Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўнік польскага МЗС сустракаецца з дарадчыкамі Трампа

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.01.2017 15:05
  • Вітальд Вашчыкоўскі.mp3
У Нью-Ёрку Вітальд Вашчыкоўскі правярае шанцы Польшчы стаць непастаянным членам Рады Бясьпекі ААН.
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд ВашчыкоўскіМіністар замежных спраў Польшчы Вітальд ВашчыкоўскіФота: Polskie Radio

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski) знаходзіцца з афіцыйным візытам у Злучаных Штатах Амэрыкі. Сёньня кіраўнік польскай дыпляматыі прымае ўдзел у дэбатах Рады Бясьпекі ААН па прадухіленьні канфліктаў і падтрымцы міру.

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі сустрэўся ў Нью-Ёрку з новым Генэральным сакратаром Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антонію Гутэрышам.

Кіраўнік польскай дыпляматыі паведаміў, што размова тычылася сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе й намаганьняў Польшчы атрымаць месца непастаяннага члена Рады Бясьпекі ААН.

Вітальд Вашчыкоўскі: Па-першае, я нагадаў пра перавагі Польшчы, якія дазваляюць краіне змагацца за непастаяннае месца ў Радзе Бясьпекі. Пазьней значная частка размовы датычыла сытуацыі ў нашай частцы Эўропы. Генсакратар пытаў пра нашае стаўленьне да расейска-украінскага канфлікту, бежанцаў і міграцыі. Пытаў пра тое, як вырашыць гэтую сытуацыю ды як мы ацэньваем Расею.

У сваім выступе на форуме ААН кіраўнік польскай дыпляматыі намераны падкрэсьліваць, што Польшча зьяўляецца ня толькі „спажыўцом бясьпекі”, але таксама краінай, якая спрыяе стабілізацыі ў сьвеце, у прыватнасьці, шляхам удзелу ў міратворчых місіях.

Візыт кіраўніка польскай дыпляматыі ў Нью-Ёрку зьвязаны з намаганьнямі Польшчы атрымаць непастаяннае месца ў Радзе Бясьпекі ААН у 2018-2019 гадах.

Цяпер міністар Вашчыкоўскі мае нагоду сустрэцца з больш чым 30 амбасадарамі пры ААН, якія ў чэрвені прымуць удзел у галасаваньні падчас Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Апрача таго, падчас свайго візыту ў ЗША кіраўнік польскай дыпляматыі сустракаецца таксама з дарадцамі новаабранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Між іншым, заплянаваная сустрэча міністра Вітальда Вашчыкоўскага з дарадчыкам Дональда Трампа па справах нацыянальнай бясьпекі генаралам Майкэлям Флінам. Гэты палітык будзе выконваць у Белым доме ключавую ролю па пытаньнях замежнай палітыкі.

Галоўная тэма размовы - палітыка ў дачыненьні да Расеі й магчымае больш блізкае супрацоўніцтва паміж Вашынгтонам і Масквой.

Польскі палітык пераконвае, што магчымае адкрыцьцё новага разьдзелу ў адносінах паміж ЗША і Расеяй ня можа адбывацца за кошт Польшчы.

Вітальд Вашчыкоўскі: Мы ня будзем блякаваць гэткага набліжэньня пры ўмове, што яно ня будзе праходзіць за наш кошт.

Кіраўнік польскай дыпляматыі падкрэсьліў, што ранейшыя спробы набліжэньня кантактаў паміж ЗША й Расеяй, якія адбываліся за кошт такіх краінаў, як Польшча, толькі разбэшчвалі Крэмль.

Польскі палітык зазначыў, што супраца з Расеяй павінна адбывацца выключна паводле прынцыпаў міжнароднага права.

Вітальд Вашчыкоўскі: Мы задаволеныя тым, што новаабраны прэзыдэнт ЗША адмаўляецца ад рыторыкі, якую выкарыстоўваў падчас выбарчай кампаніі.

- дадаў міністар Вашчыкоўскі й выказаў перакананьне, што ў замежнай палітыцы Дональд Трамп цяпер прадстаўляе галоўную плынь Рэспубліканскай партыі.

IAR/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт