Logo Polskiego Radia
Print

Украіна сьвяткуе 25 гадоў незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.08.2016 14:15
  • 25 гадоў незалежнасьці.mp3
Выхад з СССР ды аддаленьне ад Расеі было найбуйнейшым посьпехам сучаснай Украіны.
Foto: SERGEY DOLZHENKO/PAP/EPA

У апошнія гады гэтая краіна прайшла сапраўдныя выпрабаваньні сваёй дзяржаўнасьці.

24 жніўня 1991 года Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла незалежнасьць украінскай рэспублікі ад Савецкага Саюза. У сьнежні ўкраінцы пацьвердзілі сваё памкненьне да незалежнасьці на агульнанацыянальным рэфэрэндуме. Пасьля гэтага ў выніку падпісаньня Белавескіх пагадненьняў СССР перастаў існаваць. Колішнія савецкія рэспублікі пайшлі сваёй дарогай будаваньня дзяржаўнасьці.

Выхад з Савецкага Саюза ды аддаленьне ад Расеі было на думку першага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Краўчука найбуйнейшым посьпехам сучаснай Украіны. Без украінскай незалежнасьці Савецкі Саюз не распаўся бы. Гаворыць Леанід Краўчук.

Леанід Краўчук: Украіна – гэта дзяржава, якая разваліла Савецкі Саюз, тую жудасную імпэрыю. Калі б у 1991-м годзе украінцы не прагаласавалі б на рэфэрэндуме за незалежнасьць, Белавескіх пагадненьняў магло б і ня быць. Цяпер для нас важна аддаліцца яшчэ больш ад Расеі. Нам удалося дасягнуць пэўных прарываў у галіне энэргетыкі, мы больш не залежым ад іх сыравіны. Цяпер нам трэба адыйсьці ад іх інстытуцыйна-палітычных стандартаў. Гэта будзе для нас цывілізацыйным прарывам. Гэта дасьць нам шанец жыць інакш.

Пра расейскі выклік казаў сёньня прэзыдэнт Пётр Парашэнка. Вось ужо два гады Крэмль імкнецца сілаю паставіць Украіну на калені, праз захоп Крыму ды вайну на Данбасе. У гадавіну незалежнасьці Ўкраіны прэзыдэнт заявіў, што Расеі не ўдасца зьняволіць Украіну.

Пётр Парашэнка: Я ўпэўнена заяўляю, што вораг ня змог рэалізаваць ніводнай са сваіх стратэгічных мэтаў. Ім не ўдалося паставіць Украіну на калені. Жыцьцё за Радзіму аддалі 2504 нашы жаўнеры. Мы схіляем перад імі галаву ды памятаем пра герояў, якія аддалі жыцьцё за мірную будучыню Ўкраіны.

Каб ушанаваць памяць загінуўшых ды падкрэсьліць мужнасьць тых, хто змагаецца з агрэсарам, у Кіеве быў зладжаны ўрачысты парад. Больш падрабязна з Кіева перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.

Павал Бушка: Вуліцамі сталіцы прайшлі некалькі тысяч украінскіх жаўнераў, праехалі сотні адзінак ваеннай тэхнікі. Прэзыдэнт Украіны зьвярнуўся да сабраных са словамі пра тое, што ўкраінская дзяржава за апошнія гады зазнала шмат цяжкасьцяў, у першую чаргу расейскую агрэсію. Парашэнка падзякаваў замежным партнэрам за шырокую падтрымку. У парадзе ўзялі ўдзел жаўнеры сумеснай польска-летувіска-украінскай брыгады.

Сярод ганаровых гасьцей украінскіх урачыстасьцяў знаходзіцца прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён адмыслова прыляцеў з афіцыйным візытам ва Ўкраіну на Дзень Незалежнасьці. Польскі прэзыдэнт ушанаваў памяць барацьбітоў за незалежнасьць Украіны.

Анджэй Дуда: Дзякую, што сёньня мы маглі разам стаць на Майдане, беручы ўдзел ва ўрачыстасьцях, пахіляючы галаву ў памяць тых, хто загінуў, баронячы незалежнасьць украінскай дзяржавы. Я рады, што польскі сьцяг таксама тут прысутнічае побач са сьцягамі герояў, якія бароняць цяпер свабоду Ўкраіны. Я запрасіў ўкраінскага прэзыдэнта з афіцыйным візытам у Варшаву. Спадзяюся, што ён зможа прыехаць 2 сьнежня, у 25 гадавіны прызнаньня Польшчай украінскай сувэрэннасьці.

Польскі ды ўкраінскі прэзыдэнты падпісалі ў Кіеве дэклярацыю пра стратэгічнае партнэрства, падтрымку эўрапейскага курсу Кіева ды пра гістарычны дыялёг. У сваю чаргу паўночны сусед Украіны – Беларусь – прыслала Кіеву віншаваньні ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік зазначыў, што спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж абедзьвюма краінамі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт