Logo Polskiego Radia
Print

Захад шукае шляхі выхаду з заняпаду

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.02.2017 15:00
  • шляхі выхаду.mp3
Сёньня ў Мюнхэне пачалася штогадовая міжнародная канфэрэнцыя па пытаньнях бясьпекі.
Foto: MSC/Mueller

Сёлета на гэтым уплывовым форум будзе абмяркоўвацца будучыня Захаду ды Аб’яднанай Эўропы. Ці Захад занепадзе, ці Эўразьвяз распадзецца? На гэтыя пытаньні будуць шукаць адказы палітыкі ды экспэрты з усяго сьвету.

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы ладзіцца з 1963-га года. За гэты час дадзеная сустрэча атрымала статус “ключавога спатканьня” палітыкаў ды спэцыялістаў па міжнароднай палітыцы ды пытаньнях стратэгічнай бясьпекі.

Так і сёлета ў сталіцу Баварыі прыехала больш за 500 палітыкаў, лідараў краін, кіраўнікоў урадаў, высокапастаўленых чыноўнікаў з усёй плянэты. Удзел у канфэрэнцыі пацьвердзілі 30 кіраўнікоў дзяржаў, 80 міністраў замежных спраў ды абароны, прадстаўнічая дэлегацыя са Злучаных Штатаў на чале з віцэ-прэзыдэнтам Майклам Пэнcам. Якія тэмы ды пытаньні сёлета найбольш займаюць міжнародную грамадзкасьць? Пра гэта больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: Мюнхэнская канфэрэнцыя адна з найбольш важных сустрэч, прысьвечаная глябальнай бясьпецы ды міжнароднай палітыцы. Штогод у сталіцу Баварыі прыяжджаюць дзейсныя ды былыя кіраўнікі дзяржаў з усяго сьвету. Сёлета найбольшы інтарэс выклікаюць прадстаўнікі новай амэрыканскай адміністрацыі. У Мюнхэн прыляцелі амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт, міністар абароны ды міністар унутранай бясьпекі. У канфэрэнцыі возьмуць удзел канцлер Нямеччыны, прэзыдэнты Ўкраіны, генэральныя сакратары ААН ды НАТО, прэм’еры Вялікабрытаніі, Кітаю, Іраку, Ірану, Расеі ды іншыя. Галоўнай тэма сталі адносіны ЗША пад кіраўніцтвам Трапма з рэштай сьвету. Сярод іншых пытаньняў – брэксіт, бясьпека ЭЗ, вайна ва Ўкраіне, расейская прапаганда ды грамадзянская вайна ў Сырыі.

Адным з галоўных пытаньняў канфэрэнцыі зьяўляецца будучыня Эўрапейскага Зьвязу. Ці аб’яднаная Эўропа застанецца ці распадзецца на кавалкі, як некалі? Дэбаты на такую тэму заяўленыя ў праграме. Арганізатары сустрэчы выступілі з заклікам берагчы эўрапейскае адзінства, а новую адміністрацыю прэзыдэнта ЗША папрасілі не спрыяць распаду. Пра гэта казаў старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, былы дыплямат Вольфганг Ішынгер.

Вольфганг Ішынгер: Трапм павінен перастаць выступаць супраць эўрапейскай інтэграцыі. Калі прэзыдэнт Трамп будзе працягваць агітаваць за тое, каб іншыя краіны ЭЗ пайшлі па шляху Брытаніі, калі ён будзе працягваць гэта рабіць, то гэта будзе параўнальна з абвяшчэньнем вайны, хай сабе, і без ваенных дзеяньняў.

Больш дыпляматычны быў у сваіх выказваньнях Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Кіраўнік альянса казаў у Мюнхэне пра патрэбу ўмацаваньня трансатлянтычных сувязяў у сьвятле сучасных выклікаў бясьпекі.

Енс Столтэнбэрг: Я вельмі рады быць тут у Мюнхэне, асабліва сёлета. Справа ў тым, што цяпер мы перажываем крытычны момант з пункту гледжаньня бясьпекі. У зьвязку з гэтым, як ніколі раней, мы патрабуем моцных трансатлянтычных сувязяў. Эўропа ды Амэрыка, абодва кантынэнты сёньня патрабуюць моцнага трансатлянтычнага партнэрства.

У канфэрэнцыі бяруць удзел таксама прадстаўнікі цэнтральна ды ўсходнеэўрапейскіх краін. Сярод іх прэзыдэнты Ўкраіны, Славэніі, Харватыі, Баўгарыі ды Польшчы. Польскі кіраўнік дзяржавы ў Мюнхэне хоча выступаць з такой пазыцыяй, што Захад: кіроўныя колы ды эліты, павінны зразумець прыроду зьменаў, якія цяпер адбываюцца ў нашым рэгіёне. Пра гэта распавёў Польскаму радыё прэзыдэнцкі міністар Кшыштаф Шчэрскі.

Кшыштаф Шчэрскі: Эўрапейскае ды амэрыканскае грамадзтва прадэманстравала жаданьне зьмен. Мы не павінны баяцца гэтых зьмен. Мы павінны даць канструктыўны адказ на гэтае запатрабаваньне з боку эўрапейскіх, заходніх грамадзтваў.

У праграме Мюнхэнскай канфэрэнцыі пытаньні зьменаў, якія цяпер адбываюцца на Захадзе, будуць шырока абмяркоўвацца. У бліжэйшыя дні і ночы адбудзецца шэраг дыскусій з удзелам лідараў краін пра тое, ці Захад выйшаў на шлях свайго ўпадку, як можна зь яго збочыць. Канфэрэнцыя завершыцца ў нядзелю.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт