Logo Polskiego Radia
Print

ІНП і МЗС Польшчы падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2017 14:42
  • дамова.mp3
Інстытут нацыянальнай памяці і Міністэрства замежных спраў разам вядуць пошук архіўных дакумэнтаў.
Photo:Adrian Grycuk - Praca własna/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0 pl

Інстытут нацыянальнай памяці і Міністэрства замежных спраў падпісалі пагадненьне пра супрацоўніцтва. Мэта супрацы – распаўсюджваньне салідных і правераных ведаў пра найноўшую гісторыю Польшчы за межамі дзяржавы.

Пагадненьне было падпісана ў будынку Міністэрства замежных спраў Польшчы ў Варшаве. Свае подпісы пад дакумэнтам паставілі міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі і старшыня Інстытут нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк. Асноўная задача ўстановы, у якой працуюць экспэрты па гісторыі – распрацоўка ведаў пра мінулае Польшчы. Як вядома, цягам дзесяткаў гадоў гісторыя краіны прадстаўлялася ў скажоным выглядзе, нельга было казаць пра некаторыя факты, напрыклад, расстрэлы польскіх афіцэраў у Катыні, сталінскія злачынствы... Архівы былі закрытыя. Цяпер неабходна нагнаць гэты прабел, распаўсюджваць веды пра гістарычныя факты як у польскім грамадзтве, так і за мяжою.

Вялікай праблемай для Польшчы зьяўляецца прадстаўленьне ў многіх замежных СМІ гісторыі Другой сусьветнай вайны, напрыклад, вельмі часта паяўляецца фармуліроўка «польскія канцэнтрацыйныя лягеры». Аўтары тлумачаць, што яны мелі на ўвазе геаграфічнае разьмяшчэньне лягераў, а ня тое, што іх засноўвалі палякі, маўляў, усе ж памятаюць, што гэта былі нямецкія лягеры. Але для малодшага пакаленьня, якое ведае пра гісторыю вайны няшмат, такія ілжывыя фармуліроўкі могуць стаць інсьпірацыяй да перайначаньня гісторыі.

Таму неабходнае супрацоўніцтва розных установаў, каб распаўсюджваць сапраўдную гісторыю Польшчы за межамі краіны. І дзеля гэтага ІНП падпісала сёньня пагадненьне з МЗС, каб разам ладзіць розныя праекты. Супрацоўніцтва будзе заключацца, у прыватнасьці, у тым, што МЗС дапаможа інстытуту займацца пошукам і вывучэньнем дакумэнтаў, якія датычаць найноўшай гісторыі краіны. Якія гэта дакумэнты – распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Дармoрас (Karol Darmoros).

К. Дармoрас: Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра прыватныя хатнія архівы, якія павінны быць зьнішчаныя па жаданьні прадстаўніка дадзенай сям’і. Супрацоўніцтва ў гэтай галіне паміж ІНП і МЗС адбывалася і раней, што дазволіла, напрыклад, захаваць каля тысячы чатырохсот архіўных фатаграфій і шасьці кінастужак пэрыяду нямецкай акупацыі. Іх перадаў консулу Польшчы ў Мюнхэне ўнук салдата Вэрмахту. Сярод здымкаў былі ўнікальныя пасьмяротныя фатаграфіі легендарнага маёра Генрыка Дабжаньскага (па мянушцы Губаль). Акрамя таго, месяц таму па ініцыятыве ІНП пачаў дзейнічаць інтэрнэт-партал «Архіў памяці» (archiwumpamieci.pl). На сайце можна пазнаёміцца з дакумэнтамі, якія трапілі ў архіў інстытуту. На партале таксама можна знайсьці зьвесткі, як і каму перадаць хатнія архівы.

ІНП шукае архіўныя дакумэнты ня толькі на тэрыторыі Польшчы, але таксама за межамі краіны, таму інтэрнэт-партал дасьць магчымасьць атрымаць інфармацыю на замежных мовах – па-ангельску і па-расейску.

Міністэрства замежных спраў – гэта ня першая дзяржаўная ўстанова, з якой Інстытут нацыянальнай памяці падпісвае дамову аб супрацоўніцтве. Пад канец жніўня мінулага году падобны дакумэнт быў падпісаны з прадстаўнікамі Міністэрства нацыянальнай адукацыі. У пагадненьні гаворыцца, між іншым, пра больш актыўнае супрацоўніцтва ўстаноў пры падрыхтоўцы праграмаў навучаньня ў школах, якія датычаць найноўшай гісторыі Польшчы. У красавіку бягучага году пагадненьне пра супрацоўніцтва было заключана таксама з Польскім агенцтвам друку.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт