Logo Polskiego Radia
Print

Расейская звышпраблема для краін Усходняй Эўропы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.01.2017 17:30
  • Расейская звышпраблема.mp3
Вільня хоча вырашыць гэтую праблему рэгіянальным партнэрствам.
Foto: PAP/Paweł Supernak

З афіцыйным візытам у Варшаву прыехаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Летувы.

Летувіскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус прыехаў з афіцыйным візытам у Польшчу. Галоўным пунктам візыту стала сустрэча з польскім міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім. Гэта першы візыт летувіскага міністра пасьля стварэньня новага ўраду ў Летуве.

Прэсавая сакратарка МЗС Ёанна Вайда паведаміла, што міністры абмеркавалі двухбаковыя адносіны, сытуацыю ва Ўкраіне ды Ўсходняе партнэрства. Таксама яны ўсклалі вянкі пад помнікам ахвяра Смаленскай катастрофы на Павонзках. Летувіскі міністар выступіў з прамовай у Польскім інстытуце міжнародных адносін.

Летувіскі дыплямат зазначыў, што Варшава ды Вільня павінны засяродзіцца на рэгіянальным супрацоўніцтве, у тым ліку на энэргетыцы. Разам з тым міністар прызнаў, што ёсьць праблемы ў адносінах Польшчы й Летувы, але яны не павінны быць перашкодай у наладжваньні адносін. Адна з такіх праблем – гэта палітыка Крамля.

Лінас Лінкявічус: Расея – гэта не звышдзяржава, а звышпраблема. У першую чаргу ў зьвязку з ейнымі дзеяньні ў дачыненьні да суседзяў. Небясьпечная спроба перагляду межаў у Эўропе ХХІ-га стагодзьдзя. Тым больш, што найбольш ад гэтага пакутуе як раз не Расея.

У зьвязку з гэтым летувіскі міністар прывёў прыклад энэргетыкі.

Лінас Лінкявічус: У нашым рэгіёне энэргетыка – гэта ня толькі энэргія ды эканоміка. Яна ўплывае на сувэрэнітэт. Можна быць незалежным, чальцом ЭЗ ды NATO, але, калі ёсьць толькі адна крыніца энэргасыравіны, тады няма ніякай незалежнасьці. Ёсьць толькі шантаж.

Іншай пагрозай для Польшчы й Летувы, якую абмяркоўвалі ў Варшаве, стала інфармацыйная вайна, якую вядзе Крэмль у Эўропе. Таму Вільня прапануе Варшаве сумесна дзейнічаць на карысьць Усходняга партнэрства, паглыбленьня адносін ЭЗ з Беларусьсю, Украінай, Малдовай, Армэніяй, Грузіяй ды Азэрбайджана.

У Польшчы візыт летувіскага міністра ды ягоныя словы выклікалі пазытыўную рэакцыю. У Варшаве экспэрты выказваюць спадзяваньні, што гэта можа прычыніцца да вырашэньня старых спрэчках паміж дзьвюма краінамі, хоць на гэта трэба будзе шырэйшая згода ў Летуве. Гаворыць Дамінік Вільчэўскі з парталу «Балтыйскі агляд».

Дамінік Вільчэўскі: Справы навучаньня ды правапісу прозьвішч залежыць ад пазыцыі розных устаноў, у першую чаргу ад летувіскага Сэйму, дзе ёсьць розныя пазыцыі па гэтым пытаньні. Не зразумела, якая ідэя здабудзе падтрымку.

Экспэрт перакананы, што гэтыя састарэлыя канфлікты абмяжоўваюць разьвіцьцё супрацы паміж дзьвюма краінамі.

Дамінік Вільчэўскі: Эканамічнае супрацоўніцтва на ўзроўні малога й сярэдняга бізнэсу даволі добра складваецца. Польска-летувіскаму партнэрству не хапае дынамікі, каб вырашыць састарэлыя спрэчкі ды комплексы.

Цяпер Вільня ды Варшава дэманструюць жаданьне адкінуць супярэчнасьці ды размаўляць пра супрацу ў энэргетыцы, сумесныя транспартныя праекты ды інш.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт