Logo Polskiego Radia
Print

Форум Давос: прамысловая рэвалюцыя ў ценю міграцыйнага крызысу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.01.2017 16:20
  • Форум Давос.mp3
Гэтыя тэмы дамінавалі на сёлетнім Сусьветным эканамічным форуме, які штогод праходзіць у швэйцарскім Давосе.
Foto: LAURENT GILLIERON/PAP/EPA

З аднаго боку новыя тэхналёгіі ды адказнае лідарства, зь іншага – тэрарызм, міграцыйны крызыс ды рост сацыяльнай няроўнасьці. Гэтыя тэмы здамінавалі сёлетні Сусьветны эканамічны форум, які штогод праходзіць у швэйцарскім Давосе.

У Швэйцарыі завяршыўся 47-мы Сусьветны эканамічны форум, які прайшоў пад лёзунгам «Адказнае лідарства» ды «Як апанаваць чацьвёртую прамысловую рэвалюцыю». На форум прыехала рэкордная лічба гасьцей: больш за 3 тысячы палітыкаў, кіраўнікоў канцэрнаў, грамадзкіх арганізацый, экспэртаў і славутых асоб з усяго сьвету. Яшчэ больш рэкордная колькасьць жаўнераў – больш за пяць тысяч – сачыла за парадкам падчас імпрэзы. Таксама ўпершыню на форум завітаў прэзыдэнт Кітая, затое не было лідараў заходняга сьвету: ЗША, Нямеччыны, Францыі.

Чатыры дні ішла дыскусія пра далейшае разьвіцьцё плянэты пад адказным кіраўніцтвам. Экспэрты казалі пра тое, што ў бліжэйшыя гады кожнае другое працоўнае месца зойме машына, пад пагрозай ліквідацыі 5 мільёнаў працоўных месцаў у найбольш разьвітых эканоміках сьвету. Разам з гэтым расьце няроўнасьць, палова сусьветнага капіталу ў руках некалькі чалавек – кіраўнікоў глябальных карпарацый. Карпарацыі імкнуцца не дзяліцца сваімі даходамі, пазьбягаючы падаткаў. З Давоса перадае карэспандэнт Польскага радыё Караль Такарчык.

Караль Такарчык: З такім заклікам выступіў польскі віцэ-прэм’ер Марвецкі падчас дыскусіі на тэму выхаду з крызысу. Ён запрапанаваў шукаць рашэньне ў падатковай палітыцы, якая павінна грунтавацца на салідным фундамэнце. То бок на большай зьбіраемасьці падаткаў ад карпарацый. Эўрапейская камісія заявіла ў адказ, што працуе над мэханізмам, як змусіць карпарацыі плаціць падаткі. У сваю чаргу прадстаўнікі ААН заклікалі палітыкаў прысьпешыць, бо толькі ў 2015-м годзе розьніца паміж прагназаванымі ды рэальнымі даходамі ад падаткаў склала 9% ВУП.

У Давосе згадвалі справу «Panama Papers», якая паказала маштаб пазьбяганьня ад падаткаў у сьвеце. Урэгуляваньне гэтай справы важна ня толькі для бедных краін, але багатых таксама, інакш будзе як нядаўна ў Эўропе. Гаворыць міністар фінансаў і разьвіцьця Польшчы Матэўш Маравецкі.

Матэўш Маравецкі: Адкуль ідзе ў Эўразьвяз найбольш прамых непасрэдных інвэстыцый? На першым месцы – ЗША, што натуральна для эканомікі такіх памераў. На другім Швэйцарыя, што менш натуральна. Затое на трэцім – Бэрмуды.

Прысутныя ў Давосе паліткі абяцалі абмежаваць гэтую практыку. Такія намеры абвясьціла кіраўніцтва Эўрапейскай камісіі. Аднак на фоне растучых пагроз бясьпекі, у палітыкаў могуць не дайсьці рукі да карпарацый. Другой дамінуючай тэмай форума стала тэрарыстычная пагроза, якая змушае людзей да масавай міграцыі, ды рост напружанасьці ў сьвеце з-за агрэсіўнай палітыкі Расеі. Пра гэта востра казаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Вітальд Вашчыкоўскі: Праблема ў тым, што любая цяперашняя прапанова Пуціну з нашага боку будзе адрынутая. Мы патрэбныя яму толькі ў якасьці ворага. Гэта тыпічны палітычны ход уладара, якому патрэбнае тлумачэньне, ахвяра.

Рэцэптам на гэтыя праблемы павінны стаць моцныя міжнародныя ўстановы. Пра гэта казаў у Давосе генэральны сакратар NATO Ёнс Столтэнбэрг.

Ёнс Столтэнбэрг: Апошнім часам гучаць галасы пра страту сувэрэнітэту. Я бачу толькі адзін шлях захаваньня сувэрэнітэту ў нашы складаныя ды зьменлівыя часы. Эўрапейскі Зьвяз – гэта першая пасьля Кітаю эканоміка сьвету, далёка наперадзе ЗША. Гэта першы рынак сьвету, першы гандлёвы партнэр у сьвеце. Эўразьвяз таксама падтрымлівае бясьпеку, хоць і не вайсковымі сродкамі як NATO, што мае 16 вайсковых місій ва ўсім сьвеце.

Гэты парадак трэба ўтрымаць, заклікалі прысутныя ў Давосе экспэрты ды палітыкі падчас 47 Сусьветнага эканамічнага форума. Сёлета сустрэча прайшла пад знакам «Адказнага лідарства».

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт