Logo Polskiego Radia
Print

«Бізнэс-цэнтру ў Курапатах не пабудуюць, і на гэта ёсьць тры прычыны...»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.03.2017 20:17
  • «Бізнэс-цэнтар у Курапатах не пабудуюць, і на гэта ёсьць тры прычыны...».mp3
Як і ў выпадку з «падаткам на дармаедзства» ўлады шукаюць магчымасьць выйсьці з сытуацыі, захаваўшы твар.
КурапатыКурапаты Photo:Andrej Kuźniečyk/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У мінулыя 7 дзён у Беларусі пацягваліся сацыяльныя пратэсты, грамадзкія актывісты абаранялі перад будовай мэмарыял у Курапатах, а Белстат апублікаваў рэальныя лічбы беспрацоўя. Ці вырашацца ўлады спаганяць грошы з тых, хто афіцыйна не працаўладкаваны, сілай? Ці скончыцца будова ля месца сталінскіх расстрэлаў і ці зьменяць улады сацыяльную і эканамічную палітыку пад уплывам новай статыстыкі па беспрацоўі? На гэтыя тэмы ў сёньняшнім «палітычным люстэрку размаўляюць Аляксандар Папко й экспэрт Цэнтру Астрагораскага Рыгор Астапеня.

Калі людзі не ідуць у выканкамы, то выканкамы пойдуць да людзей?

Пратэсты супраць так званага «падатку на дармаедаў» на мінулым тыдні прайшлі ў рэгіёнах. Больш за дзьве тысячы людзей выйшлі на вуліцы Віцебска. 1200 чалавек пратэставалі ў Бабруйску. Яшчэ каля тысячы – у Баранавічах. Улады ж адмяняць «збор на фінансаваньне дзяржаўных паслугаў» не зьбіраюцца. Актывістам незалежнага прафсаюзу РЭП Адміністрацыя прэзыдэнта заявіла, што мясцовыя выканкамы могуць у індывідуальным парадку вызваляць ад аплаты падатку, таму адмяняць яго патрэбы няма. У Гомелі ўдзельнікаў нядаўняга пратэсту пачынаюць штрафаваць, а ў Мазыры да беспрацоўных дадому пачалі хадзіць падатковыя інспэктары і мясцовыя настаўнікі. Які вынікі дадуць такія дзеяньні ўладаў? Ці ўлады гатовыя забіраць грошы сілай?

Рыгор Астапеня: Першае, на што трэба зьвярнуць увагу, гэта адсутнасьць нейкага адзінага падыходу ўладаў. Дзесьці штрафуюць, дзесьці ходзяць падаткавікі, а дзесьці наогул нічога не адбываецца. Здаецца, што ўся сыстэма дагэтуль ня ведае, што рабіць. Па-другое, я думаю, цяпер ідзе пошук нейкага выйсьця, каб улады не паказалі сваю слабасьць, але пры гэтым, кажучы словамі Аляксандра Лукашэнкі, празьмерна не «нагнулі» народ, бо гэта можа дрэнна скончыцца. Таму патрэбны нейкі кампрамісны варыянт – напрыклад, зрабіць так, каб не людзі зьвярталіся ў выканкамы, а выканкамы зьвярталіся да людзей, якія не заплацілі падатак. Трэба знайсьці нейкія індывідуальныя рашэньні.

Бізнес-цэнтру ля месца растрэлаў не пабудуюць з трох прычынаў

Больш за тыдзень цягнецца акцыя пратэсту супраць будовы офіснага цэнтру ў Курапатах – месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў. З дакумэнтаў вынікае, што ўлады Менска спачатку аддалі пад забудову кавалак зямлі ў ахоўнай зоне помніка, а ўжо пасьля перадачы зямлі пад забудову выкрасьлілі ўчастак з ахоўнай тэрыторыі. Супраць будовы выступілі грамадзкія актывісты, мясцовыя жыхары, Каталіцкі касьцёл, праваслаўныя і пратэстанцкія сьвятары. Пра тое, што Курапаты трэба зрабіць агульнанацыянальным мэмарыялам заявіла нават дзяржаўная газэта «СБ-Беларусь сегодня». Дык ці ўдасца спыніць будову ля месца расстрэлаў?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што гэтая сытуацыя нечым нагадвае сытуацыю вакол так званага «падатку на дармаедзтва». То бок тут зноў уладам трэба знайсьці нейкае рашэньне паміж Сцылай і Харыбдай – паказаньнем жорсткасьці альбо слабасьці. Хоць канешне, ёсьць яшчэ больш разумныя варыянты. Адзін зь іх, напрыклад, прапаноўвае Павал Якубовіч. Заключаецца ён у тм, каб дзяржава перахапіла ініцыятыву і сама абараніла Курапаты. Але здаецца, што гэта ўсё ж занадта вытанчана для ўладаў, таму яны на гэта ня пойдуць. Наагул, прагнозы – справа няўдзячная, але я б сказаў, што бізнес-цэнтар не паўстане з трох прычынаў. Па-першае, прававая аргумэнтацыя ў забудоўшчыка слабейшая. Па-другое, забудоўшчык – прыватны, то бок яго можна «кінуць», а дзяржава на гэтым не страчвае. І па-трэцяе, маладафронтаўцы – нязломныя, а садзіць іх зараз улады не хочуць.

Нафтагазавая спрэчка: Масква й Менск гуляюць у «хто міргне першым»

Публіцысты меркавалі, што падчас свайго адпачынку ў Сочы Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з прэзыдэнтам ці прэм’ерам Расеі, каб вырашыць нафтагазавую спрэчку. Аднак сустрэчы не адбылося. Пры гэтым, расейскае кіраўніцтва робіць супярэчлівыя пасланьні. Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак і віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч заяўляюць, што пастаўкі нафты ў поўным аб’ёме вярнуцца, калі Беларусь выплаціць даўгі за газ. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, у сваю чаргу, заяўляе, што Беларусь і Расея «знойдуць выхад з любых, здавалася б цяжкіх сытуацыяў». Якім будзе вынік энэргетычнага канфлікту?

Рыгор Астапеня: Часам здаецца, што гэты канфлікт ужо ніколі ня скончыцца, бо цягнецца ён больш за год. І калі яшчэ восеньню здавалася, што кампраміс ужо блізка, то цяпер бакі знаходзяцца ледзь не на тых самых пазыцыях, што былі год таму. І гэта ўсё ўжо нагадвае гульню, хто міргне першым. А паколькі Беларусь і Расія ўжо прайшлі добры дзесятак канфліктаў, то абодва бакі досыць вытрымалыя. Але ўрэшце нехта міргне і скажа, што «давай дзяліць кошты канфлікту напалову». Але што такое палова ніхто хіба пакуль і не ведае.

"Узровень роспачы ў грамадзтве перавышае лічбы Белстата"

Рэальнае беспрацоўе ў Беларусі нашмат перавышае зарэгістраванае – вынікае з апытаньня хатніх гаспадарак, праведзенага Белстатам. Калі зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі каля 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, то ў сапраўднасьці бяз працы знаходзіцца каля 6%. Гэта значыць – больш за 250 тысячаў чалавек. Многа гэта ці мала? Ці прымусяць рэальныя зьвесткі пра беспрацоўе нейкім чынам зьмяніць дзяржаўную палітыку?

Рыгор Астапеня: Шчыра кажучы, гэтыя 5,8% падаюцца таксама крыху заніжанай лічбай. Бо калі паглядзець на той узровень роспачы і злосьці, які ёсьць у беларускім грамадзтве, то наўрад ці гэтыя 6% адлюстроўваюць сапраўдны стан рэчаў. Бо 6% – гэта не самы страшны паказчык, які можна ўявіць, асабліва ў параўнаньні з нашымі суседзямі. Але ў любым выпадку, прызнаньне такога ўзроўню беспрацоўя - гэта ледзь не гераічны ўчынак для ўладаў. І будзем спадзявацца, што за гэтым прызнаньнем хаваюцца нейкія далейшыя зьмены ў дзяржаўнай палітыцы. Бо з аднаго боку, ёсьць зазлаванае грамадзтва, а з другога боку - міжнародныя арганізацыі, як Сусьветны банк ці Міжнародны валютны фонд, якія маглі б дапамагчы ў барацьбе з беспрацоўем. А пасярэдзіне ёсьць беларускія ўлады, якія б маглі проста спалучыць гэтыя два бакі. І выйгралі б ад гэтага ўсе.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт