Logo Polskiego Radia
Print

Апытаньне «Віцебск у складзе РФ» – правакацыя спэцслужбаў?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.02.2017 21:57
  • Апытаньне «Віцебск у складзе РФ» – правакацыя спэцслужбаў.mp3
Беларускае КДБ такім чынам магло правяраць наяўнасьць «унутраных ворагаў», – лічыць палітоляг.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Мінулыя 7 дзён пайшлі пад знакам пагаршэньня адносінаў з Расеяй. Крэмль распарадзіўся ўвесьці памежную тэрыторыю на мяжы зь Беларусьсю, Аляксандар Лукашэнка прыгразіў пасадзіць кіраўніка расейскага санітарнага ведамства, а расейскія СМІ абвінавацілі Лукашэнку ў «паўзучай здрадзе». Ад чаго засланяецца Расея на заходнім накірунку? Якія галоўныя абвесткі зрабіў Лукашэнка на сваёй прэс-канфэрэнцыі? Хто арганізуе ў інтэрнэце апытанкі пра далучэньне Віцебска да Расеі? На гэтыя і іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.

«Памежная зона – яўны сыгнал недаверу да Беларусі»

Расея ўстанавіла памежную зону на мяжы зь Беларусьсю. Адпаведнае распараджэньне 29 сьнежня падпісаў дырэктара ФСБ Расеі, аднак вядома гэта стала толькі 1 лютага. Памежнага кантролю на мяжы не ўвялі, але памежная зона – гэта тэрыторыя, якая знаходзіцца пад пільным наглядам памежнікаў і спэцслужбаў. Аказваецца, Беларусь устанавіла такую зону на мяжы з Расеяй яшчэ ў 2014 годзе. Ад чаго ці ад каго адгароджваюцца дзьве дзяржавы?

Максім Руст: Калі Беларусь уводзіла памежную зону, яна ўзгадняла гэты крок з Расеяй і прадстаўляла абгрунтаваньне. У 2014 годзе яна хацела кантраляваць міграцыйныя патокі з Расеі. Расея сёньня рацыянальнай аргумэнтацыі не прадстаўляе. Па-першае, загад кіраўніка ФСБ Расеі быў падпісаны яшчэ да ўвядзеньня бязьвізавага ўезду празь Менск. Па-другое, база дадзеных і сыстэма праверкі асобаў, якія прылятаюць у Беларусь усё роўна агульная з Расеяй. Таму ўвядзеньне памежнай зоны – гэта сыгнал недаверу да «братняй Беларусі». Мы пакуль не назіраем нейкага незваротнага працэсу ў беларуска-расейскіх адносінах, але крызыс насамрэч глыбокі. Мне падаецца, што ўвядзеньне памежнай зоны Расеяй можа быць у будучыні выкарыстанае для палітычнага й эканамічнага ціску на Беларусь.

Лукашэнка дэманструе незалежнасьць...і нерэфармавальнасьць

7 гадзінаў 20 хвілінаў працягвалася прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для беларускіх і замежных СМІ. Падчас свайго рэкордна доўгага выступу кіраўнік Беларусі выказаўся на дзесяткі тэмаў – ад прэзыдэнцкіх амбіцыяў сваіх сыноў і рэцэпту любімай гарэлкі да праблемаў міжнароднай палітыкі. Расейскія і беларускія СМІ зьвярнулі ўвагу на тое, як Лукашэнка раскрытыкаваў расейскія ўлады за абмежаваньне паставак нафты ў Беларусь і беларускіх тавараў на расейскі рынак. Якія тры галоўныя выказваньні Лукашэнкі вы б вылучылі? Каму яны былі адрасаваныя?

Максім Руст: Я б не стаў цытаваць Аляксандра Лукашэнку. Як мы ведаем, ён гаворыць вельмі шмат і зьвяртаецца шмат да каго. Я б вылучыў некалькі важных тэмаў. Першая – гэта пытаньне незалежнасьці Беларусі. Лукашэнка заявіў, што расейская авіябаза ў Беларусі не патрэбная, і што пасьля вучэньняў «Захад-2017» расейскія войскі пакінуць Беларусь. Другая тэма – расейска-беларускія адносіны. Выказваньні Лукашэнкі па гэтым пытаньні былі вельмі завуаляванымі. Мне падаецца, Лукашэнка яшчэ не прызнаў правалу гэтай інтэграцыі, але ён бачыць, што адносіны з Расеяй зайшлі ў тупік. Лукашэнка стараўся заявіць Маскве, што такая інтэграцыя, якая існуе сёньня, Беларусі ня выгадная.

Трэцяя, магчыма, самая галоўная тэма – гэта выказваньні пра эканоміку. З аднаго боку, Лукашэнка прызнаў, што сытуацыя дрэнная й трэба зьмяняць саму сыстэму кіраваньня эканомікай. Але ён таксама даў зразумець, што ані ён, ані сыстэма не гатовыя да рэформаў. Такім чынам, падчас канфэрэнцыі былі агучаныя шматлікія праблемы, але, на жаль, не было прапанавана пляну дзеяньняў ці хаця б некалькіх наступных крокаў.

Беларускія спэцслужбы адсочваюць сэпаратысцкія настроі?

4 лютага ў суполцы Вконтакте «Типичный Витебск», у якой зарэгістраваныя больш за 100 тысячаў чалавек, зьявілася апытанка «Віцебск у складзе РФ». З больш як 7000 удзельнікаў 36% прагаласавалі за далучэньне беларускага абласнога цэнтра да Расеі. Дарэчы, пазьней гэтае апытаньне з суполкі было выдалена. Што гэта было: недарэчны жарт, крык адчаю рэгіёну ці дывэрсія сумнавядомых «крамлёўскіх троляў»? Чым выклікана зьяўленьне такога правакацыйнага пытаньня ў папулярнай суполцы?

Максім Руст: Найбольш верагоднымі мне падаюцца 2 варыянты. Па-першае, гэта можа быць правакацыя троляў – альбо ўнутрыбеларускіх, альбо расейскіх. А другі варыянт – гэта сьвядомая апэрацыя беларускіх спэцслужбаў, каб манітараваць так званых «унутраных ворагаў». Гэта беларуская ўлада ўжо рабіла не раз. Аднак незалежна ад матывацыі ды аўтараў гэтага апытаньня, мы павінныя быць гатовыя да таго, што такія рэчы будуць зьяўляцца ў Беларусі ўсё часьцей. Беларускія спэцслужбы павінныя адсочваць такіх актыўных заўзятараў пераходу Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі, рэагаваць своечасова й моцна, аднак выключна ў рамках закону.

Дэкрэт аб дармаедах не адменяць, хоць ён і не працуе

«На прадпрыемствах Беларусі запаволілася цякучасьць кадраў, былі запоўненыя незапатрабаваныя раней вакансіі. Людзі пачалі шанаваць свае працоўныя месцы» Такі адказ на зварот з патрабаваньнем адмяніць «дэкрэт аб дармаедах» атрымала з Адміністрацыі прэзыдэнта дэпутатка Ганна Канапацкая. Калі дэкрэт выконвае такую карысную функцыю – а менавіта ўтрымлівае людзей на заводах, якія часьцяком стаяць – ці будзе ён адменены? Нагадаем, падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі на адмену дэкрэту намякаў сам Лукашэнка, а подпісы за гэта зьбіраюць па ўсёй краіне.

Максім Руст: Дэкрэт не адменяць. Гэта была ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі, і калі ён саступіць, то прадэманструе сваю «слабасьць». Аднак Адміністрацыя прэзыдэнта сама разумее, што дэкрэт не працуе. Таксама яна разумее, што сацыяльныя пытаньні могуць стаць калі не каталізатарам, які прымусіць людзей выйсьці на вуліцу, то аб’яднаць іх, а гэта створыць праблему для ўлады. Намёк, які даў Лукашэнка падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі – гэта зялёнае сьвятло для чыноўнікаў, каб пачаць перапрацоўку гэтага дэкрэту. Яго не адменяць, але могуць зьмяніць. Пытаньнеў тым, як будуць выглядаць гэтыя зьмены і ці ня зробяць яны гэты дэкрэт яшчэ больш абсурдным.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт