Logo Polskiego Radia
Print

Правыя радыкалы вярэдзяць паваенныя раны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.02.2017 15:25
Сытуацыя закранае беларусаў ды праваслаўных, што жывуць на Падляшшы.
Foto: Facebook/ONR Białystok

У Гайнаўцы, дзе большасьць жыхароў складаюць беларусы й праваслаўныя, ультраправыя арганізацыі зноў ладзяць марш у памяць удзельнікаў польскай антыкамуністычнай паваеннай партызанкі (якіх у Польшчы называюць “Выклятымі жаўнерамі”), у тым ліку Рамуальда Райса па псэўданіме “Буры”. Тэму асьвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”. Гэты чалавек у 1946-м годзе зладзіў масавыя забойствы беларусаў на Падляшшы, піша выданьне. У 2005-м годзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прызнаў яго адказным за “злачынства генацыду польскіх грамадзян па прычыне іх беларускай нацыянальнасьці ды праваслаўнага веравызнаньня”.

Газэта зазначае, што ІІ марш “Выклятых жаўнераў” пройдзе ў Гайнаўцы 26-га лютага. Марш ладзяць нацыяналістычныя арганізацыі. Іх прыхільнікі пішуць у сацыяльных сетках, што насамрэч “Выклятыя жаўнеры” – іх героі, якім прыпісваюць чыны, якія яны ніколі не зьдзяйсьнялі. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў мабілізавацца ды прыехаць на марш, каб паказаць, што “чырвоная ды левая Гайнаўка сыходзіць у нябыт”, цытуе выданьне допісы нацыяналістаў.

У сваю чаргу мясцовыя праваслаўныя ўспрымаюць марш як правакацыю, мэта якой - падзяліць жыхароў гораду ды разьвярэдзіць старыя раны. Таму ў дзень маршу праваслаўныя будуць маліцца за выбачэньне вінаў напярэдадні Вялікага поста. Адваротную пазыцыю займаюць тамтэйшыя каталіцкія герархі: яны нічога кепскага ў маршы ня бачаць.

Рашэньне пра тое, ці выдаць дазвол на правядзеньне маршу, будзе прымаць гарадзкая рада дэпутатаў. Старшыня рады заявіў, што справамі, зьвязанымі з гісторыяй, павінны займацца гісторыкі, а ня хлопцы, якія ня маюць ведаў, а хочуць толькі папулярнасьці, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт