Logo Polskiego Radia
Print

Палякаў пазнаёмілі зь Беларусьсю, дзякуючы коміксам пра Белавежу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.05.2017 19:38
  • Палякаў пазнаёмілі зь Беларусьсю, дзякуючы коміксам пра Белавежу.mp3
Белавеская пушча стала галоўнай тэмай першага дня фэстывалю «Панарамы беларускай культуры» ў Варшаве.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Дакумэнтальныя фільмы пра дзівосы Белавескай пушчы, магчымасьці бязьвізавых паездак у Беларусь, коміксы пра жыхароў запаведнага лесу на польска-беларускім памежжы – дзякуючы такім не зусім звычайным тэмам арганізатары фэстывалю «Панарама беларускай культуры» вырашылі пазнаёміць польскую публіку зь Беларусьсю. Фэстываль, арганізаваны Катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта пры падтрымцы Беларускага культурнага цэнтру й амбасады Беларусі, адчыніўся ў пятніцу ў Варшаве.

Беларускае памежжа, а дакладней Белавеская пушча, стала галоўнай тэмай адкрыцьця «Панарамы беларускай культуры» (Kultura Białoruska w Panoramie). Міні-фэстываль ужо ў трэці раз праходзіць у сьценах Варшаўскага ўнівэрсытэта. Яго ініцыятарам зьяўляецца Беларускі культурны цэнтар у Варшаве.

Аляксандар
Аляксандар Авяр’янаў

Галоўная мэта мерапрыемства – зрабіць Беларусь крыху бліжэйшай для польскай публікі – заявіў на адкрыцьці «Панарамы» амбасадар Беларусі Аляксандар Авяр’янаў. Дыплямат выказаў шкадаваньне, што Беларусь, якая знаходзіцца ўсяго ў дзьвюх сотнях кілямэтраў ад польскай сталіцы, застаецца для палякаў нашмат менш вядомай, чым Гішпанія ці Партугалія.

«Панарама беларускай культуры» дапамагае студэнтам першых курсаў уцягнуцца ў культурнае супрацоўніцтва – кажа прафэсар Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта Ніна Баршчэўская.

Ніна
Ніна Баршчэўская

Ніна Баршчэўская: Гэта актывізуе моладзь, яна больш імкнецца пазнаць беларускую культуру. Гэта інтэгруе студэнтаў, спрыяе таму, што ўзьнікаюць новыя ідэі паездак у Беларусь ці арганізацыі іншых мерапрыемстваў. Напрыклад, 2 чэрвеня ў сьценах унівэрсытэту адчыніцца міжнародная канфэрэнцыя студэнтаў і дактарантаў. На яе прыедуць выступоўцы зь Беларусі. Такія імпрэзы дапамагаюць у вывучэньні мовы, этнаграфіі, гісторыі Беларусі.

Галоўным госьцем першага дня міні-фэстывалю стаў Томаш Самойлік – доктар біялягічных навук, які шмат гадоў дасьледуе гісторыю Белавескай пушчы. Аднак польскай публіцы ён нашмат больш вядомы як аўтар дзіцячых казак і коміксаў пра зьвяроў, што жывуць у поўным таямніцаў лесе. Да навукоўца, мастака й пісьменьніка выстраілася чарга дарослых і дзяцей, якія жадалі ўзяць аўтограф.

Дарэчы, два гады таму комікс Томаша Самойліка «Бортнік Ігнат і скарб пушчы» быў перакладзены на беларускую мову ды апублікаваны выдавецтвам «Галіяфы».

Томаш
Томаш Самойлік

Томаш Самойлік: Героямі ўсіх маіх коміксаў зьяўляюцца зьвяры Белавескай пушчы, хоць многія зь іх сустракаюцца і ў іншых лясах. Першы комікс, якія я намаляваў, называецца «Апошні зубар». Ён расказвае пра драматычную падзею ў гісторыі гэтага віду жывёлаў – пра поўнае выміраньне зуброў у Белавескай пушчы, якое было канстатавана ў 1919 годзе. Пасьля першага посьпеху я стварыў іншыя сэрыі коміксаў. Адной зь іх зьяўляецца трылёгія коміксаў-фэнтазі пра землярыек. Можна сказаць, што гэта «Уладар пярсьцёнкаў» у сьвеце самых малых млекакормячых пушчы. Мой апошні комікс-вэстэрн называецца «Мёртвы лес». Яго героямі зьяўляюцца трохпальцы дзяцел, а таксама іншыя птушкі, якія жывуць у кавалку пушчы, дзе стаіць шмат ссохлых дрэваў.

Гасьцям «Панарамы беларускай культуры» быў паказаны фільм аўтарства францускіх рэжысэраў Жака Пэрэна й Жака Клюзара «Каралеўства», які з эпічным размахам паказвае жыцьцё дзікіх насельнікаў Белавескай пушчы.

Супрацоўнік консульскага аддзелу Беларусі растлумачыў гасьцям фэстывалю, якім чынам можна наведаць пушчу і ўсю Беларусь бязь візы.

Арганізатары «Панарамы беларускай культуры» спэцыяльна вырашылі пазнаёміць польскую публіку зь Беларусьсю не праз народныя песьні ці гістарычныя прэзэнтацыі, а раз коміксы – кажа адзін з арганізатараў фэстывалю студэнт Філіп Урбаньскі.

Томаш
Філіп Урбаньскі

Філіп Урбаньскі: Расказваючы пра беларускую культуру, даючы інфармацыю пра Беларусь, найлепш выкарыстаць нестандартныя мэтады. Вельмі добрай формай перадачы інфармацыі для маладой аўдыторыі зьяўляецца комікс. Чаму мы вырашылі заняцца Белавескай пушчай? Таму, што яна зьяўляецца нашай супольнай спадчынай. Гэта спадчына як культурная, так і прыродная. Яна нас аб’ядноўвае й мае велізарнае значэньне ня толькі для Польшчы ці Беларусі, але й для ўсёй Эўропы.

Стараючыся прыцягнуць польскіх інвэстараў і турыстаў, беларускія дыпляматычныя ўстановы ў апошні год значна актывізавалі сваю дзейнасьць. Фэстываль «Панарама беларускай культуры» – далёка не адзінае мерапрыемства, якое праходзіць пад патранатам амбасады Беларусі – кажа дырэктар Культурнага цэнтру Беларусі ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў.

Міхаіл
Міхаіл Рыбакоў

Міхаіл Рыбакоў: Нядаўна ў Менску прайшла выстава «Радзівілы: лёсы краіны й роду». Затым яна была паказаная ў палацава-паркавым ансамблі ў Гомелі. А ўчора яна адчынілася ў польскай Бяла-Падлясцы. На адкрыцьці прысутнічалі прадстаўнікі роду – Канстанцін і Мацей Радзівілы, а таксама амбасадар Беларусі. Ужо заключаныя пляны супрацоўніцтва паміж беларускімі й польскімі музэямі. Яны будуць абменьвацца выставамі. Падпісаныя пляны супрацоўніцтва паміж беластоцкай Опэрай і Беларускай дзяржаўнай філярмоніяй у Менску. Яны ўжо пачалі абмены калектывамі.

/


У амбасадзе Беларусі рэгулярна ладзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі польскага бізнэсу – паведаміў кіраўнік культурнага цэнтру.

Міхаіл Рыбакоў: У амбасадзе Беларусі праходзяць эканамічныя канфэрэнцыі, куды запрашаюць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і міністэрстваў з Польшчы й Беларусі. Прысутныя могуць задаць удзельнікам любое пытаньне: ад мытных плацяжоў да ўмоваў супрацоўніцтва. Туды прыходзяць прадстаўнікі як буйнога, так і малога ды сярэдняга бізнэсу. Многія з тых, хто прыяжджаў да нас на гэтыя канфэрэнцыі, ужо знайшлі сабе партнэраў у Беларусі. Напрыклад, прадпрымальнікі з польскага гораду Мінск Мазавецкі знайшлі сабе партнэраў у Ашмянах, а цяпер шукаюць месца, каб адкрыць такое ж прадпрыемства ў Берасьцейскім рэгіёне.

Другая частка фэстывалю «Панарама беларускай культуры» прайшла ў самім Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве. Польскую публіку пазнаёмілі зь гісторыяй і сымболікай беларускіх традыцыйных касьцюмаў. Наведвальнікам расказалі пра варшаўскія адрасы, зьвязаныя з імёнамі дзеячаў беларускай культуры й гісторыі, а таксама зь месцамі ў Менску, зьвязанымі з жыцьцём знакамітых палякаў.

/

Госьці фэстывалю ўбачылі палотны беларускіх і польскіх мастакоў, створаныя на сумесным пленэры ў мястэчку Мельнік на польска-беларускім памежжы, а таксам пазнаёміліся са стравамі беларускай кухні.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт