Logo Polskiego Radia
Print

Польшча падпісала дэклярацыю супрацы з Казахстанам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.08.2016 16:30
  • супрацa з Казахстанам.mp3
Гэта вынік двухдзённага візыты казахскага прэзыдэнта ў Варшаву.
Foto: PAP/Jakub Kamiński

Мэтай афіцыйнага візыту Нурсултана Назарбаева ў Польшчу было нарошчваньне эканамічнага супрацоўніцтва.

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі летась дасягнуў амаль 2 мільярдаў даляраў. Афіцыйная Астана хацела бы нарасьціць гандлёвы абмен ды прыцягнуць інвэстыцыі з Польшчы. У Варшаве таксама зацікаўлены супрацай з Казахстанам. Польскія эканамісты называюць пэрспэктыўным казахскі рынак. Гаворыць галоўная эканамістка Паштовага банку Моніка Куртэк.

Моніка Куртэк: Казахстан мае добрыя пэрспэктывы. Нягледзячы на тое, што сёлета эканамічны рост там запаволіўся, сытуацыя з дзяржаўнымі фінансамі й беспрацоўем засталася добрай. Краіна захоўвае добрыя пэрспэктывы паскарэньня эканамічнага росту. Казахстан зьяўляецца 4-м гандлёвым спартнэрам Польшчы на ўсходнім накірунку. Гэта галоўны спажывец нашых тавараў машынабудаўнічай ды хімічнай прамысловасьці, мэталюргіі ды харчовых прадуктаў. У Казахстане прысутнічаюць каля 200 польскіх прадпрыемстваў.

Дзеля пашырэньня супрацы ўчора падчас афіцыйных сустрэч казахскага прэзыдэнта з польскім прэзыдэнтам ды прэм’ер-міністрам былі падпісаны шэраг важных дакумэнтаў. Гэта дэклярацыя аб эканамічнаым супрацоўніцтве, а таксама дамовы аб супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі ды ўнутраных спраў. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Пагажэльскі.

Пётр Пагажэльскі: Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў важнасьць размоваў з казахскім лідарам. Апошні раз кіраўнікі Польшчы ды Казахстана сустракаліся ў далёкім 2007-м годзе. Гэтым разам бакі засяродзіліся на эканамічным супрацоўніцтве. У Варшаве лічаць, што тут ёсьць добрыя пэрспэктывы. Таксама казахскі лідар казаў пра зацікаўленасьць Астаны супрацай. У Казахстане ўжо дзейнічаюць сотні польскіх фірм. Улады хацелі б, каб іх было яшчэ больш. У першую чаргу Казахстан зацікаўлены сумеснымі сельскагаспадарчымі праектамі, у тым ліку вырошчваньнем яблык.

Сёньня ў рамках візыту польскі ды казахскі прэзыдэнты ўзялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці ў Варшаве Польска-казахскага эканамічнага форума. Прэзыдэнт Польшчы заявіў на адкрыцьці, што спадзяецца, што візыт казахскага прэзыдэнта стане імпульсам для шырокай супрацы паміж дзьвюма краінамі.

Анджэй Дуда: Мы абодва глыбока верым, што гэты візыт будзе для нашых краін, а таксама для прадпрымальнікаў відочным знакам, “зялёным сьвятлом” ва ўзаемных эканамічных адносінах. Польшчы й Казахстану гэта вельмі патрэбна. Казахстан – гэта несумненны эканамічны лідар у Цэнтральнай Азіі, а Польшчы – у Цэнтральнай Эўропе.

У сваю чаргу Назарбаеў казаў, што ягоная краіна – гэта выдатнае месца для інвэстыцый. Маўляў урад ладзіць рэформы, шмат робіць для росту эканомікі, а праблемы стварае палітыка.

Нурсултан Назарбаеў: Кепска, што палітыка ўмешваецца ў эканоміку. Гэта перашкаджае. Мы бачым, як упершыню пасьля Другой сусьветнай вайны зьнік давер паміж звышдзяржавамі. Гэта перашкаджае эканамічнаму разьвіцьцю. Затое паміж Польшчай ды нашай краінай няма палітычных праблем. Няма і эканамічных. Мы павінны разьвівацца.

Афіцыйная Астана разьлічвае на супрацу ў сельскагаспадарчай галіне. У сваю чаргу, Польшча зацікаўлена супрацай у сфэры будаўніцтва, абароны, машынабудаўніцтва.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт