Logo Polskiego Radia
Print

"Усходні агляд" раздасьць прэстыжныя ўзнагароды

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.03.2017 15:25
Узнагароды прысуджаюцца за навуковую дзейнасьць і публікацыі па ўсходнеэўрапейскай праблематыцы.

Вось ужо ў 24 раз будуць раздадзеныя ўзнагароды навуковага штоквартальніка «Ўсходні агляд», які выдаецца ў Варшаве з 1991 года. Дадзеная ўзнагарода, нягледзячы на тое, што не прадугледжваецца фінансавая прэмія, зьяўляецца прэстыжнай у навуковым сьвеце і прысуджаецца за навуковую дзейнасьць і публікацыі па ўсходнеэўрапейскай праблематыцы.

Ляўрэатамі ўзнагароды «Ўсходняга агляду» у гэтым годзе сталі: у катэгорыі «Айчынныя творы» Ганна Сыльвія Чыж, за кнігу «Фонды мастацтва сямейства Пац», у катэгорыі «Замежныя творы» Марэк Ян Хадакевіч за кнігу «Міжмор’е» і Леанід Астроўскі за кнігу «Палякі ў Заходняй Сыбіры ў канцы ХIX – першай чвэрці ХХ стагодзьдзя». Узнагароду ў катэгорыі «Дзейнасьць палякаў на Ўсходзе» атрымаў Францішак Навіньскі за кнігу «Сыбір у жыцьці палякаў з 17 да пачатку 20 стагодзьдзя». Спэцыяльная ўзнагарода прысуджана Раману Шпарлюку, а асобную прэмію імя Аляксандра Гейштара атрымала Ганна Бухман. Урачыстае ўручэньне ўзнагарод адбудзецца 25 сакавіка ў Варшаўскім унівэрсытэце.

На размову пра ўзнагароду «Усходняга агляду» мы запрасілі Яна Маліцкага, галоўнага рэдактара выданьня і дырэктара Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў.

Наколькі цяжкім было заданьне журы пры выбары ляўрэатаў узнагароды «Ўсходняга агляду»?

Я. Маліцкі: Я з радасьцю адзначаю, што кожны год паўтараецца тая ж праблема: у Польшчы па-ранейшаму выходзіць мноства кніг, прысьвечаных усходняй тэматыцы. Сярод іх шмат добрых пазыцый. У гэтым годзе было, як заўсёды, цяжка выбраць ляўрэатаў.

У гэтым годзе не прысуджаліся ўзнагароды ў катэгорыях «папулярызацыя ўсходняй праблематыкі» і «выданьне крыніц». Гэта выпадковасьць або тэндэнцыя ў гэтых катэгорыях?

Я. Маліцкі: Я б тут зьвярнуў увагу на некалькі рэчаў. Па-першае, гэта толькі пацьвярджае тое, што мы не даем узнагарод дзеля таго, каб іх даць. Узнагароды прысуджаюцца толькі самым лепшым. Па-другое, што тычыцца катэгорыі «папулярызацыя ўсходняй праблематыкі», то, на думку журы, проста не было дастаткова добрых кніг, якія заслугоўваюць узнагароду. Што ж тычыцца катэгорыі «выданьне крыніц», то сапраўды тут прысутнічае нешта падобнае на тэндэнцыю. Усё менш і менш выдатных выданьняў гістарычных крыніц. Выданьне крыніц – гэта праца, якая паглынае вельмі шмат часу, і яна, на жаль, ня мае належнага прызнаньня ў навуковых колах.

Яшчэ характэрна, што ў гэтым годзе журы адзначыла дзьве кнігі, прысьвечаныя гісторыі палякаў у Сыбіры. Наколькі гэта важная для вас тэма, і ці магчыма напісаць нешта новае пра палякаў у Сыбіры?

Я. Маліцкі: Я б сказаў, што гэта крыху выпадковасьць. «Усходні агляд» ня робіць упор на пытаньні палякаў у Сыбіры. Проста ў мінулым годзе былі выдадзеныя дзьве вельмі добрыя кнігі, якое тычыцца гэтай тэмы. Адначасова з гэтым трэба памятаць, што гэта не працы выпадковых аўтараў. Гаворка ідзе пра двух выдатных аўтараў, якія ўжо доўгія гады працуюць над тэмай. Так, кніга прафэсара Францішка Навіньскага зьяўляецца працай, якая падсумоўвае 30 гадоў ці нават 40 гадоў навуковай творчасьці. Часткова тое ж самае можна сказаць і пра Леаніда Астроўскага.

Асобнай увагі заслугоўвае кніга прафэсара Ежы Марка Хадакоўскага «Міжмор’е». Акрамя таго, што гэта вельмі важнае геапалітычнае паняцьце, то гэта важная тэма таксама для Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, якім вы кіруеце.

Я. Маліцкі: На вокладцы рэцэнзэнты кнігі Хадакевіча пішуць, што гэта яго opus magnum. Яны так лічаць таму, што аўтар узяўся за апісаньне такой шырокай тэмы, якой зьяўляецца Міжмор’е. Трэба сказаць, што гэта паняцьце ў гісторыі, у паліталёгіі і геапалітыцы па-рознаму інтэрпрэтуецца. Нярэдка пад Міжмор’ем маецца на ўвазе прастора паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным морамі. Хадакевіч мае на ўвазе землі некалі Рэчыпаспалітай, а таксама фэдэрацыйны праект Юзэфа Пілсудзкага. Іншымі словамі, гэта прастора паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Міжмор’е ў кнізе Хадакевіча прадстаўлена на гістарычным фоне і з паліталягічным аналізам.

Варта адзначыць яшчэ аднаго ляўрэата – Рамана Шпарлюка, амэрыканскага прафэсара ўкраінскага паходжаньня, які атрымаў узнагароду ў катэгорыі «за сукупнасьць дзейнасьці». Ці вы пагодзіцеся са сьцьвярджэньнем, што гэта ў некаторай ступені прызнаньне крыху недаацэненай асобы? Маецца на ўвазе найперш Украіна, краіна яго паходжаньня.

Я. Маліцкі: Пагаджуся з тым, што Раман Шпарлюк зьяўляецца адным з гігантаў амэрыканскай навукі, якія недастаткова вядомыя ў Польшчы і ва Ўкраіне. Магчыма, ва Ўкраіне ён яшчэ менш вядомы, чым у Польшчы. Гэта вельмі заслужаны чалавек, як у сілу сваіх арганізацыйных, так і дасьледчых заслуг. Адзначу, што многія гады ён кіраваў такой заслужанай установай як Украінскі навуковы інстытут Гарвардзкага ўнівэрсытэта. Акрамя таго, прафэсар Шпарлюк – гэта адзін са слупоў заходняй навукі, калі гаворка ідзе аб дасьледаваньнях Украіны, Усходняй Эўропы, нацыяналізму і саветалёгіі.

Узнагарода «Ўсходняга агляду» мае міжнародны характар. Сярод ляўрэатаў папярэдніх гадоў шмат аўтараў з Беларусі, Францыі, Нямеччыны, Летувы, Расеі, Швэцыі, Украіны і ЗША.

Назар Алійнік/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт