Logo Polskiego Radia
Print

«Чэмпіянат ператворыць Беларусь у эўрапейскую турыстычную краіну»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.05.2017 20:18
  • «Чэмпіянат ператворыць Беларусь у эўрапейскую турыстычную краіну».mp3
Нягледзячы на крызыс, Беларусь добра арганізуе хакейны чэмпіянат, і ён пойдзе краіне на карысьць – лічыць экспэрт.
pixabay.com

На мінулым тыдні Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для кітайскіх бізнэсмэнаў і выйграла права зноў правесьці Чэмпіянат сьвету па хакеі. Ці пацягнуцца ў краіну заходнія турысты і кітайскія капіталы? Ці ўвага Эўразьвязу да «справы патрыётаў» дапаможа вызваліць з-за кратаў фігурантаў палітычнага працэсу? Гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.

Хакейны чэмпіянат дорага каштаваць ня будзе

Праз 4 гады Чэмпіянат сьвету па хакеі пройдзе ў Менску й Рызе. Такое рашэньне 19 траўня прыняла Міжнародная хакейная фэдэрацыя. Якія пазытыўныя перамены для Менска й Беларусі можа прынесьці чэмпіянат? Якія будуць фінансавыя выдаткі? Ці справіцца зь імі крызысная беларуская эканоміка?

Максім Руст: Кожнае такое спартовае мерапрыемства дадае прэстыжу краіне, якая яго праводзіць. Я думаю, плюсам ад правядзеньня сумеснага чэмпіянату ў Менску й Рызе будзе тое, што Беларусь узмацніць супрацоўніцтва з адной з краінаў Эўрапейскага зьвязу. Іншыя плюсы заключаюцца ў тым, што больш замежнікаў даведаюцца, дзе знаходзіцца Беларусь, магчыма, памяняе стаўленьне да яе. Галоўным жа плюсам стане павелічэньне патоку турыстаў. Я спадзяюся, што напярэдадні гэтага мерапрыемства Беларусь возьмецца за разьвіцьцё турыстычнай інфраструктуры.

Што тычыцца таго, ці справіцца Беларусь з арганізацыяй чэмпіянату, то я ўпэўнены, што справіцца. Гэта тыпова для постсавецкіх дзяржаваў. Дзеля правядзеньня чэмпіянату й пабудовы лядовага палацу могуць адмовіцца нават ад пабудовы некалькіх шпіталяў. Але варта зазначыць, што менавіта для правядзеньня хакейнага чэмпіянату інфраструктура ў Менску ўжо пабудаваная. Я ўпэўнены, што Беларусь усё арганізуе, і шмат грошай з бюджэту гэта не возьме.

Эўразьвязу пакуль не да палітвязьняў

Эўразьвяз будзе ўважліва назіраць за «справай патрыётаў». Пра гэта 18 траўня заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын у камэнтары парталу TUT.BY. 21 траўня з СІЗА «Амэрыканка» пад хатні арышт быў пераведзены адзін з фігурантаў справы – гісторык Яўген Палтаржыцкі. Ці ёсьць шанцы на вызваленьне з-за кратаў астатніх 16 чалавек?

Максім Руст: Варта нагадаць, што Андрэа Віктарын пры гэтым заявіла, што Эўразьвяз будзе працягваць «крытычны дыялёг» з уладамі Беларусі. Таксама яна сказала, што ЭЗ ня будзе прымаць ніякіх крокаў у адказ на разгон пратэстаў, якія пракаціліся па Беларусі вясной 2017 году. Я думаю, што Эўразьвяз намагаецца захаваць статус-кво. У Эўропы цяпер шмат унутраных праблемаў, працягваецца канфрантацыя з Расеяй. Таму некалькі палітзьняволеных не зьяўляюцца прыярытэтам для ЭЗ. І Менск гэта выдатна разумее. Шанцы на тое, што палітзьняволеных выпусьцяць, ёсьць. Праўда, цяжка ацаніць, вялікія яны ці малыя. Думаю, калі Менск палічыць, што трыманьне іх за кратамі больш не прыносіць дывідэндаў, то іх выпусьцяць. Але ціску з боку Эўразьвязу з мэтай іх вызваленьня, я, на жаль, не чакаў бы.

Бязьвіз для эўрапейскага бізнэсу раззлуе Маскву, для кітайскага – не

19 траўня Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для грамадзян Кітаю, якія маюць пашпарты для афіцыйных паездак. Такія пашпарты ў Паднябеснай выдаюць высокапастаўленым чыноўнікам і буйным бізнэсмэнам. Навошта Беларусь адмяніла для іх візы? Ці паедзе кітайскі бізнэс у Беларусь? Чаму «бязьвіз» ня ўводзяць для эўрапейскага бізнэсу?

Максім Руст: Гэта лягічны крок, якога трэба было чакаць пасьля канфэрэнцыі па разьвіцьці Новага шаўковага шляху з Кітая ў Заходнюю Эўропу, на якую быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка. Менск пайшоў на гэты крок, каб заахвоціць кітайскі бізнэс інвэставаць у Беларусь. А пабудова часткі Шаўковага шляху, якая праходзіць праз тэрыторыю Беларусі – гэта вялікі шанец для Менска і пэрспэктыва вялікіх інвэстыцыяў з Кітая. Два-тры мільярды даляраў для Кітая – ня вельмі істотная сума. Аднак трэба памятаць, што Пэкін лічыць грошы і заўсёды патрабуе нешта ўзамен. Гэтым ён адрозьніваецца ад Масквы. Беларусі хацелася б адыйсьці ад кітайскіх зьвязаных крэдытаў на якія можна набыць толькі кітайскія матэрыялы і абсталяваньне. Аднак ня думаю, што гэта ўдасца.

Чаму «бязьвіз» ня ўводзяць для эўрапейскага бізнэсу? Па-першае, Менску ня хочацца пагаршаць сваіх адносінаў з Расеяй. Па-другое, так можна паказаць той жа Расеі, што калі яны ня хочуць супрацоўнічаць, Менск будзе супрацоўнічаць з Кітаем. Спадзяюся, што «бязьвіз» з краінамі Эўразьвязу – гэта справа часу. Аднак адмена візаў з ЭЗ патрабуе шмат часу і выкананьня шматлікіх працэдураў. А адмяніць візы з Кітаем можна вельмі хутка.

«500 даляраў не дадзім, затое цэны не адпусьцім»

Дзяржаўныя прафсаюзы будуць кантраляваць цэны ў беларускіх крамах. Ініцыятыву кіраўніка ФПБ Міхаіла Орды 19 траўня падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Навошта ўлады ідуць на такі крок? Ці змаганьне са «спэкулянтамі» у найлепшых савецкіх традыцыях дапаможа павысіць дабрабыт насельніцтва?

Максім Руст: Ёсьць вельмі шмат прычынаў, чаму яны гэта робяць. Самая галоўная – патрэба зьняць сацыяльную напружанасьць. Улады хочуць паказаць людзям, што «дзяржава пра іх клапоціцца й ведае, як ім цяжка». Варта памятаць пра тое, што ўлады паабяцалі падняць у гэтым годзе заробкі да 1000 рублёў. Але яны выдатна памятаюць, чым гэта скончылася ў 2011 годзе. Я думаю, кантроль над цэнамі – гэта свайго роду абмен паміж уладамі й грамадзтвам: «Можа, у гэтым годзе падняць заробак да 500 даляраў нам не атрымаецца, але мы ня будзем павышаць цэнаў». Дабрабыту беларусаў і іх плацёжаздольнасьці такое рашэньне не павысіць.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт