Logo Polskiego Radia
Print

Польшча імкнецца да супрацы з Сэнэгалам

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 27.10.2016 14:28
  • Сэнэгал.mp3
Сёньня ў Варшаве прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з прэзыдэнтам Сэнэгалу Макі Салам.
PAP/Paweł Supernak

У размовах пераважала тэматыка міжнароднай палітыкі, палітыкі бясьпекі ў Афрыцы й эканамічнай супрацы абедзьвюх краін.

Візыт сэнэгальскага прэзыдэнта ўпісваецца ў паляны Польшчы стаць часовым чальцом Рады бясьпекі ААН у 2018-2019 гадах – кажа міністар канцылярыі польскага прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі.

К. Шчэрскі: Сэнэгал цяпер зьяўляецца часовым чальцом Рады бясьпекі. У лістападзе краіна будзе кіраваць працай Рады. Кіраваньне працамі мае ратацыйны штомесячны характар. Таму вельмі важным зьяўляецца візыт прэзыдэнта краіны, Сэнэгалу, якая будзе гэтую ролю выконваць.

Кшыштаф Шчэрскі падкрэсьлівае, што Сэнэгал зьяўляецца адным з ядраў бясьпекі на кантынэнце. Як тлумачыць міністар, прэзыдэнты Дуда й Сал размаўлялі пра палітыку, асабліва ў кантэксьце сусьветнай бясьпекі й праблем Афрыкі.

К. Шчэрскі: Таму візыт упісваецца ў «дыпляматычнае наступленьне» прэзыдэнта Анджэя Дуды, якое тычыцца польскага ўдзелу ў глябальнай палітыцы бясьпекі й міру ў сьвеце. Варта ўзгадаць, што з Сэнэгалу распачалося вяртаньне польскіх дыпляматычных установаў у афрыканскім рэгіёне. Менавіта ў Дакары была нанова адчыненая першая дыпляматычная ўстанова.

Пасьля поўдня з удзелам прэзыдэнтаў распачаўся Польска-сэнэгальскі эканамічны форум. Міністар Кшыштаф Шчэрскі адзначае, што неабходна памяняць падыход і стаўленьне да афрыканскіх партнэраў.

К. Шчэрскі: Многія польскія фірмы зацікаўленыя вядзеньнем бізнэсу ў Сэнэгале. Ужо ёсьць вялікая інвэстыцыя ў хімічнай галіне. Таксама мы разьлічваем на інвэстыцыі й супрацу ў галіне сельскай гаспадаркі, гандлю, турызму. Ёсьць некалькі вельмі істотных сфэр. Акрамя таго варта пачаць глядзець на партнэраў з Афрыкі ня толькі як партнэраў польскай праграмы дапамогі разьвіцьця, але таксама як партнэраў у гаспадарчай супрацы.

Анджэй Дуда пасьля размову з сэнэгальскім калегам адзначыў, што візыт Макі Сала зьяўляецца дадатковым імпульсам для разьвіцьця гаспадарчых стасункаў паміж краінамі. Падчас візыту сэнэгальскага прэзыдэнта ў Варшаву былі падпісаныя шэраг мемарандумаў аб супрацы. Дакумэнты тычацца супрацоўніцтва ў галінах турыстыкі, сельскай гаспадаркі, інвэстыцый і палітычных кансультацый паміж Міністэрствамі замежных спраў Польшчы й Сэнэгалу.

Акрамя сустрэчы з прэзыдэнтам Анджэем Дудам, сэнэгальскі лідар сустрэўся ў Варшаве з сьпікерам Сэнату Станіславам Карчэўскім і прэм’ер-міністрам Бэатай Шыдла. У пятніцу Макі Сал паедзе ў Гданьск, дзе наведае гістарычныя будынкі Гданьскай суднаверфі, а таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі бізнэсу на польскім узьбярэжжы.

Спэцыяліст па Афрыцы Веслаў Лізак з Варшаўскага ўнівэрсытэту падкрэсьлівае, што Сэнэгал пазытыўна адрозьніваецца на фоне неспакойнага рэгіёну Заходняй Афрыкі.

В. Лізак: У некалькіх краінах былі ўзброеныя канфлікты, грамадзянскія войны, путчы. На гэтым фоне Сэнэгал выглядае вельмі аптымістычна. Сэнэгал – адзін з прыкладна дзесяці краін, якія лічацца дэмакратычнымі. Гэта краіна з сярэднім узроўнем разьвіцьця, з вялікім прамысловым патэнцыялам.

У Сэнэгале жыве каля 15 мільёнаў чалавек. Аднак гэта краіна, якая мае вельмі важнае геастратэгічнае значэньне з увагі на сваё разьмяшчэньне на заходнім беразе Афрыкі. Сэнэгал зьяўляецца важным партнэрам для сусьветных лідараў – тлумачыць экспэрт па Афрыцы Веслаў Лізак.

В. Лізак: Гэта адзіная краіна Трапічнай Афрыкі, зь якой ЗША пасьля халоднай вайны заключылі дамову аб ваеннай супрацы. І гэта сьведчыць пра значэньне гэтай краіны для заходняй стратэгіі.

Веслаў Лізак нагадвае, што Сэнэгал зьяўляецца ісламскай краінай. 95% жыхароў – гэта мусульмане. Астатнія 5% – гэта пераважна каталікі. Адначасова гэта не перашкаджае Сэнэгалу весьці празаходнюю палітыку.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт