Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка задумаўся аб адыходзе ад улады?

Czwórka
Alaksandar Papko 15.02.2017 22:20
  • Лукашэнка задумаўся аб адыходзе ад улады.mp3
«Узрост бярэ сваё. Лукашэнка думае пра адыход ад улады, але не пра дэмакратызацыю...»
wikimedia commons/Okras (Own work)/CC BY-SA 4.0

Наколькі незалежная Беларусь у сваёй унутранай і зьнешняй палітыцы? Ці крызыс падштурхне ўлады спрасьціць умовы вядзеньня бізнэсу? Ці Лукашэнка сапраўды задумваецца пра тое, каб адыйсьці ад улады? Такія пытаньні выклікалі падзеі мінулых 7 дзён. Скандал з экстрадыцыяй украінскага паэта Сяргея Жадана, прапанова галоўрэда «Народнай Волі» Аляксандру Лукашэнку, заявы ўладаў аб скарачэньні колькасьці праверак малога бізнэсу. Гэтыя ды іншыя тэмы тыдня ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко ды аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Жадан адносінаў з Масквой не сапсуе – яны і так даволі сапсаваныя

Уначы на 11 лютага вядомага ўкраінскага паэта й пісьменьніка Сяргея Жадана затрымалі ў Менску і паставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд у Беларусь. Аказваецца, яшчэ ў 2015 годзе Расея забараніла яму ўезд на сваю тэрыторыю «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Забарона дзейнічае і ў Беларусі, паколькі ў краінаў агульная візавая прастора. Дэпартацыя славутага літаратара выклікала скандал. Забарону літаральна празь некалькі гадзінаў адмянілі. Як скандал з Сяргеем Жаданом паўплывае на беларуска-ўкраінскія й беларуска-расейскія адносіны?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што беларуска-ўкраінскія дачыненьні толькі палепшацца. Нягледзячы на абсурднасьць усёй гэтай сытуацыі, яна была вырашаная пазытыўна й даволі хутка. Тут спрацоўвае досыць простая псыхалёгія: калі нехта робіць дрэннае, а пасьля гэта выпраўляе, то часта застаецца пэўны пазытыўны асадак. Хоць пры гэтым, натуральна, некаторыя ўкраінцы задумаюцца, ці варта езьдзіць у Беларусь, калі ў ёй дзейнічаюць такія правілы. На стасункі ж з Расіяй, мне падаецца, гэтая сытуацыя не паўплывае. Калі бакі ня могуць дамовіцца па газе, нафце й яшчэ тысячы справах, то «нейкі ўкраінскі пісьменьнік» наўрад ці можа сапсаваць нешта яшчэ больш.

Лукашэнка задумаўся аб адыходзе ў гісторыю?

Аляксандар Лукашэнка «сёньня ня той, якім быў пятнаццаць-дваццаць гадоў таму. Нават, магчыма, ня той, якім быў летась-пазалетась. Знаходзячыся ў руля ўлады, ён, адчувае небясьпеку, якая можа навіснуць над краінай», – напісаў галоўны рэдактар газэты «Народная Воля» Іосіф Сярэдзіч пасьля сваёй сустрэчы з Аляксндрам Лукашэнкам, якая прайшла 12 лютага. Сярэдзіч заявіў, што Лукашэнка хоча ў будучыні мірна перадаць уладу, і таму журналіст запрапанаваў яму за «круглым сталом» дамовіцца з апазыцыяй. Ці сапраўды Лукашэка настолькі зьмяніўся, што думае аб дэмакратызацыі ды адыходзе ад улады? Калі гэты момант наступіць?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што Аляксандр Лукашэнка сапраўды можа разважаць свой адыход ад улады, бо, ўсё ж, узрост бярэ сваё. Але хутчэй гаворка ідзе не пра дэмакратызацыю, а пра спадчыну – што Лукашэнка пакіне пасьлядоўнікам, і кім ён увойдзе ў беларускую гісторыю. І вось тут паўстае пытаньне, бо сёньняшні стан Беларусі досыць благі й, адпаведна, з гэтага растуць спадзяваньні, што кіраўнік краіны захоча нешта палепшыць, каб увайсьці ў гісторыю ня толькі дыктатарам, але й стваральнікам нацыі.

Абяцаньні даць палёгку малому бізнэсу Лукашэнка рабіў ня раз

Аляксандар Лукашэнка загадаў радыкальна скараціць нарматывы, патрабаваньні ды колькасьць праверак малога й сярэдняга бізнэсу. «Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў – ня трэба таргаць людзей, дайце ім магчымасьць займацца справай», – заявіў Лукашэнка 14 лютага на нарадзе па ўдасканаленьні кантрольнай дзейнасьці. Чаму ўлады зьвярнулі ўвагу на малы бізнэс, і ці пачнецца цяпер яго рост?

Рыгор Астапеня: Насамрэч улады часта ўзгадваюць пра малы бізнэс і кажуць акурат тое самае, што казаў Лукашэнка на гэтай нарадзе. Калі паглядзець перадвыбарчую праграму Лукашэнкі – 2010, то там запісана радыкальнае спрашчэньне справаздачнасьці й адміністрацыйных працэдураў. І роўна тое самае было запісана ў праграме 2015 года. І як бы там не было, за апошнія гадоў 10 малы бізнэс у Беларусі стала весьці прасьцей, але я ня думаю што гэта прывядзе да росквіту прадпрымальнікаў. Усё ж не толькі ў праверках праблема, але дрэнных эканамічных пэрспэктывах усёй краіны.

Абурэньне падаткам на дармаедаў ня варта пераацэньваць

У гэты ж дзень у Гомелі пачаўся першы працэс супраць «падатку на дармаедзтва». У суд зьвярнуўся Аляксандр Сямёнаў, які мае 28 гадоў стажу і дзьве вышэйшыя адукацыі, але ня можа працаўладкавацца ўжо два гады. Мужчына хоча даказаць, што ён плаціць падаткі, уключаныя ў цану, напрыклад, прадуктаў ці паслугаў сувязі, таму не павінен плаціць збору. Падтрымаць Сямёнава прыйшлі дзесяткі людзей. Вядома, што з больш як 400 тысячаў патэнцыйных «дармаедаў» плаціць збор пагадзіліся толькі 10%. Ці падатак не адменяць з-за масавага абурэньня й простай немагчымасьці яго спагнаць?

Рыгор Астапеня: Па-першае, усё ж не 10% з г.зв. «дармаедаў» заплаціла падатак, а больш. Бо сярод тых 400 тысяч, якім разаслалі «лісты шчасьця» было шмат людзей, якія акурат пад гэты закон не трапляюць, напрыклад, людзі якія жывуць за мяжой. Я вяду да таго, што ня варта пераацэньваць нежаданьне беларусаў плаціць гэты падатак. Хоць, канешне, цяжка ўзгадаць нейкі іншы закон, які б так зьліў і палітызаваў людзей. Па-другое, я думаю, што цягам году гэтаму закону прыйдзе канец. Калі не фармальны, то фактычны – проста ў закон будуць уводзіцца новыя праўкі, якія будуць абмяжоўваць яго дзеяньне. Усё ж час паказаў, што ўлады з гэтым «дармаедзтвам» стрэлілі сабе ў нагу і цяпер лягічна было б адкруціць сытуацыю.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт