Logo Polskiego Radia
Print

Дэпутаты польскага парлямэнту ніяк ня могуць дамовіцца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2017 15:25
У тупік парлямэнтары зайшлі амаль месяц таму, з таго часу некаторыя дэпутаты апазыцыі не пакідаюць Сэйму.
Foto: Wikimedia Commons/Katarzyna Czerwińska

Амаль месяц у польскім парлямэнце працягваецца сытуацыя, якую цяжка назваць інакш, чым «тупік». Нагадаем, падчас абмеркаваньня закону аб дзяржаўным бюджэце 16 сьнежня пачаўся канфлікт паміж дэпутатамі кіруючых сілаў і апазыцыі. Сёньня павінна была адбыцца першая сэсія Сэйму (ніжэйшай палаты парлямэнту) пасьля Калядных і навагодніх сьвятаў.

На момант падрыхтоўкі гэтага сюжэту пасяджэньне так і не пачалося. Нагадаем, што супрацьстаяньне пачалося з таго, што кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС) вырашыла памяняць правілы працы журналістаў у Сэйме. Паводле прапановы, кожная рэдакцыя магла б адпраўляць у парлямэнт толькі дваіх пастаянных карэспандэнтаў, акрамя таго, журналісты не маглі б так свабодна запісваць выказваньні палітыкаў, як да гэтае пары.

Пазьней была дыскусія, падчас якой старшыня Сэйму выключыў мікрафон аднаму з дэпутатаў "Грамадзянскай плятформы" (ГП). У выніку апазыцыя блякавала трыбуну, дэпутаты кіруючай партыі перайшлі ў іншую залю, дзе прынялі бюджэт, не беручы пад увагу ўнесеных паправак. З таго дня, 16 сьнежня, дэпутаты апазыцыі без перапынку нават на калядныя сьвяты знаходзяцца ў Сэйме. На 11 студзеня дэпутаты заплянавалі першае пасяджэньне парлямэнту, але да гэтага было некалькі спробаў знайсьці кампраміснае рашэньне і спыніць крызыс.

На думку сьпікера Сэйму Марэка Кухціньскага, блякада трыбуны – гэта падрыў аўтарытэту Сэйму і Польшчы. Ёсьць розныя магчымасьці вырашыць праблему, але сьпікер ня хоча карыстацца сілавым варыянтам. Перад сёньняшнім пасяджэньнем Сэйму ён адзначаў, што яно пачнецца ў іншым месцы, чым галоўная заля парлямэнту.

М. Кухціньскі: Калі казаць пра крайнія рашэньні, то існуе такая магчымасьць, што старшыня Сэйму ўказвае месца правядзеньня пасяджэньня. Такую магчымасьць дае сьпікеру Канстытуцыя і правілы дзейнасьці парлямэнту.

Самая буйная партыя апазыцыя – «Грамадзянская плятформа» – хацела б, каб сёньняшняе пасяджэньне было працягам таго з паловы сьнежня, а не наступным. Тым ня менш, Кухціньскі заявіў, што гэта фармальна ўжо чарговае пасяджэньне, і так яно павінна прахадзіць.

Лідары партый сустрэліся ўжо два разы, але не ўдалося ім знайсьці кампраміс. Віна за крызыс ляжыць па абодвух баках палітычнай сцэны. Апазыцыя ўпёрлася, што не ўступіць, хаця ПіС, які рэдка саступае, згадзіўся вярнуцца да старых правілаў працы журналістаў у Сэйме, старшыня партыі Яраслаў Качыньскі аб’явіў, што гатоў згадзіцца, каб у Сэнаце былі прынятыя папраўкі ў бюджэт. Нягледзячы на гэта перамовы былі сарваныя, паколькі абодва бакі ня хочуць пайсьці на сур’ёзныя саступкі. На сустрэчы партыйцаў не паявіўся старшыня ГП Гжэгаж Схэтына. Дэпутаты групоўкі сустрэліся з прадстаўнікамі іншых апазыцыйных партый. Меркаваньнем Схэтыны, існуе магчымасьць вырашэньня крызысу, але зыходным пунктам павінна быць ухвала, якая пераносіць пасяджэньне на 18 студзеня.

Г. Схэтына: Патрэбная ініцыятыва. Я веру таксама ва ўдзел прэзыдэнта. Я таксама разьлічваю на разумную пазыцыю сьпікеры Кухціньскага. Гэта дзьве самыя важныя пэрсоны ў палітычным жыцьці дзяржавы. Яны павінны прыняць адназначную пазыцыю. Гэта сур’ёзная праблема, не маргінальная. У нас цяпер сур’ёзны парлямэнцкі крызыс, і неабходна яго вырашыць. Самыя важныя асобы ў дзяржаве таксама павінны быць у гэтым зацікаўленыя. ПіС хоча, каб мы выйшлі з залі паседжаньняў, нічога не абяцаючы ўзамен. Яны хочуць пачаць 34-ую сэсію, калі на самой справе працягваецца 33-яя.

Сарваныя перамовы паказваюць, на колькі слабы ўзровень даверу назіраецца ў польскай палітыцы – камэнтуе сытуацыю выданьне «Rzeczpospolita». Апазыцыя вінаваціць кіруючых у таптаньні прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы і агульнапрынятых правілаў гульні, а «Права і Справядлівасьць» у гэтым жа абвінавачвае апазыцыю.

Праблема ў тым, што сёньня самая вялікая пагроза для польскага парлямэнтарызму – у адсутнасьці ўзаемнага даверу паміж палітычнай большасьцю ды апазыцыяй. Калі няма даверу, то кожная крызысная сытуацыя можа лёгка пераўтварыцца ў доўгачасовы крызыс, які будзе мець жахлівыя наступствы. Гэта самая сумная выснова, якую можна зрабіць пасьля фіяска перамоваў у Сэйме.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт