Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі рэжым пераходзіць да «непалітычных» рэпрэсіяў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.09.2016 23:15
  • Беларускі рэжым пераходзіць да «непалітычных» рэпрэсіяў.mp3
Сілавікі атрымалі загад не перасьледаваць культурных і палітычных актывістаў, затое ціск на ўсіх астатніх узмацніўся – канстатуе палітоляг.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Актыўнасьць беларускіх дыпляматаў на «амэрыканскім фронце», сытуацыя ў беларускіх турмах, самапачуцьцё беларускіх банкаў і зьмена іміджу Аляксандра Лукашэнкі – такія тэмы мінулых сямі дзён абмяркоўваюць у сёньняшнім «Палітычным люстэрку» нашыя экспэрты. Пра што размаўляў з амэрыканскімі чыноўнікамі Ўладзімер Макей? Чаму множацца выпадкі сьмерцяў у беларускіх турмах? Дзе беларускія ўлады знойдуць 700 мільёнаў даляраў, каб вырашыць праблему даўгоў прадпрыемстваў? І чаму Аляксандар Лукашэнка памяняў камбайн на «Харлей»? На пытаньні Аляксандра Папко адказвае экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Менск вельмі намагаецца, каб Вашынгтон зьняў санкцыі

На мінулым тыдні міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў сэсію Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Макей правёў перамовы з памочнікам дзяржсакратара ЗША Вікторыяй Нуланд, намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам і нават сфатаграфаваўся з Баракам Абамам. Якія пытаньні маглі абмяркоўваць прадстаўнікі Беларусі й ЗША? Што Менск хоча атрымаць ад Вашынгтону?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што Менск і Вашынгтон абмяркоўваюць дзьве рэчы: вяртаньне амбасадараў абедзьвюх дзяржаваў у сталіцы й зьняцьцё зь Беларусі амэрыканскіх санкцыяў. Дасягненьне гэтых дзьвюх мэтаў выглядае сёньня нашмат больш магчымым, чым два гады ці год таму. І Беларусь, і ЗША жадаюць пазытыўнай дынамікі ў адносінах і шукаюць прастору для саступак. Праблема для беларускага ўраду заключаецца ў тым, што амэрыканскі ўрад ня лічыць Беларусь вельмі важнай і цікавай краінай. Таму Вашынгтон ідзе на саступкі нашмат менш актыўна, чым урады краінаў Заходняй Эўропы. Аднак парлямэнцкая кампанія ў Беларусі паказала, што беларускі ўрад гатовы да нейкіх касмэтычных зьменаў. Ён усё-такі ідзе на саступкі Захаду.

Беларусь вельмі хоча паправіць дачыненьні са Злучанымі Штатамі, каб разьвіваць стасункі з краінамі, якія ад Злучаных Штатаў залежаць. Напрыклад, у 2011 годзе, паводле некаторых дадзеных, ЗША заблякавалі пагадненьне паміж Беларусьсю й Пэру. Не апошняй матывацыяй для паляпшэньня стасункаў са Штатамі зьяўляецца фінансавая. Беларусь хацела б атрымаць крэдыты й інвэстыцыі з ЗША і Заходняй Эўропы. Для ўсяго гэтага варта нармалізаваць адносіны з Вашынгтонам.

Улады ўзмацнілі перасьлед «непалітычных»

Пакуль у Менску граюць джаз і ходзяць у вышыванках, у турмах творыцца сапраўднае бяспраўе – піша вядомая публіцыстка Ірына Халіп. Ад пачатку году ў беларускіх турмах пры загадкавых абставінах загінулі чатыры чалавекі. Колькасьць палітвязьняў таксама расьце. Аднаму з арыштаваных за грамадзкую акцыю – Зьмітру Паліенку – нядаўна прад’явілі абсурднае абвінавачваньне ў распаўсюдзе парнаграфіі. Ці не занадта расслабілася прэса, праваабаронцы й грамадзянская супольнасьць? Калі ўлады пачалі больш паважаць культурныя правы, ці значыць гэта, што і з фундамэнтальнымі правамі, такімі як права на жыцьцё й асабістую свабоду, сытуацыя палепшылася?

Рыгор Астапеня: Насамрэч, людзі паміралі ў беларускіх турмах заўсёды. Ніхто за гэтыя злачынствы і эксцэсы адказнасьці не панясе, бо сыстэма сваіх не здае й не карае. Я думаю, улады нядаўна акрэсьлілі сілавікам пэўнае кола людзей, якіх лепш не чапаць. Да гэтага кола належыць і Ірына Халіп. У дачыненьні да іншых сыстэма працуе так, як працавала. Больш за тое, праваахоўныя ворганы павялічваюць кола людзей, якіх яны перасьледуюць. Напрыклад, бізнэсмэны. Варта прыгадаць справу таго самага Юрыя Чыжа.

Мне падаецца, сыстэме нашмат цяжэй зьмяніць сваё стаўленьне да непалітызаваных людзей. Такая зьмена будзе нашмат большай ломкай для рэжыму, чым зьмена стаўленьня да недзяржаўнай прэсы альбо апазыцыйных палітыкаў.

Дзяржбанкі даруюць даўгі дзяржпрадпрыемствам?

Міжнародны валютны фонд на гэтым тыдні апублікаваў даклад з ацэнкай эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Адной з самых вялікіх пагрозаў устойлівасьці беларускай эканомікі МВФ называе рост праблемных актываў банкаў – пазыкаў, якія прадпрыемствы ня могуць вярнуць. Іх назьбіралася на суму каля 700 мільёнаў даляраў. Як беларускія ўлады вырашаць гэтую праблему? Надрукуюць грошы, каб расплаціцца з банкамі, ці дазволяць прадпрыемствам адкласьці выплаты на даўжэйшы тэрмін?

Рыгор Астапеня: Я ня думаю, што беларускія ўлады вельмі турбуе гэтая тэма. У рэшце рэшт, гэта дзяржаўныя прадпрыемствы (напрыклад, цэмэнтныя заводы) і грошы яны павінныя дзяржаўным банкам – такім, як Банк разьвіцьця. Таму варыянты вырашэньня праблемы запазычанасьці існуюць. Можна проста дараваць гэтыя грошы альбо проста адтэрмінаваць выплату крэдытаў – нават на 10 гадоў. Зразумела, гэта не вырашае праблемы, але здымае як з парадку дня й пакідае нашчадкам.

Лукашэнку надакучыла езьдзіць на камбайне

24 верасьня Аляксандар Лукашэнка прадстаў перад народам у ролі байкера. Кіраўнік краіны й яго сыны на «жалезных канях» узначалілі мотапарад, які зачыняў байкерскі сэзон.Усё радзей «народнага прэзыдэнта» убачыш за стырном камбайну, а ўсё часьцей – за стырном дарагога «Харлея» і ў атачэньні галівудзкіх зорак. Лукашэнка вырашыў адыйсьці ад іміджу вяскоўца, скапіраваць Ўладзімера Пуціна зь яго «Начнымі ваўкамі» ці проста наняў іміджмэйкера?

Рыгор Астапеня: Я б не шукаў тут спробаў Лукашэнкі зьмяніць уласны імідж. Шмат людзей, калі б мела магчымасьць пракаціцца на «Харлеі», то гэтай магчымасьцю скарысталіся. Дый, па шчырасьці, езьдзіць за стырном камбайну некалькі дзесяцігодзьдзяў запар можа быць сумна. Таму Аляксандар Лукашэнка зьмяняе свой імідж усьлед за сваімі зацікаўленасьцямі. Ведаючы характар Аляксандра Лукашэнкі, вельмі цяжка сабе ўявіць, што побач зь ім будзе нейкі іміджмэйкер, які будзе яму казаць, як паводзіць сябе на публіцы. Думаю, Аляксандар Лукашэнка прымае тут рашэньні самастойна.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт