Logo Polskiego Radia
Print

«Прыток турыстаў падштурхне беларускую сфэру паслугаў»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.01.2017 20:38
  • «Прыток турыстаў падштурхне беларускую сфэру паслугаў».mp3
Усьлед за ўвядзеньнем 5-дзённаяга бязьвізавага рэжыму можа прыйсьці зьніжэньне коштаў шэнгенскіх візаў – лічыць палітоляг.
Photo: AIR FORCE ONE/flickr.com/Commercial use allowed

Галоўнай падзеяй апошніх 7 дзён, безумоўна, зьяўляецца ўвядзеньне бязьвізавага ўезду для грамадзянаў 80 разьвітых краінаў сьвету. На працягу апошняга тыдня кіраўнік дзяржавы неаднаразова заяўляў, што не дазволіць зьневажаць Беларусь, а ўрад пайшоў на скарачэньне дзяржаўных субсыдыяў. Ці паедуць у Беларусь турысты? Хто, на думку Аляксандра Лукашэнкі, зьневажае краіну, і ці аздаровіць скарачэньне субсыдыяў беларускую эканоміку? На гэтыя тэмы ў сёньняшнім «палітычным люстэрку» разважаюць Максім Руст і Аляксандар Папко.

«Наступным крокам павінна быць зьніжэньне коштаў шэнгенскіх візаў»

9 студзеня Беларусь дазволіла бязьвізавы ўезд грамадзянам 80 краінаў, у тым ліку Эўразьвязу, ЗША, Бразыліі й Японіі. Праўда, усяго на 5 дзён і пры ўмове ўезду ў краіну празь аэрапорт Менску. Якія наступствы прынясе такое рашэньне? Ці паедуць у Беларусь турысты, ці палепшыцца яе імідж на міжнароднай арэне?

Максім Руст: Гэта вельмі своечасовае рашэньне беларускіх уладаў. Яно сапраўды паправіць імідж Менска на міжнароднай арэне. Але невядома, ці не дэманструе Менск перад Масквой яшчэ й незалежнасьці сваёй зьнешняй палітыкі. Беларускі ўрад прагназуе, што паток турыстаў павялічыцца на 20%. Ён безумоўна вырасьце, але не настолькі – магчыма, працэнтаў на 10. На макраэканамічныя паказчыкі кароткачасовая адмена візаў наўрад ці паўплывае. Аднак прыток турыстаў дасьць стымул для актыўнага разьвіцьця сфэры паслугаў.

Натуральна, Эўразьвяз і ЗША візаў не скасуюць, але наступным крокам, на маю думку павінна быць зьніжэньне коштаў Шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзянаў. А пасьля магчыма размаўляць пра ўступленьне ў дзеяньне дамовы аб малым памежным руху з Польшчай і Летувой.

Дзяржаўным прадпрыемствам далі сыгнал: рэфармуйцеся

Беларускі ўрад скараціў субсыдыяваныя крэдыты для дзяржаўных прадпрыемстваў і інфраструктурных праграмаў. У параўнаньні зь мінулым годам аб’ём ільготных крэдытаў дзяржпрадпрыемствам скараціўся на траціну. Такога кроку ад Менска патрабаваў як Міжнародны валютны фонд, так і Эўразійскі фонд стабілізацыі й разьвіцьця. Хто найбольш пацерпіць ад такога рашэньня, а каму стане лягчэй?

Максім Руст: Я думаю, што ня толькі міжнародныя фінансавыя ўстановы, але й сам Менск разумее неэфэктыўнасьць субсыдыяваньня. Добра тое, што эканамічныя аргумэнты пачынаюць пераадольваць фактары палітычныя. Што будзе далей з гэтымі дзяржаўнымі молахамі? Натуральна, ніхто не зачыніць вялікія прадпрыемствы. Аднак ім далі сыгнал: шукайце новыя тэхналёгіі, рынкі збыту, альбо зьмяняйце свой мэнэджмэнт. Абмежаваньне субсыдыяў, канешне, эканоміку адразу не аздаровіць, але, магчыма, гэта крок да сапраўдных рэформаў.

5-гадовае разьмеркаваньне якасьці адукацыі не паправіць

9 студзеня былі зьмененыя правілы паступленьня ў беларускія ВНУ. Колькасьць прадметаў, якія можна здаваць пры дапамозе цэнтралізаванага тэставаньня, павялічылася да чатырох. Тэрмін «прыдатнасьці» сэртыфікату павялічаны да двух гадоў. Выпускнікам профільных клясаў пэдагагічнага накірунку далі магчымасьць паступаць ва ўнівэрсытэты без экзамэнаў, аднак тэрмін абавязковай адпрацоўкі для іх павялічылі ажно да пяці гадоў. Чым выклікана такое рашэньне?

Максім Руст: Беларуская сыстэма вышэйшай і сярэдняй адукацыі – гэта сумесь архаічных падыходаў з эфэктыўнымі падыходамі ў некаторых галінах – напрыклад, у тэхнічнай адукацыі. Тэрмін дзеяньня сэртыфікатаў цэнтралізаванага тэставаньня. На маю думку, павінен быць 5 гадоў – так, як у шматлікіх краінах. Гэта сур’ёзны іспыт, за праходжаньне якога чалавек павінен атрымаць надзейны дакумэнт.

Калі казаць пра настаўнікаў – то ў Беларусі зь імі, сапраўды, вялікая праблема. Выпускнікоў пэдагагічных ВНУ шмат, але ўмовы працы настаўнікаў і тыя заробкі, якія яны атрымліваюць, прыводзяць да таго, што людзі адпрацоўваюць па разьмеркаваньні й пакідаюць школу, альбо пасьля выпуску спрабуюць уцячы з краіны. Беларускія ўлады, як заўсёды, спрабуюць вырашыць праблему адміністрацыйнымі мерамі: маўляў, паступайце без экзамэнаў, але пасьля працуйце 5 гадоў. Зразумела, посьпеху такія крокі мець ня будуць.

Дарэчы, 2017 год – гэта год, калі ў Беларусі павінныя пачаць выдаваць эўрапейскія дадаткі да дыплёмаў, а таксама павінен зьявіцца інстытут, якія кантралюе якасьць беларускай адукацыі. Паглядзім, ці сапраўды гэта адбудзецца.

Лукашэнка пагражае прыхільнікам «русского мира»

«Мы нікому не дазволім зьневажаць наш народ і дзяржаву. Калі хтосьці гэтага не разумее, тады нам няпроста будзе зь імі не тое што будаваць адносіны, але і размаўляць », – заявіў Аляксандар Лукашэнка на Раство, падчас наведваньня Свята-Духава сабора Менска. З кім палемізаваў кіраўнік Беларусі?

Максім Руст: Гэты выступ Аляксандра Лукашэнкі быў пэўным пасланьнем на 2017 год. Расшыфраваць яго можна наступным чынам: «Усім тым, каму беларуская дзяржава й дзяржаўнасьць у сёньняшнім выглядзе не падабаюцца – мала не пакажацца». Перадусім гэта паланьне скіраванае ў бок усходу. І грамадзянская супольнасьць, і беларускія ўлады разумеюць, што інфармацыйны, палітычны й эканамічны ціск з боку Расеі будзе нарастаць. Другі адрасат – пасьлядоўнікі «русского мира» ўнутры Беларусі. Лукашэнка кажа: «Калі вы будзеце надалей пісаць, што Беларусь – гэта недадзяржава, то мы будзем размаўляць з пазыцыі сілы». Але варта памятаць, што размова з пазыцыі сілы можа заўсёды перавесьціся і на прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт