Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы стварылі супэрміністэрства

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.09.2016 13:41
  • супэрміністэрства.mp3
„Гэта беспрэцэдэнтная падзея”, - камэнтуе эканаміст Януш Янковяк.
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Прэм’ер Бэата Шыдла абвясьціла зьмены ва ўрадзе. Віцэ-прэм’ер і міністар разьвіцьця Матэвуш Маравецкі (Mateusz Morawiecki) будзе кіраваць таксама Міністэрствам фінансаў. Цяперашні кіраўнік фінансавага ведамства Павел Шаламаха (Szałamacha) пакіне ўрад.

Міністар Матэвуш Маравецкі будзе таксама ачольваць новаствораны Эканамічны камітэт Рады міністраў, то бок структуру па каардынацыі эканамічнай палітыкі ўраду Бэаты Шыдла.

Кіраўнічка польскага ўраду прызнала, што віцэ-прэм’еру прыбудзе шмат дадатковых абавязкаў.

Бэата Шыдла: Вынікі бюджэту вельмі добрыя, таксама ў аспэкце даходаў. Гэта посьпех працы Міністэрства фінансаў. Аднак я ня ўтойваю, што ў нас большыя амбіцыі, калі гаворка ідзе пра бюджэтныя даходы, як і разьвіцьцё краіны. Гэта адна з прычынаў стварэньня Эканамічнага камітэту Рады міністраў, паколькі мы хочам бясьпечнай рэалізацыі пляну разьвіцьця.

Апазыцыя крытыкуе зьмены ва ўрадзе. Паводле кіраўніка парлямэнцкай фракцыі „Грамадзянскай плятформы” Славаміра Ноймана (Sławomir Neumann), супэрміністэрства пад кіраўніцтвам Матэвуша Маравецкага будзе неэфэктыўнае.

Славамір Нойман: Перадача паўнамоцтваў Міністэрства фінансаў міністру Маравецкаму – гэта гарантыя, што ён ужо нічога больш ня зробіць.

Падобныя сумневы выказвае былы міністар сельскай гаспадаркі ў папярэднім урадзе Марэк Савіцкі (Marek Sawicki) з Польскай сялянскай партыі.

Марэк Савіцкі: Апошнім міністрам фінансаў было вельмі цяжка кіраваць гігантам, якім зьяўляецца гэтае ведамства. Тым часам цяпер спалучаюць яго зь Ведамствам разьвіцьця. Я спачуваю міністру Маравецкаму, паколькі выклікам будуць ужо сустрэчы з віцэ-міністрамі.

З абвінавачваньнямі апазыцыі не згаджаецца Рышард Тарлецкі (Ryszard Terlecki) зь кіроўнай партыі. Дэпутат нагадаў, што „Права й справядлівасьць” абяцала засяродзіцца на эканамічных пытаньнях і стварыць эфэктыўны цэнтар кіраваньня эканомікай.

Рышард Тарлецкі: Можа гэта віна недастатковай інфармацыйнай палітыкі ўраду. Я сам прасіў міністра Маравецкага падрыхтаваць сьпіс найважнейшых дасягненьняў. Гаворка ідзе пра тыя рашэньні, якія былі рэалізаваныя, або знаходзяцца на вырашальным этапе падрыхтоўкі. Думаю, што ў бліжэйшым часе мы гэткі сьпіс атрымаем.

У сваю чаргу віцэ-сьпікер Сэйму Адам Белян (Adam Bielan) дадае, што паўнамоцтвы Матэвуша Маравецкага вынікаюць, перш за ўсё, з таго, што ён ачольвае Эканамічны камітэт Рады міністраў.

Адам Белян: Кіраваньне міністрам Маравецкім Ведамствам фінансаў мае часовы характар. Праўдападобна празь некалькі месяцаў гэта памяняецца.

„Гэта беспрэцэдэнтная падзея”, - так стварэньне супэрміністэрства на чале з Матэвушам Маравецкім камэнтуе эканаміст Януш Янковяк (Janusz Jankowiak).

Януш Янковяк: Настолькі вялікая канцэнтрацыя паўнамоцтваў у галіне эканомікі ў руках адной асобы - гэта беспрэцэдэнтны крок. Гэтага раней не было. У гэткай сытуацыі большасьць перашкодаў, якімі тлумачылася запаволеньне ажыцьцяўленьня некаторых зьменаў, ужо ня мае падставаў.

Першае паседжаньне Эканамічнага камітэту Рады міністраў адбудзецца ў пятніцу, паведаміў прэс-сакратар ураду. Рафал Бахэнак (Rafał Bochenek) дадаў, што ўсе асобы, якія будуць працаваць у рамках гэтай структуры, засяродзяцца на ажыўленьні польскай эканомікі.

Рафал Бахэнак: У рамках камітэта будуць працаваць, між іншым, міністар інфраструктуры, міністар замежных спраў, міністар энэргіі й кіраўнікі многіх іншых ведамстваў.

Зьмены ў польскім урадзе закранулі таксама Канцылярыю прэм’ера. Адам Ліпіньскі (Adam Lipiński) заменіць Войцеха Карчмарчыка (Wojciech Karczmarczyk) на пасадзе ўпаўнаважанага ўраду па барацьбе з дыскрымінацыяй. Павел Маеўскі (Paweł Majewski), які да гэтай пары выконваў функцыю ўпаўнаважанага ўраду па арганізацыі Сусьветных дзён моладзі, пяройдзе ў Міністэрства інфармацыйных тэхналёгіяў. Апрача таго пасаду ў канцылярыі прэм’ера атрымае Гжэгаж Шрайбэр (Grzegorz Schreiber).

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт