Logo Polskiego Radia
Print

Парамэдыкі ў Польшчы патрабуюць павышэньня заробкаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.05.2017 14:43
  • пратэст.mp3
Па ўзору санітарак яны хацелі б атрымаць зарплату, на 1600 злотых у месяц большую, чым цяпер.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain CC0

Мэдычныя прафэсіі лічацца аднымі з самых прэстыжных. У Польшчы вельмі многа маладых людзей хацела б атрымаць адукацыю ў галіне мэдыцыны. Як правіла гэты від заняткаў зьвязаны ня толькі з прэстыжам, але таксама з высокімі заробкамі і адсутнасьцю праблем пры пошуку працаўладкаваньня.

Сытуацыя з аплатай працы дактароў выглядае станоўча, яны нейкі час таму дабіліся рэзкага павышэньня заробкаў. Зусім інакш аплачваюцца прадстаўнікі іншага мэдычнага пэрсаналу. Гаворка ідзе пра санітараў, мэдсясьцёр і парамэдыкаў – мэдычных ратаўнікоў. І калі мэдсёстры, таксама як лекары, дабіліся ўжо павышэньня зарплаты, то заробкі ратаўнікоў прадстаўнікоў гэтай прафэсіі не задавальняюць. І таму ў сераду, 24 траўня, яны намераныя правесьці пратэст па ўсёй Польшчы. Гэта будзе толькі пачатак акцыі пратэсту. Яны патрабуюць такога ж павышэньня заробкаў, які атрымалі санітаркі: 1600 злотых, па 800 злотых у год на працягу двух бліжэйшых гадоў. Міністэрства аховы здароўя прапануе палову гэтай сумы – па 400 злотых у месяц зь ліпеня бягучага году.

Цягам двух першых тыдняў акцыя пратэсту будзе заключацца ў тым, што пратэстоўцы вывесяць адмысловыя сьцягі і плякаты на будынках сыстэмы мэдычнага ратаўніцтва, але пазьней, калі не ўдасца дамовіцца з уладамі, форма пратэсту будзе зьменена. Старшыня Прафсаюзу супрацоўнікаў мэдычнага ратаўніцтва Раман Бадах-Рагоўскі адзначае, што пацыенты на пэўна не пацерпяць у выніку пратэсту.

Р. Бадах-Рагоўскі: Пацыент ня можа пакутаваць ад гэтага пратэсту. Пацыент ня можа быць закладніком нашай нядолі, бо тады б пацыент трапіў бы ў такую ж сытуацыю, у якой мы цяпер знаходзімся. Мы заплянавалі такія крокі, якія адчуюць тыя, хто знаходзіцца наверсе: тыя, хто кіруе гэтай сыстэмай, хто сыстэмай камандуе.

Міністар аховы здароўя Канстанты Радзівіл спадзяецца, што ўдасца знайсьці агульную мову з пратэстуючымі прадстаўнікамі мэдычнай прафэсіі. Ён завярае ўвагу на тое, што міністэрства неадкладна пачне рэалізаваць абяцаньне павышэньня заробкаў.

К. Радзівіл: Мы проста пачнём рэалізаваць тыя пастановы пра павышэньне заробкаў, якія былі прынятыя раней. Я спадзяюся, што прадстаўнікі дадзенай прафэсіі пазытыўна ўспрымуць працэс. У сваю чаргу, цяжка сабе ўявіць, каб мы маглі пачаць сыстэматычнае павышэньне заробкаў ужо ў ліпені гэтага году.

Павышэньне зарплаты – гэта не адзінае патрабаваньне мэдычных ратаўнікоў. Прадстаўнікі гэтай прафэсіі зьвяртаюць увагу кіруючых сілаў, што неабходна перадаць усю сыстэму ратаўніцтва ў дзяржаўныя рукі і ўвесьці зьмены, дапаўненьні і папраўкі ў закон аб мэдычным ратаўніцтве. Па словах міністра Канстанты Радзівіла, цяпер рыхтуецца новы закон. Яго аўтары бяруць пад увагу патрабаваньні парамэдыкаў.

К. Радзівіл: На самой справе ўсе іх патрабаваньні бяруцца пад увагу падчас падрыхтоўкі новага закону. Так што, на маю думку, патрабаваньні прадстаўнікоў сыстэмы мэдычнага ратаўніцтва поўнасьцю будуць рэалізаваныя, менавіта так, як хацелі б мэдычныя ратаўнікі.

У Міністэрстве аховы здароўя працягваецца праца над пераводам сыстэмы мэдычнага ратаўніцтва на дзяржаўныя рэйкі, каб не было прыватных суб’ектаў гаспадараньня ў гэтай сфэры. Ідзе праца таксама над тым, каб прадстаўнікі дадзенай прафэсіі маглі не баяцца страціць працу, каб яны мелі гарантыю працы на штаце, і каб у кожную групу ратаўнікоў уваходзілі тры асобы.

Заробкі парамэдыкаў на фоне іншых мэдычных прафэсій сапраўды невысокія. Напрыклад, мэдычны ратаўнік у Вялікапольшчы атрымлівае «чыстымі» каля 2 тыс. злотых (прыкладна 520 даляраў ЗША). Тым больш, што за гэтыя сродкі прадстаўнікі дадзенай прафэсіі павінны ўвесь час павышаць кваліфікацыю, удзельнічаць у майстар-клясах, сымпозіюмах, кангрэсах. Калі ратаўнік не зьбярэ цягам пяці гадоў акрэсьленую суму балаў з такіх мерапрыемстваў, ён губляе працу. Гэта цяжкая прафэсія, паколькі ратаўнік змагаецца ды адказвае за здароўе і жыцьцё людзей.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт