Logo Polskiego Radia
Print

«Маршы абураных беларусаў» – гэта толькі пачатак пратэстаў»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.02.2017 23:01
  • Маршы абураных беларусаў» – гэта толькі пачатак пратэстаў.mp3
З 2014 году ВУП Беларусі скараціўся прыблізна на 7%. Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў на сьвеце – зазначае палітоляг.
Акцыя пратэсту ў Гомелі 19 лютага 2017 году. Кадр трансьляцыі тэлеканалу "Белсат". Акцыя пратэсту ў Гомелі 19 лютага 2017 году. Кадр трансьляцыі тэлеканалу "Белсат". youtube.com/screen

Ці атрымаюць працяг «Маршы абураных беларусаў» і як адрэагуюць улады на сацыяльны пратэст? Ці зможа іранская нафта замяніць танную расейскую? Ці захочуць кітайцы купіць акцыі беларускіх прамысловых гігантаў? Галоўныя тэмы апошніх 7 дзён у сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й экспэрт EAST-Center палітоляг Андрэй Елісееў.

«Падаткам на дармаедзтва» ўлады самі загналі сябе ў кут

Галоўнай падзеяй мінулых 7 дзён сталі пратэсты супраць так званага «падатку на дармаедзтва», тэрмін аплаты якога мінуў 20 лютага. У пятніцу 17 лютага каля 3 тысячаў чалавек сабраліся на «Марш абураных беларусаў» у Менску. Пра два дні, нечакана для многіх, шматлюдныя акцыі пратэсту прайшлі ў рэгіянальных цэнтрах. Дзесяткі людзей выйшлі на вуліцы ў Віцебску, Горадні і Берасьці, некалькі соцень – у Магілёве, а ў Гомелі супраць непапулярнага падатку пратэставалі больш за 3 тысячы чалавек. Ці будзе шырыцца сацыяльны пратэст? Хто яго ўзначаліць? Як адрэагуюць улады – скасуюць непапулярны падатак ці пачнуць рэпрэсіі?

Андрэй Елісееў: З 2014 году валавы ўнутраны прадукт у Беларусі скараціўся прыблізна на 7%. Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў з усіх краінаў сьвету. У цяжкой эканамічнай сытуацыі Дэкрэт №3 стаў шмат для каго апошняй кропляй. Апазыцыя ня здольная аб’яднацца. Таму беларусы будуць аб’ядноўвацца самі – праз сацыяльныя сеткі. Уладам, безумоўна, было б лепей скасаваць збор, які не вырашае эканамічных праблемаў, а толькі павышае сацыяльную напружанасьць. Але Лукашэнка грае ў моцнага лідара, які ня можа «адкаціць назад», таму ён сам загнаў сябе ў кут. Мяркую, што Дэкрэт №3 стаў вялікай памылкай сыстэмы. Мы назіраем толькі пачатак часьцейшых і больш масавых сацыяльных пратэстаў.

«7 беларускамоўных садкоў – гэта менш за 1% дашкольнікаў Менска»

У Менску заўважальна вырасьце колькасьць дзіцячых садкоў і клясаў з беларускай мовай навучаньня. 15 сакавіка прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёну сталіцы заявілі, што з новага навучальнага году беларускамоўныя групы зьявяцца ў сямі садках замест двух, а клясы з беларускай мовай навучаньня будуць не ў адной, а ў сямі школах. Улады Беларусі ўсур’ёз мяняюць моўную палітыку? Ці беларускамоўныя клясы пачнуць масава адчыняць у іншых гарадах і раёнах?

Андрэй Елісееў: Гучыць прыгожа, але ўсё пазнаецца ў параўнаньні. У Беларусі каля 4 тысячаў дзіцячых садкоў, зь іх у сталіцы – больш за 400. Калі чыноўнікі абяцаюць стварыць беларускія групы ў 7 установах, то гэта менш за 2% ад усёй колькасьці сталічных садкоў. Калі ўзяць пад увагу, што гэта будуць толькі асобныя групы ў дзіцячых садках, то выйдзе, што дзяцей у такіх садках будзе менш за 1% ад агульнай колькасьці. У Беларусі 300 тысячаў дзяцей дашкольнага ўзросту. Каб хаця б 10% зь іх – гэта значыць 30 тысячаў – хадзілі ў беларускамоўныя групы, то тады можна было б казаць пра нейкую станоўчую тэндэнцыю й дзяржаўную палітыку па адраджэньні мовы. Цяпер адбываецца мізэрны крок наперад. Сыгналаў таго, што гэта будзе масавая зьява – няма.

Іранская нафта – блеф, і Крэмль гэта ведае

Беларусь упершыню набыла партыю нафты ў Ірана – паведаміла 16 сакавіка інфармагенцтва Reuters. Ці Іран, з якога нядаўна былі зьнятыя санкцыі, зможа даць Беларусі дастаткова таннай нафты й кампэнсаваць скарачэньне паставак паліва з Расеі?

Андрэй Елісееў: Купленай у Іране партыі нафты хопіць на пару дзён. Ніхто ня дасьць Беларусі нафты таньней за расейскую. Расейская нафта бязмытная, і кошты на яе дастаўку меншыя. Іранская будзе даражэй прыкладна на траціну. Акрамя таго, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы тэхналягічна дастасаваныя да перапрацоўкі менавіта пэўных тыпаў расейскай нафты. Па сваім складзе, нафта ў Іране, Азербайджане й іншых краінах адрозьніваецца. Пакупка іранскай нафты патрэбная з перамоўнага пункту гледжаньня – каб паказаць Расеі, што мы цалкам ад яе не залежым. Лукашэнка акурат чакае ў Сочы сустрэчы з Пуціным. І набыцьцё нафты патрэбнае для ўзмацненьня перамоўнай пазыцыі. Зрэшты, расейскі бок таксама абазнаны, што пастаўкі іранскай нафты – гэта, па вялікім рахунку, блеф.

Прапанова продажу прадпрыемстваў спазьнілася на 5-10 гадоў

Беларускія ўлады прапануюць кітайскім інвэстарам купіць акцыі ААТ «Гарызонт», «Віцязь», «БАТЭ» і «Гомсельмаш». Пра гэта 21 лютага распавёў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Аляксей Васільеў. Ці спакусіцца Кітай на кавалак беларускага «фамільнага срэбра»?

Андрэй Елісееў: Кітай можа спакусіцца на пэўныя прапановы, калі акцыі будуць мець рэалістычную цану, і ня будуць абцяжараныя рознымі грувасткімі дадатковымі ўмовамі. Беларусь спазьнілася з прапановай продажу на гадоў пяць-дзесяць. Што такое «Віцязь» і «Гарызонт» сёньня? Параўнаем: летась на «Гарызонце» зрабілі ўсяго 22 тысячы тэлевізараў. На «віцязі» – нават меней. А 5 гадоў таму ў Беларусі выпускалася 600 тысячаў тэлевізараў. Прыватызываць гэтыя прадпрыемствы трэба было куды раней. Цяпер з кожны годам яны губляюць сваю рынкавую вартасьць. У шыфраграмах, якія былі апублікаваныя WikiLeaks, амэрыканскія дыпляматы яшчэ 10 гадоў таму пісалі, што кітайскія дэлегацыі бізнэсоўцаў пасьля шматдзённых ваяжаў па Беларусі амаль не знаходзілі цікавых аб’ектаў для ўкладаньня.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт