Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка рыхтуе беларусаў «абараняцца» ад Масквы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.02.2017 20:43
  • Лукашэнка рыхтуе беларусаў «абараняцца» ад Масквы.mp3
«Заявы пра неабходнасьць абараняць незалежнасьць сьведчаць, што па газе й авіябазе дамовіцца не ўдалося, таму эканамічны ціск Расеі будзе расьці».
pixabay.com/Public Domain/CC0

Мінулыя 7 дзён прайшлі пад сярод заяваў беларускіх уладаў пра неабходнасьць захаваць незалежнасьць, вайсковых вучэньняў і арыштаў прадпрымальнікаў. Наколькі востра перад Беларусьсю навісла вайсковая пагроза? Як адаб’юцца на бізнэс-клімаце краіны новыя арышты вядомых бізнэсмэнаў і ці ўдасца гігантам беларускай прамысловасьці выйсьці на эўрапейскія біржы? Гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й аналітык EAST-Center Андрэй Елісееў.

«Беларусь будзе мець больш праблемаў, калі вучэньні «Захад-2017» не адбудуцца»

Перапалох у беларускіх і ўкраінскіх СМІ зрабіла публікацыя ўкраінскага аналітыка Аляксея Арэстовіча. 25 студзеня ён заявіў, што пад выглядам вучэньняў «Захад-2017» Расея можа ўвесьці войскі ды «акупаваць Беларусь». 30 студзеня ў беларускай арміі пачалася комплексная праверка баявой гатоўнасьці. На службу будуць прызваныя 3000 рэзэрвістаў. Наколькі засьцярогі Арэстовіча абгрунтаваныя? З якой мэтай праводзяцца чарговыя маштабныя вучэньні?

Андрэй Елісееў: Лепшыя беларускія вайсковыя аналітыкі ўжо растлумачылі што верагоднасьць такога сцэнару яўна перабольшаная. Беларускія ўлады маюць магчымасьці й знойдуць спосабы іх выкарыстаць, каб расейскія вайскоўцы, якія прыедуць у Беларусь, зь яе пазьней выехалі. Беларусь будзе мець значна больш праблемаў, калі гэтыя вучэньня ня пройдуць. Калі Беларусь раптам «саскочыць», то гэта будзе азначаць, што Менск ставіць пад пытаньне вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй. А гэта адзін з асноўных пунктаў стратэгічных інтарэсаў Расеі ў Беларусі.

А цяперашняя праверка баявой гатоўнасьці, на маю думку, зьвязаная акурат з сэрыяй сумесных расейска-беларускіх вучэньняў, якія плянуюцца ў гэтым годзе. Беларусь пакуль рыхтуецца й праводзіць праверкі на нацыянальным узроўні.

Беларусаў рыхтуюць да таго, што эканамічны ціск Расеі будзе расьці

«Нам незалежнасьць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёньня ваюе наша братэрская Ўкраіна. [...]Бог перад намі паставіў гэтыя цяжкія задачы, каб мы адчувалі, што такое незалежнасьць», – заявіў 26 студзеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з навукоўцамі. Пры гэтым кіраўнік Беларусі зазначыў, што «лінія барацьбы за незалежнасьць праходзіць праз эканоміку». Выказваньне Лукашэнкі паўтарылі папулярныя расейскія інтэрнэт-рэсурсы. Некаторыя расейскія нацыяналісты нават прыгразілі, што пры такім разьвіцьці падзеяў яны хутка будуць «заганяць братушак-беларусаў у «катлы». З якой мэтай Лукашэнка зрабіў такую заяву, і каму яна адрасаваная?

Андрэй Елісееў: Як вядома, Лукашэнка шмат чаго й шмат каму гаворыць, і ня ўсе яго словы трэба ўспрымаць усур’ёз. Але гэтая заява сапраўды вельмі цікавая. Калі давесьці думку да канца, то атрымаецца, што Лукашэнка рыхтуе беларускую грамадзкую думку да далейшага пагаршэньня адносінаў з Расеяй. Лукашэнка кажа, хоць і не наўпрост: «Украіна цяпер абараняе сваю незалежнасьць ад Расеі вайсковымі мэтадамі, а Беларусь будзе абараняцца эканамічнымі». Можна меркаваць, што Лукашэнка разглядае такі варыянт падзеяў, як працяг Расеяй эканамічнага ціску на Беларусь. Гэтая фраза адрасаваная беларусам. Яна можа сьведчыць пра тое, што ў бліжэйшы час з Расеяй дамовіцца не атрымаецца, і пахаладаньне будзе працягвацца.

На Кныровіча звальваюць віну за рост тарыфаў ЖКГ

«Ніякай літасьці да жулікаў быць не павінна. Злодзей павінен сядзець у турме», – такім чынам Аляксандар Лукашэнка 27 студзеня пракамэнтаваў затрыманьне вядомага беларускага прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча. Яго й яшчэ 10 чалавек абвінавачваюць у хабарніцтве й арганізацыі падстаўных тэндэраў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Як арышт Кныровіча адаб’ецца на бізнэс-клімаце ў Беларусі? Які лёс чакае прадпрымальніка, які, паводле беларускага тэлебачаньня, «ужо прызнаў сваю віну»?

Андрэй Елісееў: Не зважаючы на тое, вінаваты Кныровіч ці не, гэты выпадак мае яўны палітычны падтэкст. Арышты прадпрымальнікаў у Беларусі – зьява нярэдкая. Аднак, па-першае, Лукашэнка рэдка асабіста й настолькі рэзка выказваецца пра арыштаваных. Па-другое, дзяржаўнае тэлебачаньне прысьвяціла арышту Кныровіча цэлы сюжэт. Па-трэцяе нават КДБ у сваім прэс-рэлізе падкрэсьліў, што Кныровіч сваімі дзеяньнямі павысіў кошты камунальных паслугаў для насельніцтва. А павышэньне камунальных тарыфаў – цяпер вельмі гарачая тэма. Канешне, справа Кныровіча не дадае Беларусі інвэстыцыйнай павабнасьці – нават не сам факт арышту (можна дапусьціць, што прадпрымальнік быў у нечым вінаваты), а тое, што кіраўнік дзяржавы да вынясеньня вэрдыкту суда можа заявіць, што прадпрымальнік вінаваты, а дзяржаўнае тэлебачаньне будзе трансьляваць гэта. Гэта кепскі сыгнал для замежных інвэстараў.

Выхад на біржу пакажа, колькі рэальна каштуюць гіганты беларускай прамысловасьці

Буйныя беларускія прадпрыемствы ўжо ў гэтым годзе плянуюць прадаць частку сваіх акцыяў на Варшаўскай валютна-фондавай біржы. Пра гэта заявіла 29 студзеня польская газэта Rzeczpospolita. Цікавасьць да продажу акцыяў, паводле газэты, праяўляюць «Беларусбанк», Мазырскі й Наваполацкі НПЗ, БелАЗ і адна з буйных ІТ-кампаніяў. З якой мэтай дзяржпрадпрыемствы жадаюць выйсьці на біржу, і колькі зь іх гэта сапраўды зробяць?

Андрэй Елісееў: Мэта – гэта атрыманьне фінансаваньня. Замест банкаўскіх крэдытаў прадпрыемствы хочуць атрымаць грошы ад продажу акцыяў. Напэўна, мае сэнс ня ехаць у далёкі Лёндан, а зьвярнуцца ў Варшаўскую біржу – самую вялікую ў нашым рэгіёне. Калі такі выхад адбудзецца (а гаворка пра яго вядзецца ня першы год) то гэта дазволіць рэальна ацаніць вартасьць беларускіх прадпрыемстваў. У рамках працэдуры продажу акцыяў яны павінныя публікаваць падрабязныя справаздачы пра фінансавыя вынікі сваёй дзейнасьці. Можа аказацца, што рэальная вартасьць дзяржаўных прадпрыемстваў не такая высокая, як гэта хацелася б беларускім уладам.

Размаўляў Аляксанадр Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт