Logo Polskiego Radia
Print

Акадэміі мастацтваў Менска і Лодзі падпісалі дамову аб супрацы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.03.2017 14:35
  • Акадэміі мастацтваў Менска і Лодзі.mp3
21 і 22 сакавіка адбываўся візыт польскай дэлегацыі ў Менск, у рамках якога адначасова рэалізоўваліся тры праграмы.
фота: Польская амбасада ў Менску

Асноўнай часткай быў візыт віцэ-міністра культуры Польшчы Паўла Левандоўскага. Другая частка ахоплівала візыт прадстаўнікоў уладаў гораду Лодзь. Па-трэцяе, гэта бізнэс-сустрэчы польскіх бізнэсмэнаў з беларускімі калегамі, якія будуць працягвацца да канца тыдня.

Асноўнай мэтай візыту віцэ-міністра Паўла Левандоўскага была папулярызацыя польскай Лодзі як кандыдата на арганізатара выставы International EXPO у 2022 годзе. Гэтыя выставы адбываюцца паміж сусьветнымі выставамі EXPO і маюць абмежаваную тэматыку да канкрэтнай праблемы. Размовы ў гэтай справе прайшлі ў Міністэрстве замежных спраў і Міністэрстве культуры, а таксама з уладамі Менску.

Віцэ-міністар культуры сказаў, што беларускія калегі вельмі пазытыўна паставіліся да кандыдатуры Лодзі, аднак канкрэтныя рашэньні не былі прынятыя.

П. Левандоўскі: Не было канкрэтнага абяцаньня падтрымкі. Ёсьць яшчэ час. Гэта важнае палітычнае рашэньне.

Намесьнік мэра Лодзі Кшыштаф Пянткоўскі зазначыў, што падтрымка польскага гораду ляжыць у інтарэсе таксама і Беларусі.

К. Пянткоўскі: Ніколі жыхары Беларусі ня мелі ў такой блізкай адлегласьці такога важнага мерапрыемства, як культурнага, так найперш эканамічнага характару.

Віцэ-міністар Павал Левандоўскі кажа, што падчас сустрэч ён таксама закранаў пытаньне аднаўленьня магіл польскіх жаўнераў з пэрыяду польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе.

П. Левандоўскі: Мы хочам, каб на 100-годзьдзе незалежнасьці Польшчы, магілы былі ўпарадкаваныя. Гэта ўшанаваньне памяці герояў, якія змагаліся за свабодную Польшчу.

Павал Левандоўскі размаўляў таксама пра гэтак званы беларускі катынскі сьпіс. Прайшла сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнага музэя Беларусі Ўладзімірам Пракопцавым.

П. Левандоўскі: Мы гаварылі пра супрацу ў галіне культуры, пры выставы, якія мы маглі б арганізаваць у сябе, пра рухомыя выставы, якія езьдзяць па Беларусі.

У рамках візыту была падрыхтаваная культурная праграма, між іншым, адкрыцьцё выставы плякату да фільмаў Кшыштафа Кесьлёўскага і паказ невядомых да нядаўняга часу эцюдаў рэжысэра. Дарэчы, сам рэжысэр моцна зьвязаны менавіта з Лодзьдзю.

Адначасова дэлегацыя гораду Лодзь рэалізоўвала сваю праграму, якая вынікае з 25-годзьдзя партнэрскіх адносін з Менскам – гаворыць І дарадчык польскай амбасады ў Менску Марцін Вайцяхоўскі.

М. Вайцяхоўскі: Падчас сустрэч часта падкрэсьлівалася, што гэта гарады падобнага паходжаньня. Гэта прамысловыя гарады, якія шукаюць сваю новую тоеснасьць, сваю новую мадэль разьвіцьця. У сувязі з гэтым супраца Менска і Лодзі можа быць вельмі пэрспэктыўная.

У Менск прыехала вялікая група лодзкіх бізнэсмэнаў, якія рэалізоўваюць у беларускай сталіцы сваю эканамічную праграму з мэтай утварэньня новых бізнэс-кантактаў паміж Лодзьдзю і Менскам.

У складзе польскай дэлегацыі прысутнічалі таксама рэктар Акадэміі мастацтваў Лодзі і прарэктар Лодзкага ўнівэрсытэту. Адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі БДУ і БДЭУ. Паміж Лодзкай акадэміяй мастацтваў і Акадэміяй мастацтваў Менску было падпісанае пагадненьне аб супрацы.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт