Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адбываюцца шэсьці ў абарону сямейных каштоўнасьцяў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.06.2017 13:55
  • шэсьці - сям'я.mp3
Удзельнікі мерапрыемстваў мяркуюць, што сям’я губляе сваю пазыцыю ды аўтарытэт, тэба яе бараніць.
Шэсьце ў Варшаве 11 чэрвеняШэсьце ў Варшаве 11 чэрвеняPAP/Jakub Kamiński

Сям’я – гэта фундамэнт кожнага грамадзтва, яго асноўная інстытуцыя. Вядомая, банальная аксіёма, але ў Польшчы многія мяркуюць, што сям’я губляе сваю пазыцыю ды аўтарытэт, і таму неабходна заняцца яе абаронай. Дзеля гэтага рыхтуюцца шэсьці ў абарону сям’і й жыцьця.

Падобныя шэсьці адбыліся ў мінулую нядзелю ў розных гарадах Польшчы. У Варшаве мерапрыемства прайшло пад лёзунгам «Час сям’і». Яго ўдзельнікі казалі пра важнасьць сямейных каштоўнасьцяў і пашану жыцьця чалавека – ад моманту зачацьця да натуральнай сьмерці. У маршы ўдзельнічалі цэлыя сем’і.

Удзельнікі: Мы хочам прадставіць свае погляды дзякуючы такой маніфэстацыю: сям’я – гэта сьвятасьць, а дзеці – цуд жыцьця, радасьць.

Без сям’і ў нашага народа няма будучыні, і мы хочам пра гэта нагадаць.

Мы прыходзім на шэсьце, каб паказаць, на колькі важнае жыцьцё, як важна бараніць жыцьцё ў нашай краіне.


Удзельнікам шэсьця падзякаваў яго асноўны арганізатар, старшыня Цэнтру падтрымкі ініцыятываў у абарону жыцьця і сям’і Павел Квасьняк.

П. Квасьняк: Дзякую за тое, што вы знайшлі час, за тое, што вы ўсе разам – дзеці, бацькі, дзядулі – прыйшлі сюды, каб адзначыць гэтае сьвята сям’і. Мы рады, што нас на столькі многа – як тут, так і ў іншых польскіх гарадах – Лодзі, Жэшаве, Раве Мазацецкай, Семятычах ды некалькіх дзесятках іншых мясцовасьцяў. Агулам у траўні ды чэрвені шэсьці дзеля жыцьця і сям’і адбудуцца ў амаль 140 гарадах па ўсёй Польшчы.

Шэсьці ў абарону жыцьця і сям’і праходзяць пад патранажам каталіцкага касьцёла, што, канешне, і ня дзіўна. Падзяку і бласлаўленьне выслаў удзельнікам мітрапаліт кардынал Казімеж Ныч. Яго ліст прадставіў Павел Квасьняк.

П. Квасьняк: Дэвіз сёлетняга шэсьця – «Час сям’і» – нагадвае ўнівэрсальны заклік, які датычыць будаўніцтва грамадзтваў і цывілізацыі на фундамэнце сям’і і клопату пра новае жыцьцё. Ксёндз кардынал дзякуе ўсім удзельнікам гэтага важнага мерапрыемства і пры гэтым асаблівую падзяку выказвае за ініцыятыву падтрымкі і збору сродкаў на патрэбы Дому адзінокай маці імя Тэрэсы Стшэмбош у Хылічках.

Домам адзінокай маці ў мясцовасьці Хылічкі кіруюць каталіцкія манашкі. Падчас шэсьцяў вёўся збор сродкаў на дапамогу гэтай установе. Адна з манашак, сястра Сэнта, дзякавала за ахвярнасьць людзей.

Сястра Сэнта: Наш дом на практыцы абараняе жыцьцё, паколькі ён дае дах над галавой жанчынам, якія трапілі ў цяжкую жыцьцёвую сытуацыю. За прыкладна 25 гадоў працы нашага дому ўдалося аказаць падтрымку каля тысячы жанчын. Гэта каля пяцісот жанчын і столькі ж іх дзяцей. Мы дзякуем за ўсе ахвяраваньні, якія дапамогуць нам у нашай працы. Такія месцы зьяўляюцца адказам на заклік папы рымскага Яна Паўла ІІ, каб старацца заўсёды заўважыць таго, каму патрэбная канкрэтная дапамога.

Шэсьці ў абарону жыцьця і сям’і носяць рэлігійны характар, але ўдзельнічаюць у іх ня толькі веруючыя асобы. Марш прайшоў таксама ў Слупску, а на яго прыйшлі ня толькі веруючыя, але й атэісты, – кажа адна з арганізатараў Яанна Каспэрэк і адзначае, што мерапрыемства мае таксама грамадзкае вымярэньне.

Я. Каспэрэк: Мы ад самага пачатку хацелі, каб шэсьце насіла грамадзкі характар. Зразумела, касьцёл падтрымлівае такія ініцыятывы, паколькі ён абараняе дадзеныя каштоўнасьці. Але нашай марай было, каб у шэсьці ўдзельнічалі таксама людзі, якія ня вераць у Бога, але, тым ня менш, для іх важная каштоўнасьць жыцьця і сям’і. Некалькіх такіх атэістаў я сама ведаю.

Акрамя Варшавы, 11 чэрвеня шэсьці ў абарону сям’і і жыцьця адбыліся таксама ў 50 іншых польскіх гарадах. Іх удзельнікі яшчэ раз выказалі патрабаваньне і заклік да кіруючых сілаў, каб як мага хутчэй прыняць законы, якія поўнасьцю забараняюць перарываньне цяжарнасьці ў Польшчы. Акрамя таго, удзельнікі нагадваюць уладам, як цэнтральным, так і муніцыпальным, пра неабходнасьць клапаціцца аб тым, каб сям’я магла разьлічваць на падтрымку і дапамогу, паколькі гэтая асноўная ячэйка грамадзтва перажывае цяпер у Польшчы сур’ёзны крызыс.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт