Logo Polskiego Radia
Print

Прэмію "Teraz Polska" атрымалі самыя лепшыя польскія тавары, паслугі й чалавек

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 30.05.2017 17:30
Прэмія ўручаецца ў 14 катэгорыях, між іншым электроніка, прадукты харчаваньня, будаўнічыя матэрыялы, і г.д
materiały prasowe

У аўторак у Вялікім тэатры ў Варшаве былі ўручаныя ўзнагароды «Цяпер Польшча» (Teraz Polska). Гэта штогадовая прэмія, якой узнагароджваюць польскія тавары й паслугі, якія атрымалі прызнаньне на рынку. Журы конкурсу вылучыла 28 фірмаў. Была таксама ўручана статуэтка ў катэгорыі «Выбітны паляк».

У катэгорыі «Інавацыйныя праекты» перамагла фірма Digital Core Design. Гэта польскае прадпрыемства вядомае вытворчасьцю самых хуткіх працэсараў у сьвеце. Старшыня Яцэк Ханкэ (Jacek Hanke) не хаваў радасьці.

Я. Ханкэ: Мэдаль «Teraz Polska» зьяўляецца найбольш вядомай і прэстыжнай узнагародай, якую мы атрымалі ў гісторыі нашай фірмы. Гэта пацьверджаньне таго, што цяжкая праца, вузкая спэцыялізацыя й сучасныя прадукты зьяўляюцца ключом да посьпеху.

Тытул «Выбітнага паляка», які праслаўляе Польшчу ў сьвеце, атрымаў кампазытар і ляўрэат «Оскара» Ян А.П. Качмарэк. Ён сказаў, што гэтая ўзнагарода мае для яго вялікае значэньне.

Я.А.П.Качмарэк: Гэтая ўзнагарода мае шырокі дыяпазон: яна ахоплівае бізнэс, грамадзкія ініцыятывы, польскіх артыстаў. Журы з аднолькавай павагай адносіцца да ўсіх і ўсяго найлепшага ў Польшчы. Я ганаруся, што я паляк і паўсюль гэта падкрэсьліваю. З радасьцю прымаю ўзнагароду.

Прэмія «Teraz Polska» уручаецца ў 14 катэгорыях, між іншым электроніка, прадукты харчаваньня, будаўнічыя матэрыялы, гандлёвыя паслугі, арганізацыя кірмашоў, мэдыцынскія паслугі, а таксама самая лепшая гарадзкая й вясковая гміна (тэрытарыяльная адзінка).

Статуэтка «Teraz Polska» уручалася ўжо 28-ы раз.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт