Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве польскія пацыенты могуць атрымаць новы мэдыцынскі прэпарат

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.06.2017 14:48
Гаворка ідзе пра выкарыстаньне марыхуаны, канабіса, у мэдычных мэтах.
pixabay.com/Public Domain CC0

У польскім Сэйме (ніжэйшай палаце парлямэнту) адбылося другое чытаньне праекту па ўвядзеньні зьменаў у закон аб супрацьдзеяньні наркаманіі. Гаворка ідзе пра выкарыстаньне марыхуаны, канабіса, у мэдычных мэтах. Гэты сродак можна будзе атрымаць у аптэках па рэцэпце ад доктара.

На апошнім этапе разгляду законапраекту ў дакумэнт было ўведзена дапаўненьне, згодна якому сухая канапля можа быць фармацэўтычнай сыравінай. Рэцэпт на марыхуану ў мэдычных мэтах можна будзе атрымаць на падставе нормаў абарачэньня лячэбнымі прэпаратамі паводле спрошчанай рэгістрацыі, – адзначыў у Сэйме дэпутат партыі «Права і справядлівасьць» Гжэгаж Рачак, які прадставіў законапраект.

Г. Рачак: Законапраект у яго канчатковым варыянце – гэта несумненна кампраміс паміж сьветам навукі, які вельмі асьцярожна падыходзіць да лячэбнага дзеяньня канаплі, і сьветам эмоцый. Нельга сказаць, што хтосьці адмыслова хлусіць, але, магчыма, ён вачыма фантазіі бачыць больш, чым на самой справе цяпер можна ўбачыць.

Падчас дапрацоўкі праекту на паседжаньнях сэймавых камісій было вырашана, што сухое зельле канаплі можна будзе купляць за мяжою. Паявіліся галасы сумневу, ці зельля хопіць для ўсіх пацыентаў, якія хацелі б скарыстацца тэрапіяй прэпаратамі на базе марыхуаны. Справа ў тым, што такі імпарт на практыцы магчымы толькі з Галяндыі.

Былы міністар аховы здароўя Барташ Арлуковіч з партыі «Грамадзянская плятформа» заявіў, што на этапе дапрацоўкі законапраекту ў Сэнаце ён унясе дапаўненьне, якое дасьць магчымасьць вырошчваць канаплю ў Польшчы.

Б. Арлуковіч: У нашым дапаўненьні сказана пра дзьве простыя рэчы: лячэбную марыхуану вырошчвае Інстытут валакна, лякарства вырабляе і займаецца яго дыстрыбуцыяй Нацыянальны інстытут лекаў. І такія прэпараты атрымліваюць пацыенты. Яшчэ адна справа – неабходна сачыць за тым, каб лячэбная марыхуана не трапіла ў нелегальнае абарачэньне, каб яе не выкарыстоўвалі ў іншых мэтах, чым лячэньне. І гэта ўсё. Вельмі проста.

Падобнае дапаўненьне намераны ўнесьці, таксама пры дапамозе сэнатараў, іншы дэпутат Пётр Лірой-Мажэц (Piotr Liroy-Marzec). Паводле ягоных словаў, ён адмыслова не падаў прапанову на ўнясеньне зьменаў на этапе працы над законапраектам у Сэйме, каб прыняцьцё закону не было адкладзена на пазьнейшы пэрыяд.

П. Лірой-Мажэц: Мы ведаем, на колькі доўга можа цягнуцца праца над рознымі законапраектамі. Некаторыя праекты чакаюць нават год, паўтара году перад тым, як пачнецца іх разгляд. А гэта вельмі дрэнна для пацыентаў. Таму я схаваў свой гонар у кішэнь, разам з папраўкамі, так як вырашыў, што мы можам унесьці свае прапановы на этапе дапрацоўкі ў Сэнаце, а пакуль што пераканаць дэпутатаў з кіруючай партыі прыняць законапраект, які дасьць пацыентам бесьперапынны доступ да сухой канаплі.

Дыскусія пра магчымасьць дапушчэньня ў сыстэму лячэньня сродкаў, якія ўтрымліваюць канабіноіды, ідзе ў Польшчы ўжо даўно. На дадзены момант прэпараты з канаплі практычна недаступныя, паколькі марыхуана адносіцца да наркатычных рэчываў і падлягае такой жа забароне, як іншыя наркотыкі.

Мэдычная канапля можа выкарыстоўвацца ў шырокім спэктры захворваньняў. Некаторыя дасьледаваньні сьведчаць аб тым, што марыхуана можа станоўча ўзьдзейнічаць на хворых зь цяжкімі паталёгіямі, такімі, як расьсеяны склероз, ВІЧ, ракавыя захворваньні, хвароба Паркінсона, рэўматызм, атртрыт, хранічныя болі ды іншае. Марыхуана можа супрацьдзейнічаць прыступам эпілепсіі, паніжаць ціск у вачах, што прадухіляе глаўкому, запавольваць разьвіцьцё хваробы Альцгеймэра, паляпшаць настрой, а таксама аберагаць мозг пасьля траўмаў ды інсульту. Паводле амэрыканскіх дасьледчыкаў, можна налічыць 21 пункт, па якіх марыхуана прыносіць людзям пазытыўныя эфэкты. Тым ня менш, у большасьці краін яна забаронена, хаця многія лічаць яе больш бясьпечнай, чым алькаголь, які амаль усюды можна купіць легальна.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт