Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўшаноўваюць герояў антысавецкага руху

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.08.2016 15:13
28 жніўня адбудзецца ўрачыстае перапахаваньне забітых у 1946 годзе Д. Седзікуўны і Ф. Сэльмановіча.
Сымбалічная магіла "Інкі" і "Загоньчыка" ў ГданьскуСымбалічная магіла "Інкі" і "Загоньчыка" ў Гданьскуcommons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0/Anna Tertel

28 жніўня, у 70-ую гадавіну выкананьня сьмяротнага прысуду, вынесенага супраць герояў антыкамуністычнага падпольля Дануты Седзікуўны (Danuta Siedzikówna, пс. «Інка») і Фэлікса Сэльмановіча (Feliks Selmanowicz, пс. «Загоньчык») адбудзецца ўрачыстасьць афіцыйнага перапахаваньня. Абодва прадстаўнікі антыкамуністычнага партызанскага руху былі забітыя ў 1946 годзе ў Гданьску і пахаваныя разам у безыменнай магіле.

Камуністы зрабілі вельмі шмат, каб зьліквідаваць ня толькі фізычна людзей, што змагаліся з савецкай акупацыяй у Польшчы, але таксама памяць пра іх. Было зроблена шмат, каб грамадзтва паверыла, што гэта былі не героі, якія змагаліся за незалежную Польшчу, а звычайныя крымінальнікі, бандыты. Тым ня менш, гісторыі калісьці паставіць усё на свае месцы. І цяпер памяць пра герояў вяртаецца ў польскае грамадзтва.

Месца пахаваньня Інкі і Загоньчыка ў Гданьску знайшла два гады таму пошукавая група Інстытуту нацыянальнай памяці. Групу ўзначальваў віцэ-старшыня ўстановы Кшыштаф Швагжык (Krzysztof Szwagrzyk).

К. Швагжык: Сёньня, праз 70 гадоў пасьля расстрэлу гэтых людзей у Польшчы назіраецца пазытыўнае стаўленьне да нашых герояў. Неабходна зладзіць ім годнае пахаваньне, аддаць пашану, якую яны заслужылі сваімі ўчынкамі, сваім жыцьцём. Нацыянальных герояў нельга хаваць у ананімных магілах. Я веру, што 28 жніўня ў Гданьску зьбярэцца вялікі натоўп людзей, якія прыйдуць ушанаваць памяць герояў. Я веру, што гэты дзень стане адным з важных гістарычных дзён для Польшчы, калі мы зможам свабодна і ўрачыста перапахаваць астанкі нашых нацыянальных герояў.

Да нядаўняга часу гісторыкі ня ведалі, дзе былі пахаваныя Інка і Загоньчык, паколькі іх магілы былі безыменныя. І таму пошукавай групе прыйшлося правесьці немалую працу, каб знайсьці месца пахаваньня. Перад тым, як адправіцца на магчымае месца спачываньня астанкаў, гісторыкі прагарталі і дасьледавалі сотні старонак архіўных дакумэнтаў. У гэтых паперах удалося знайсьці інфармацыю, якая навяла дасьледчыкаў на месца пахаваньня, – распавядае прафэсар Кшыштаф Швагжык.

К. Швагжык: Прарывам у нашай працы стала знаходка Вальдамара Кавальскага з музэя Другой сусьветнай вайны. Ён адкапаў у архівах дакумэнт, напісаны на пачатку верасьня 1946 года. У ім начальнік гданьскай турмы адказвае ўдаве Фэлікса Сэльмановіча, што яе муж быў пахаваны на могілках пад нумарам таблічкі 136. Было вядома, дзе быў пахаваны іншы расстраляны чалавек – пад нумарам 180-ым. Калі так, можа існуе нейкі храналягічны парадак у турэмных пахаваньнях. Аказалася, што ніякага парадку няма. Хавалі там, дзе было свабоднае месца. Тым ня менш, мы вырашылі дасьледаваць усе месцы, дзе не было сьвежых магіл, пры дапамозе геарадараў. Аднак вынікі былі нэгатыўныя. Тым ня менш, мы вырашылі правесьці раскопкі. І яны прынесьлі рэзультат. Мы адкрылі яму на глыбіні 49 сантымэтраў, у якой былі пахаваныя двое людзей, у тым ліку адна жанчына, у звычайных скрынях, не трунах. Мы ўжо ведалі, што гэта Інка і Загоньчык, паколькі Інка была адзінай жанчынай, якую застрэлілі ў гданьскай турме ў той пэрыяд стрэлам у галаву. Дарэчы, мы ведаем, як выглядалі апошнія моманты жыцьця нашых герояў дзякуючы аповеду ксяндза Марыяна Прусака, які быў сьведкам іх сьмерці.

Ксяндза прымусілі быць сьведкам расстрэлу. З яго расповеду вядома, што апошнімі словамі мэдсястры Віленскай брыгады Арміі Краёвай Дануты Седзікуўны (Інкі) было: «Жыве Польшча! Жыве «Лупашка»!». Нагадаем, Лупашка – гэта псэўданім маёра Арміі Краёвай Зыгмунта Шэндзеляжа, аднаго з камандзіраў антыкамуністычнага падпольля ў Польшчы ў пасьляваенныя часы.

Камуністычныя ўлады Польшчы стараліся прадставіць гісторыю Інкі і Загоньчыка ў выглядзе бандыцкай дзейнасьці. Інка была абвінавачана ў забойстве функцыянэраў спэцслужбаў і міліцыі падчас сутычкі з удзелам «Лупашкі», а нават выдаваньні загадаў, хаця яна была звычайнай мэдсястрой. Самі міліцыянты прадстаўлялі розныя вэрсіі яе ўдзелу ў здарэньні. Адзін зь міліцыянтаў заявіў, што яна аказала яму дапамогу, калі ён быў паранены. Нават сталінскі суд вырашыў, што «Інка» не брала непасрэднага ўдзелу ў забойствах. Тым ня менш, яна была асуджана на сьмяротнае пакараньне, таксама як Фэлікс Сэльмановіч, які дзейнічаў у падпольлі пад псэўданімам "Загоньчык". Калі Інку забілі, ёй было толькі 17 гадоў.

Г. Остас/Н. Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт