Logo Polskiego Radia
Print

Польшчу наведалі 92 тысячы турыстаў круізных балтыйскіх суднаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.09.2016 13:30
Круізныя судны наведваюць пераважна Гданьск і Гдыню, рэдка Шчэцін.

Gazeta Wyborcza: Польшчу наведала ўжо больш за 92 тысячы турыстаў круізных балтыйскіх суднаў зь Нямеччыны, Вялікабрытаніі, ЗША. На іх зарабляюць парты, гарады, мясцовы бізнэс.

Круізныя судны наведваюць пераважна Гданьск і Гдыню, рэдка Шчэцін. Падчас рэйсаў караблі заплываюць у Санкт-Пецярбург, Талін, Рыгу, Клайпеду, Капэнгаген, Стакгольм. У порт судны прыплываюць каля 6-9 гадзін раніцы й выплываюць далей пад вечар. Цягам дня турысты, часьцей за ўсё зь Нямеччыны, ЗША, Вялікабрытаніі, знаёмяцца з рэгіёнам: ходзяць на экскурсіі, падрыхтаваныя мясцовымі турбюро, ці праводзяць час у рэстаранах і барах.

Яшчэ ў 2000 годзе 1,1 млн пасажыраў плавалі балтыйскімі рэйсамі. У мінулым годзе іх лічба павялічылася ў чатыры разы – да 4,4 млн. Найбольш візытаў круізных суднай (больш за 200) зафіксавалі Санкт-Пецярбург, Капэнгаген, Талін, Хэльсынкі й Стакгольм.

У польскіх партах ёсьць лепшыя й горшыя гады. Рэкордным быў 2010 год, калі ў Гдыню прыплыло больш за 125 тысяч пасажыраў. Мінулы год быў самым дрэнным за апошнія сем – прыбыло 72 тысячы пасажыраў. Сёлетні сэзон быў ня кепскім. Порт у Гдыні робіць шматлікія намаганьні, каб круізныя караблі заплывалі сюды як мага часьцей. Змагацца ёсьць за што, паколькі пасажыры папаўняюць кішэні лякальных прадпрымальнікаў. На экскурсіі ходзіць 70-80% турыстаў, які прыбываюць у Гдыню. Паводле статыстычных дадзеных, іншаземцы, якія прыбылі ў Польшчу марскім шляхам, у 2015 годзе выдалі 90 млн даляраў.

У гэтым сэзоне самым вялікім суднам, якое завітала ў Гданьск, быў «Viking Star» з тысячай пасажыраў на борце. Круізнае судна мае 228 мэтраў даўжыні і ў гданьскі порт прыплыло ўпершыню.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт