Logo Polskiego Radia
Print

Сымбалі камунізму зьнікнуць з польскіх вуліц

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.03.2017 15:54
Сэнацкі законапраект прадугледжвае ліквідацыю амаль 490 савецкіх манумэнтаў у Польшчы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

З грамадзкай прасторы ў Польшчы зьнікаюць помнікі, якія праслаўляюць камунізм. У Сэнаце (вышэйшай палаце польскага парлямэнту) распрацаваны праект адпаведнага закону па гэтай справе, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Сэнатары ад кіроўнай партыі „Права й справядлівасьць” падрыхтавалі законапраект, паводле якога амаль 490 манумэнтаў, у тым ліку помнікаў і валуноў, якія ўсхваляюць камунізм, будуць дэмантаваныя й разбураныя. Паводле дадзеных ваяводзкіх уладаў, на тэрыторыі Польшчы разьмешчана менавіта столькі гэткіх аб’ектаў.

Праект Сэнату зьяўляецца зьменай у Законе аб забароне прапаганды камунізму або любой іншай таталітарнай сыстэмы, які польскі парлямэнт прыняў у 2016 годзе. Закон тычыўся выдаленьня з грамадзкай прасторы ў Польшчы камуністычных назваў вуліц, мастоў, плошчаў і іншых аб’ектаў.

Дарэчы, помнікі будуць дэмантаваць па загадзе ваяводзкіх уладаў пасьля кансультацыі зь Інстытутам нацыянальнай памяці. У выключных выпадках закон можа не прымяняцца да помнікаў, якія былі ўсталяваныя, напрыклад, на могілках або разьмешчаныя ў непублічных месцах, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт