беларусі.

Усе выяўленыя выпадкі ў Польшчы былі лякалізаваныя паблізу мяжы з Беларусьсю ў трох паветах: Сакольскім, Беластоцкім і Гайнаўскім.

Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт