Logo Polskiego Radia
Print

У ліпені ў Кракаве пройдзе сэсія Камітэта сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.05.2017 13:29
Дэлегаты будуць прымаць рашэньні пра ўвод новых аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны ў сьпіс ЮНЕСКА.

У Польшчы ідзе падрыхтоўка да 41. сэсіі Камітэта Cусьветнай спадчыны ЮНЕСКА

Мерапрыемства пройдзе ў Кракаве з 2 па 12 ліпеня. Чакаецца, што прыедзе 2 тысячы дэлегатаў з амаль 170 краін. Гэта будзе найбуйнейшае міжнароднае мерапрыемства, арганізаванае ў гэтым годзе польскім урадам.

Катажына Пятроўска з Інстытута нацыянальнай спадчыны чакае, што ў ліпені ў Кракаў прыедзе нават 3,5 тысячы наведвальнікаў з усяго сьвету.

К.Пятроўска: Нам стала вядома, што дэлегаты зьбіраюцца з цэлымі сем’ямі. Гэта два тыдні вакацыяў. Мы чакаем 3,5 тысяч чалавек. Госьці прыяжджаюць з цэлага сьвету і гэта для нас вялікая прамоцыя Польшчы і Кракава. Мы рыхтуем шэраг экскурсій – тэматычных прагулак па Кракаве, і таксама ў іншыя месцы помнікаў Сусьветнай спадчыны.

Польшча ўпершыню стане гаспадаром сэсіі Камітэта Cусьветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі 21 дзяржавы будуць прымаць рашэньні пра ўвод новых аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны ў сьпіс ЮНЕСКА і ацэньваць абарону аб’ектаў, унесеных раней.

Польшча прапануе далучыць да сьпісу шахты руды сьвінцу, срэбра і цынку ў горадзе Тарноўскія горах на поўдні Польшчы.

Калі прапанова будзе прынятая, то гэта будзе 15-е месца ў Польшчы ў сьпісе Сусьветнай cпадчыны ЮНЕСКА.

У сьпіс ужо ўнесены: гістарычны цэнтар Кракава і Варшавы, саляныя шахты Вялічкі і Бохні, нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц-Біркенаў, Белавежская пушча, стары горад Замосьць, сярэднявечны горад Торунь, замак крыжакоў у Мальбарку, цэнтр паломніцтва парк Кальварыя Зэбжыдоўска, Пратэстанцкія храмы ў мясцовасьці Явар і Сьвідніца, драўляныя каталіцкія храмы на поўдні Польшчы, Парк Мускаў, Заля стагодзьдзя ва Ўроцлаве і драўляныя царкоўкі Карпацкага рэгіёну Польшчы і Украіны.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт