Logo Polskiego Radia
Print

У красавіку 1986 г. узровень радыяцыі ў Польшчы вырас у 550 тыс. разоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.04.2017 15:02
  • Чарнобыльская катастрофа.mp3
Улады СССР доўгі час утойвалі праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, а людзі сьвяткавалі 1 траўня.
Diana Markosian [Public domain], via Wikimedia Commons

Роўна 31 год назад здарылася самая буйная ў гісторыя чалавецтва тэхнагенная катастрофа. 26 красавіка 1986 году а 1 гадзіне 23 хвіліне на чацьвёртым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС здарыўся выбух у выніку няўдачнага навуковага экспэрымэнту супрацоўнікаў станцыі. Нягледзячы на тое, што АЭС знаходзіцца ва Ўкраіне, больш за 60% усіх радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі.

У выніку Чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 млн. жыхароў Беларусі, у тым ліку больш чым паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на доўгі час стала зонай экалягічнага бедзтва. Да сёньняшняга дня ў радыюсе радыеактыўнага забруджаньня знаходзіцца звыш 2,7 тыс. населеных пунктаў, у якіх пражывае каля 1,1 млн. чалавек.

У выніку забруджаньня тэрыторыі прадуктамі радыяцыйнага распаду, было адселена агулам больш за 350 тыс. чалавек. Зона вакол Чарнобыля да гэтага часу застаецца ахоўнай закрытай тэрыторыяй. Адразу пасьля катастрофы ўлады Савецкага Саюзу ўтойвалі інфармацыю пра наступствы выбуху і пажару на АЭС, а пазьней паяўляліся толькі скупыя і недакладныя зьвесткі. Праз два дні пасьля здарэньня радыеактыўная хмара дайшла да Польшчы. Так гэты дзень успамінаў прафэсар Зьбігнеў Явароўскі, які працаваў тады ў Цэнтральнай лябараторыі радыелягічнай аховы. Вашай увазе архіўнае выказваньне.

З. Явароўскі: Я прыйшоў 28 красавіка на працу. Асыстэнтка сказала мне: «Узровень радыяцыі ў Мікалайках (мясцовасьць на паўночным усходзе Польшчы – рэд.) у 550.000 разоў вышэйшы, чым быў за дзень да гэтага». Гэта быў шок, таму што ў нас не было ніякай іншай інфармацыі, чым тое, што паказвалі прыборы нашай сеткі маніторынгу. Тады ў мяне ўзьнікла думка, што гэта пачалася атамная вайна.

Улады Савецкага Саюзу адразу не інфармавалі пра аварыю, не былі своечасова праведзеныя прафіляктычныя мерапрыемствы сярод насельніцтва. У Кіеве адбыўся першы этап Велагонкі міру, прайшлі сьвяточныя першамайскія дэманстрацыі. У сярэдзіне траўня першы сакратар ЦК КПСС Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў запэўніваў, што ўлады кантралююць сытуацыю.

Найбольш ад Чарнобыльскай катастрофы пацярпела Беларусь. Канешне, фізыкі ды дзяржаўныя чыноўнікі ведалі пра пагрозу, але баяліся інфармаваць насельніцтва, чакаючы разнарадкі з Масквы. А надвор’е 26 красавіка было цёплым, і наступныя дні спрыялі прагулкам і першамайскім сьвяткаваньням. Зонай экалягічнага бедзтва Вярхоўны Савет Беларусі абвясьціў краіну толькі ў ліпені 1990 году. За год да гэтага, 26 красавіка, быў праведзены першы Чарнобыльскі шлях.

Сёлета сталічныя ўлады дазволілі правядзеньне шэсьця. На патрабаваньне заяўнікаў акцыі, быў зьменены час правядзеньня шляху з 14.00 на 18.00. Лідары апазыцыі мяркуюць, што на фоне сацыяльных пратэстаў вясны гэтага году, акцыя можа сабраць шмат людзей.

Заяўнікі цяперашняй акцыі вылучаюць да ўлады два асноўныя патрабаваньні: спыненьне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы і тэрміновая рэалізацыя праграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Сёлетні Чарнобыльскі шлях адрозьніваецца тым, што жыхары краіны хацелі б заявіць пра свае праблемы, – гаворыць адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч.

Ю. Меляшкевіч: Фон сацыяльных праблем у Беларусі вельмі напружаны. Чарнобыльскі шлях мае пад сабою пратэстны зьмест. Аргкамітэт сфармуляваў, акрамя традыцыйных лёзунгаў, сацыяльна-эканамічны лёзунг: «НЕ – Чарнобылю сацыяльнаму і палітычнаму!». Удзельнікі шляху, на маю думку, будуць заяўляць пра свае патрабаваньні да ўраду ў пляне эканомікі і сацыяльных праблем. Вельмі важна таксама напярэдадні запуску рэактара ў Астраўцы, заявіць, што гэты праект безадказны і не вітаецца грамадзтвам.

Беларускія ўлады намераныя адраджаць пацярпелыя землі, вярнуць туды жыхароў і сельскую гаспадарку. Аб гэтым заявіў год таму міністар замежных спраў Уладзімер Макей на міжнароднай канфэрэнцыі, наладжанай беларускім урадам і праграмай разьвіцьця ААН. Супраць паўторнага засяленьня забруджанай тэрыторыі выступае апазыцыя ды эколягі. Яны таксама патрабуюць спыніць будаўніцтва беларускай АЭС, раскрыць праўдзівую інфармацыю пра наступствы аварыі, гарантаваць даступны для грамадзян радыяцыйны кантроль.

Меркаваньнем Юрася Меляшкевіча, у Беларусі надалей замоўчваюцца вынікі катастрофы, напрыклад, вельмі мала гаворыцца пра рост колькасьці анкалягічных захворваньняў, які непасрэдна зьвязаны з радыяцыяй. Чыноўнікі не зацікаўленыя ў тым, каб распаўсюджваць у грамадзтве праўду пра Чарнобыль, – кажа наш суразмоўца.

Ю. Меляшкевіч: Яны здымаюць з сябе адказнасьць за сацыяльнае забесьпячэньне людзей, за фінансаваньне мэдычных праграм, за здароўе людзей. Ім трэба будаваць атамную станцыю, атрымліваць крэдыты ад Расеі, а не займацца вырашэньнем тых праблем, якія сталі вынікам безадказнасьці савецкіх чыноўнікаў. У нас проста няма навукі, якая датычыць наступстваў катастрофы для здароўя людзей, яна спынілася яшчэ ў сярэдзіне 90-ых гадоў. Людзей, якія займаліся радыемэдыцынай, гоняць з дзяржаўных органаў, можна прывесьці прыклад Юрыя Бандажэўскага.

Акрамя традыцыйных патрабаваньняў, заяўнікі Чарнобыльскага шляху патрабуюць правядзеньня эканамічных ды палітычных рэформаў, у першую чаргу – вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт